У інтэрнэце ёсць відэазапіс новай песні “Ода Беларусі” кампазітара Сяргея Ціханава на верш Станіслава Валодзькі. Яе выконвае мінскі гурт “Бацька Атаман”.
Паэтычная творчасць Станіслава Валодзькі даўно вядомая, вершы пайшлі ў народ — мноствам песень. Гучаць яны і на розных імпрэзах у беларускіх суполках замежжа. Час ад часу ўраджэнец Астравеччыны, які актыўна далучаны да шматплыннага беларускага жыцця ў Даўгаўпілсе, дасылае ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” новыя песні, што з’яўляюцца ў садружнасці з рознымі кампазітарамі.
Нядаўна Станіслаў, з якім у нас даўняя творчая супраца, падзяліўся тэкстам “Ода Беларусі” ды спасылкай на новую песню. А ў хуткім часе па нашай просьбе даслаў невялічкі тэкст пад назвай “Песня збліжае людзей”. “Аднойчы ў магазіне заспела мяне тэлефанаванне: Сяргей Ціханаў з‑пад Мінска павядоміў, што, напаткаўшы ў інтэрнэце мой верш “Ода Беларусі”, паклаў яго на музыку,— піша зямляк.— Чым вельмі парадаваў мяне. Неўзабаве ён даслаў відэазапіс песні ў сваім выкананні. Песня прыйшлася да душы спеваку з Вісагінаса Сяргею Шабадалаву, і ён адкрываў ёй канцэрты на штогадовым Свяце беларускай песні ў Літве. Якое — рухомае. Так што гучала “Ода Беларусі” ў Швянчонісе, Шальчынінкаі ды Вісагінасе, паспяхова выступаў з ёй Сяргей на імпрэзах у іншых гарадах Латвіі, у Мінску”.
Добрыя песні — разыходзяцца па свеце. І вось праз сацсеткі паэту даслаў вітанне Уладзімір Куксянкоў, кіраўнік гурта “Бацька Атаман” з Мінска. Паведаміў: ад Сяргея Ціханава гурт узяў у рэпертуар песню “Ода Беларусі”. А нядаўна ў нэце з’явіўся запіс песні. З пазнакай, што “Ода Беларусі” гучала 9 Мая на радыё Беларусь 1 і прысвячалася 75‑годдзю Вялікай Перамогі.
Прыгожы відэасюжэт, зроблены пад песню, цяпер можна паслухаць-паглядзець, падказвае Станіслаў Валодзька, на сайце Амбасады Беларусі ў Латвіі. Адкрываем там раздзел “Беларусы Латвіі”, знаходзім рубрыку “Навіны беларускіх таварыстваў”, слухаем, глядзім — і падпяваем! А душы ў гэтым праекце ўкладзена вельмі шмат. Чуллівыя сэрцы беларускія адгукаюцца на словы, мелодыю, пейзажы родныя — вокамгненна. Дзякуй усім, хто спявае Оду Беларусі!
Іван Іванаў
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-10-2020-small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy