Яшчэ ў красавіку аналітыкі ад надвор'я абяцалі нам суперспякотнае лета. Потым быў халодны май, пасля якога многія на доўгачасовыя прагнозы проста махнулі рукой. А дарма. Паводле звестак сіноптыкаў, пад уплывам субтрапічнага паветра ў краіне ўсталявалася вельмі цёплае надвор'е. У сераду ў разгар дня тэмпература паветра склала плюс 26–34 градусы, а ў Мінску было 32 цяпла. На некаторых метэастанцыях, у тым ліку ў сталіцы, быў перавышаны рэкорд дня.
Але сітуацыя ў атмасферы пачынае змяняцца. У Беларусі ў выхадныя месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Уся справа ў тым, што над скандынаўскім паўвостравам набірае сілу халодны антыцыклон «Томас». Адціскаючы на поўдзень анамальна цёплае паветра, ён прынясе паслабленне спякоты і аднаўленне звычайнага чэрвеньскага тэмпературнага рэжыму ў краіне. Такім чынам, у суботу тэмпература паветра ўначы будзе ад плюс 15 да плюс 21 градуса, па поўначы краіны — 13–14 цяпла. Удзень паветра прагрэецца да 19–26 цяпла, а ў паўднёвых раёнах — ад плюс 27 градусаў да плюс 30. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Вецер будзе паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты.
У нядзелю «Томас» на ўсю сілу «расправіць плечы», а прахалода будзе прабівацца далей на поўдзень. У гэты дзень тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе плюс 11–17 градусаў, а ўдзень — 16–23 цяпла . Але па паўднёвым усходзе краіны ўначы чакаецца ад плюс 18 да плюс 19 градусаў, а ўдзень у гэтым рэгіёне паветра прагрэецца да 24–27 цяпла. Уначы месцамі, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі рэгіёна чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні парывісты.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня паўночна-ўсходні вецер зменіцца на паўднёва-заходні, і тэмпература зноў пачне павышацца. У панядзелак чакаецца пераменная воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у дзённыя часы ў асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе ад плюс 11 да плюс 18 градусаў, удзень чакаецца 20–26 цяпла. У паўднёва-ўсходнім рэгіёне паветра ў дзённыя часы прагрэецца да плюс 29 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/leta