Нягледзячы на тое, што многiя грамадскiя мерапрыемствы адмяняюцца, кожны з нас можа дапамагчы прыродзе самастойна. Напрыклад, сумясцiць прабежкi са зборам смецця.
Па ўсёй краiне працягваецца экалагiчная кампанiя «Добраўпарадкуем малую радзiму!», далучыцца да якой могуць усе ахвотныя. Кампанiя iдзе з 2018 года i ўключае ў сябе розныя мерапрыемствы: пасадку дрэў, уборку смецця, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, дзiцячых пляцовак, экалагiчных сцежак i г. д.
— У сакавiку — красавiку можна было ўзяць удзел у азеляненнi тэрыторый, — расказала намеснiк начальнiка ўпраўлення аналiтычнай работы, навукi i iнфармацыi Мiнпрыроды Алена МЕЛЯШКОВА. — Калi вы таксама хацелi б пасадзiць дрэва, то восенню, калi адновяцца гэтыя работы, неабходна будзе патэлефанаваць у тэрытарыяльны орган Мiнпрыроды — абласны камiтэт цi раённую iнспекцыю — i прапанаваць месца, якое вы хочаце азелянiць. Калi яно прыдатнае па розных параметрах, будзе арганiзавана пасадка. Пры гэтым мы прапануем ахвотным самiм браць удзел у такiх мерапрыемствах. Увогуле дапамога грамадзян, юрыдычных асоб у рабоце па навядзеннi парадку мае для нас вельмi вялiкае значэнне. Мiнпрыроды вiтае i гатова аказаць садзейнiчанне кожнай з экалагiчных акцый i iнiцыятыў грамадскасцi.
Так, можна ўзяць удзел у забегах плогераў. Год таму ў нашай краiне стартаваў праект Рlоgging Bеlаrus, якi прапануе ўсiм ахвотным сумясцiць карысныя заняткi — умацаваць сваё здароўе i дапамагчы прыродзе. I хоць зараз усе мерапрыемствы праекта адменены, яго каманда прапануе «плогiць» самастойна i выкладваць свае фатаграфii ў сацыяльныя сеткi з хэштэгамi #plogging #ploggingbelarus, каб дзялiцца матывацыяй з iншымi!
— Калi будзе магчыма, плануем зрабiць тур па невялiкiх гарадах i правесцi забегi там. Верагодна, пачнём з пяцi гарадоў, а калi ўсё пойдзе паспяхова, пашырым геаграфiю. Вядома, хочацца дабiцца таго, каб людзi займалiся плогiнгам i без нашых забегаў, асаблiва цяпер, таму ўсiх заклiкаем да гэтай карыснай справы! — адзначыў арганiзатар праекта Аляксандр БЕЎЗ.
Сёння плогiнг — гэта папулярны экалагiчны рух, але яшчэ тры гады таму пра яго нiхто не ведаў. Усё пачалося ў Швецыi з неабыякавых людзей, якiя на прабежцы збiралi смецце i затым выкладвалi яго фатаграфii ў сацыяльныя сеткi, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Экаактывiст Эрык Альстром вырашыў зрабiць гэтыя забегi арганiзаванымi i запусцiў праект Рlоggа. Пасля чаго да руху далучылася больш за 40 краiн.
Першы плогiнг-забег у Мiнску прайшоў у мiнулым годзе 1 мая. Усяго летась адбылiся чатыры забегi, падчас якiх энтузiясты сабралi амаль 1400 кiлаграмаў смецця. Тое, што было магчыма, здалi на перапрацоўку.
Кацярына ЦIТОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kacyaryna-kireeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody
[4] https://zviazda.by/be/tags/navakolnae-asyaroddze
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya