Класiку беларускай лiтаратуры Уладзiмiру Караткевiчу прысвечаны многiя паэтычныя творы. У свой час была выдадзена кнiга «Уладзiмiр Караткевiч: вядомы i невядомы». I адзiн з яе раздзелаў выдаўцы склалi з вершаў-прысвячэнняў. Пры ўмове, што там былi сабраны далёка не ўсе творы, прысвячэнняў аказалася недзе каля 60 (!). У Леанiда Дранько-Майсюка нават дзве «караткевiчаўскiя» паэмы. Апошнiм часам з'явiлiся вершы-прысвячэннi Уладзiмiру Карткевiчу i ў iншых нацыянальных паэзiях: рускай (Юрый Шчарбакоў), чувашскай (Валерый Тургай), украiнскай (Глеб Кудрашоў), чачэнскай (Адам Ахматукаеў), сербскай (Даяна Лазаравiч)... Толькi што Мiкола Мятлiцкi пераклаў яшчэ адзiн чувашскi верш, прысвечаны беларускаму мастаку слова, — «Памяцi У. С. Караткевiча» . Аўтар — народны паэт Чувашыi Юрый Семяндэр. Паэт з Чэбаксар бываў у Беларусi, добра ведае беларускую лiтаратуру ранейшых дзесяцiгоддзяў. Перакладаў беларускую паэзiю на чувашскую мову. А зараз вось прычынiўся да нашай беларускай старонкi i такiм чынам...
Кастусь Ладуцька
Юрый СЕМЯНДЭР, народны паэт Чувашыi
Памяцi У. С. Караткевiча
Ў беларускай паэзii
Многа слаўных сыноў:
I Купала, i Колас,
I Танк, i Гiлевiч...
Вельмi кметна памiж
Самых зыркiх сцягоў
Развiнуўся душой
Караткевiч.
Па-чувашску чытаем
Шамякiна мы,
Сталi блiзкiмi Мележ,
Алесь Адамовiч...
Ды як зорка мiж iх,
Як агонь-дынамiт —
Узрыўны i гарачы заўжды
Караткевiч.
Макаёнак Андрэй
Ў Чэбаксарах як свой,
Любы Дудараў нам,
Не чужы — Рамановiч...
Верым мы: будзе з намi
Твой кожны герой,
Майстар сонечных п'ес
Цiмер наш Караткевiч.
Пераклад з чувашскай Мiколы Мятлiцкага
Цiмер (чув.) — Уладзiмiр.
Прэв'ю: ru.depositphotos.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kastus-laducka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich