Раскошнае цвіценне півонь кожную вясну ўпрыгожвае сады вакол нашы двары і падворкі. Гэтыя кветкі непатрабавальныя і, правільна пасаджаныя, дзясяткі гадоў растуць на адным месцы. Аднак кветкаводы-пачаткоўцы нярэдка скардзяцца на тое, што півоні ў іх не зацвітаюць. Прычын для гэтага можа быць некалькі.
Пажадана не дапускаць ападання пялёсткаў на лісце, бо пры гэтым на лісці адразу ж (у вільготнае надвор'е або ад расы) утвараюцца плямы шэрай гнілі — вельмі небяспечнай хваробы півонь. Калі кветкі страцілі дэкаратыўнасць — адцвілі, — зрэжце іх галоўкі да першага зялёнага лістка і прыбярыце з участка, каб не было гнілі.
Вельмі карысна перыядычна праводзіць прафілактычныя апырскванні півонь супраць шэрай гнілі — двойчы да цвіцення (у перыяд масавага адрастання парасткаў і ў перыяд бутанізацыі) і двойчы пасля цвіцення — супраць плямістасці. Апырскваць лепш хлоракісам медзі (40 г/10 л вады).
Калі купілі дзялёнку півоні вясной, адразу ў грунт яе лепш не высаджваць! Пасадзіце ў гаршчок і ўкапайце яго на абраным месцы (не забывайце паліваць!). Інакш півоня аслабне, не маючы магчымасці нармальнага атрымання пажыўных рэчываў і выкарыстоўваючы для гэтага запасы з уласнага карэнішча. У жніўні можна выняць расліну з гаршка і пасадзіць у зямлю па ўсіх правілах, бо толькі пры восеньскай пасадцы ў півонь з'яўляюцца дробныя ўсмоктвальныя карэньчыкі.
Каб атрымаць буйныя шапкі кветак, за час бутанізацыі два разы паліце іх водным растворам мачавіны (1:10).
Вельмі адказны перыяд жыцця півонь — месяц-паўтара пасля цвіцення. У гэты час ідзе закладка і развіццё пупышак аднаўлення — тых, якія будуць цвісці на наступны год ці праз два гады. Для пышнага цвіцення півонь у будучым годзе патрэбныя падкормкі калійнымі ўгнаеннямі (сульфат калію, калімагнезія і іншыя). Выдатна рэагуюць яны і на арганічныя падкормкі. З гэтай мэтай многія кветкаводы асцярожна закопваюць неглыбока па перыметры куста бульбяныя шалупіны, размочаныя хлебныя скарынкі і іншыя здробненыя харчовыя адкіды. Можна выкарыстаць і вадкае «зялёнае ўгнаенне» — настой пустазелля.
Калі кусты выраслі досыць вялікія, трэба паставіць падпоркі, а пасля таго як адцвітуць півоні, прыбраць іх.
Ірына Тамковіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/krynichka