Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi адкрые трэцi працоўны семестр у Дзень моладзi.
Дзяржаўная падтрымка студатрадаўскага руху спрыяе яго развiццю. У лютым бягучага года выйшаў указ Прэзiдэнта аб арганiзацыi дзейнасцi студэнцкiх атрадаў. Дакумент значна спрашчае працэдуру iх узгаднення i пашырае паўнамоцтвы мясцовай вертыкалi. Ва ўказе канкрэтызавана паняцце «студэнцкi атрад», вызначаецца ўзрост маладых грамадзян, якiя могуць весцi працоўную дзейнасць у iх складзе, — ад 14 да 31 года. Замацоўваецца магчымасць сумяшчаць навучальную i вытворчую практыку з работай у студэнцкiм атрадзе пры ўмове яе адпаведнасцi спецыяльнасцi, якую атрымлiвае малады чалавек: напрыклад, гэта змогуць зрабiць педагогi, iнжынеры-будаўнiкi цi медыцынскiя работнiкi. Студэнцкiм атрадам таксама даецца права весцi дзейнасць круглы год, калi яна не перашкаджае адукацыйнаму працэсу.
«Студатрадаўскi рух у нашай краiне — гэта адзiн з самых папулярных кiрункаў дзейнасцi БРСМ, якi мае даўнюю гiсторыiю i традыцыi, — падкрэслiвае камандзiр Рэспублiканскага штаба студэнцкiх атрадаў Надзея ШАХОЎСКАЯ. — Студатрады — не толькi добрая школа для моладзi, але i сур'ёзны кадравы рэзерв, у iх загартоўваюцца будучыя кiраўнiкi прадпрыемстваў i арганiзацый. У хлопцаў i дзяўчат фармiруюцца вельмi важныя навыкi прафесiйнай работы ў камандзе. У будаўнiцтва ўсiх важных аб'ектаў, якiмi ганарыцца Беларусь, зрабiлi свой унёсак i байцы студэнцкiх атрадаў: гэта Нацыянальная бiблiятэка, Алiмпiйскi камiтэт, Палац Незалежнасцi, Дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, БелАЭС, рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, Косаўскага замка i многiя iншыя».
Статус абласной i Мiнскай гарадской маладзёжнай будоўляў у 2020 годзе прысвоены шэрагу аб'ектаў. У Вiцебскай вобласцi гэта будаўнiцтва iнжынерна-транспартнай iнфраструктуры мiкрараёна Бiлева на праспекце Будаўнiкоў у абласным цэнтры, а таксама рэканструкцыя пуцеправода «Полацкi». У Гродне — рэканструкцыя комплексу будынкаў гарадской клiнiчнай бальнiцы № 3 пад абласны анкалагiчны дыспансер. У Магiлёве — будаўнiцтва палiклiнiкi ў жылым раёне Казiмiраўка. У сталiцы маладзёжнай будоўляй па-ранейшаму з'яўляецца будаўнiцтва метрапалiтэна. Будуць задзейнiчаны студатрады (прыкладна 100 чалавек) i на ўзвядзеннi аб'ектаў сацыяльнай iнфраструктуры ў Астраўцы. Увогуле за апошнiя пяць гадоў на розных аб'ектах БелАЭС папрацавала больш за дзве тысячы байцоў з беларускiх i расiйскiх атрадаў. Сёлета ЗАТ «Атлант» запрашае на работу больш за 500 чалавек. Гатова ўзяць моладзь на збор лясных ягад i прыватная арганiзацыя, якая плацiць добрыя грошы.
Увогуле заробкi ў студэнцкiм атрадзе залежаць ад яго профiлю i ўзросту байца. Усяго дзейнiчаюць сем профiляў атрадаў: педагагiчны, сельскагаспадарчы, сэрвiсны, вытворчы, медыцынскi, экалагiчны i будаўнiчы. У педагагiчных i медыцынскiх атрадах, як правiла, пераважаюць дзяўчаты, але знаходзiцца iм прымяненне, як высвятляецца, i ў будаўнiчых атрадах — прадстаўнiц слабага полу там ад 10 да 15 працэнтаў.
Запiс у студэнцкiя атрады працягваецца. Ён праходзiць пераважна анлайн у групах БРСМ у сацсетках з выкарыстаннем тэхналогii QR-кода i хэштэгаў #Выбiраем-студатрад!, #Студатрад, #Працуем_разам!, #БСА. Можна таксама звярнуцца ў пярвiчную арганiзацыю БРСМ па месцы вучобы, у раённы цi абласны камiтэт БРСМ.
Для таго каб трапiць у студатрад, патрабуюцца жаданне, здароўе i наяўнасць пэўнай квалiфiкацыi, калi размова iдзе пра работу на будаўнiчых аб'ектах, у медыцынскiх установах цi з дзецьмi.
У папярэднiя гады беларускiя хлопцы i дзяўчаты выязджалi ў складзе студатрадаў у Расiю (на Дальнi Усход, у Сiбiр, Санкт-Пецярбург, Маскоўскую вобласць, на Чарнаморскае ўзбярэжжа) i ў Малдову — на збор вiнаграду i персiкаў. Але эпiдэмiялагiчная сiтуацыя сёлета ўносiць свае карэктывы. Пачатак першай змены ў беларускiх аздараўленчых лагерах быў пасунуты. Хоць для студэнцкага педагагiчнага атрада «Сузор'е» з БДПУ працоўны семестр ужо стартаваў: яшчэ ў канцы мая будучыя педагогi накiравалiся ў Нацыянальны дзiцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», каб працаваць з дзецьмi.
Па апошняй iнфармацыi Рэспублiканскага штаба студэнцкiх атрадаў, пра сваё жаданне працаваць у трэцiм семестры заявiлi ўжо 20 тысяч чалавек. А ўсяго для моладзi створана больш за 29 тысяч працоўных месцаў.
Надзея НIКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/pracouny-semestr
[5] https://zviazda.by/be/tags/studatrad