На адным з дамоў аграгарадка Смальяны, што на Аршаншчыне, намалявана вось гэтая птушка. У доме трыццаць гадоў жыве сям'я Сяргея i Iрыны Мiрановiчаў. Столькi гадоў i птушцы. Аўтар малюнка — сама Iрына Паўлаўна. Жанчына назвала свой твор «Птушка шчасця».
— Калi мы засялiлiся ў гэты дом, гэта было ўжо шчасцем. Марылi пра вялiкую i дружную сям'ю, — кажа гаспадыня. — Тады я i намалявала
сваю птушку, якая аберагае сямейны ачаг. Аказалася, што гэта быў сапраўдны талiсман.
Цяпер у Iрыны i Сяргея цудоўная сям'я: двое сыноў i дачка ўжо выраслi, стварылi свае сем'i, ёсць двое ўнукаў. Сама Iрына шмат гадоў працуе паштальёнам на мясцовым аддзяленнi сувязi — з газетамi, часопiсамi i лiстамi яна жаданая ў кожным доме аднавяскоўцаў. Калiсьцi здольнасць да творчасцi адкрыў у ёй школьны настаўнiк малявання. I хоць яна не стала прафесiйным мастаком, прысвяцiла сябе дзецям i ўнукам — але часта бярэ пэндзаль у рукi i малюе. Кожны год паднаўляе i гэты сямейны талiсман.
Мне пашчасцiла ўбачыць i сфатаграфаваць усю сям'ю Мiрановiчаў — тое самае шчасце, пра якое калiсьцi марыла гаспадыня.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya