У першым квартале ўзаемны тавараабарот паміж Беларуссю і Аўстрыяй павялічыўся на 5%. Аб гэтым паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка сёння падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аўстрыі ў Беларусі Алаізіяй Вёргетэр.
Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што папярэдняя сустрэча адбылася напярэдадні першага афіцыйнага візіту [4] Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю. Тады быў дасягнуты шэраг прынцыповых дамоўленасцяў у вобласці эканомікі, прамысловасці, сувязі.
«Нават у гэтых няпростых умовах пандэміі за першы квартал узаемны тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі ўзрос у дачыненні да першага квартала 2019 года на пяць працэнтаў. Важна, што ў рамках візіту наш Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй Нацыянальнага савета Аўстрыі спадаром Саботкам. Мы лічым, што гэта новая старонка ў нашых міжпарламенцкіх адносінах», — працягнуў спікер Палаты прадстаўнікоў, запрасіўшы аўстрыйскіх дэпутатаў наведаць Беларусь.
Алаізія Вёргетэр адзначыла, што разуменне парламентарыямі Беларусі значна ўзрасло пасля адкрытага выступлення Аляксандра Лукашэнкі. І дзякуючы гэтаму Вольфганг Саботка прыхільны да далейшага развіцця адносін з Беларуссю.
У красавіку Вольфганг Саботка запрасіў Уладзіміра Андрэйчанку правесці двухбаковую сустрэчу падчас V Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў (19–21 жніўня 2020 года ў Вене). Сёння Уладзімір Андрэйчанка выказаў цвёрды намер прыняць удзел у рабоце канферэнцыі ў выпадку яе правядзення і гатоўнасць правесці такую сустрэчу.
«Нам ёсць аб чым сказаць, таму што палітыка Беларусі і ўнутраная, і знешняя накіравана на ўмацаванне міра, стабільнасці, узаемнага даверу», — звярнуў увагу старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] http://zviazda.by/be/news/20191111/1573485628-pachausya-aficyyny-vizit-lukashenki-u-austryyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/austryya