Сямнаццацiгадовы выпускнiк Лiцэя БДУ Дзмiтрый МАКАРАЎ — абсалютны пераможца сёлетняга рэспублiканскага этапу алiмпiяды па астраномii: ён набраў максiмальную колькасць балаў! Што думае пра свой поспех юнак i як дабiцца такога ж вынiку тым, хто захапляецца навукай?
— Астраномiяй я пачаў займацца ў дзясятым класе — менавiта тады ў школе з'явiўся гэты прадмет. Ён мяне зацiкавiў, таму вырашыў паехаць на алiмпiяду. Аднак прызавога месца на рэспублiканскiм этапе з першай спробы не ўзяў i працягнуў рыхтавацца да наступнага. На працягу амаль года наведваў факультатывы, але ў большасцi ўсё ж такi ўдасканальваў свае веды самастойна. Астраномiя — гэта злучэнне тэорыi i практыкi, трэба ўмець рашаць складаныя задачы i добра ведаць шматлiкiя назвы зорак i сузор'яў. Часам на пэўныя пытаннi не знаходзяцца адказы, патрэбна прыкласцi шмат намаганняў, аднак я прывык упарта iсцi да сваёй мэты.
Дзiма прызнаўся, што сёлета, калi ўзяў дыплом I ступенi на рэспублiканскiм этапе алiмпiяды, адразу не паверыў, бо разлiчваў на больш сцiплы вынiк. «Аднак безумоўна прыемна атрымаць абсалютную перамогу. Наступны крок — мiжнародны этап, якi павiнен прайсцi ў вераснi», — расказаў хлопец i дадаў, што сакрэту, як стаць найлепшым у навуцы, не ведае. «Напэўна, трэба шмат чытаць, цiкавiцца ўсiм, што вас акружае. I, самае галоўнае, пагружайцеся ў тое, што вас захапляе, з галавою, — разважае ён. — Такiм чынам можна зрабiць шэраг адкрыццяў. Дарэчы, мае веды ў астраномii дапамагаюць у звычайным жыццi: напрыклад, карысна ведаць, як працуюць аптычныя прыборы, што такое часавыя паясы i гэтак далей. Увогуле цяпер мне цiкавыя мадэляванне i iнжынерная справа, гэтым займаюся з дзяцiнства. А сваю будучыню хачу звязаць з IT-сферай».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота дадзена героем
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/astranomiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/respublikanskaya-alimpiyada
[6] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-na-marshy