На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі падыходы па ўдасканаленні мер адміністрацыйнай адказнасці.
У Палацы Незалежнасці сабраліся кіраўнікі ўрада, парламента, Вярхоўнага суда, профільных ведамстваў. Да разглядання гэтай тэмы звярталіся [4] ў леташнім снежні — тады на нарадзе быў выяўлены шэраг сістэмных недахопаў. Аляксандр Лукашэнка ўжо прыводзіў канкрэтныя лічбы: толькі за пяць гадоў у Беларусі зарэгістравана ледзь не 16 мільёнаў парушэнняў, за якія да адказнасці прыцягнутыя больш за тры мільёны грамадзян.
Для змянення сітуацыі Прэзідэнт прыняў рашэнні і даў адпаведныя даручэнні: яны тычыліся павелічэння хуткаснага рэжыму, аптымізацыі размяшчэння сродкаў фота- і відэафіксацыі, узмацнення прафілактычнай работы з насельніцтвам.
Для навядзення парадку ў заканадаўстве была створана міжведамасная экспертная камісія пад началам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс. У выніку маштабнай работы, праведзенай камісіяй за паўгода, падрыхтаваны два новыя кодэксы аб адміністрацыйнай адказнасці. У іх напісанні былі задзейнічаны дзяржорганы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейскі карпусы, вучоныя, юрыдычная грамадскасць.
«Камісіяй быў выбудаваны эфектыўны канал сувязі з насельніцтвам. Скрупулёзна вывучаны праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца практычна кожны дзень, і выпрацаваны аптымальныя прававыя мадэлі іх рашэння. Абсалютна перакананы: толькі такім чынам могуць быць падрыхтаваны сапраўды справядлівыя і вельмі патрэбныя грамадству законы. Дадзены вопыт належыць узяць на ўзбраенне і новаму складу ўрада», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар падкрэсліў, што следам за кодэксамі трэба перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроўню — прычым вельмі хутка, пажадана да Новага года. З іх трэба прыбраць залішнія бюракратычныя патрабаванні, удакладніў ён. Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб’ектыўна неабходныя: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый.
«Не трэба чапляцца да людзей па дробязях. Напрыклад, навошта штрафаваць сталую жанчыну, якая ля дарогі прадае, напрыклад, вядро яблык ці бульбы, прытым з уласнага агароду? Я думаю, лепш будзе, калі мы паўсюль (хоць складана ўжо сказаць, дзе іх толькі няма) арганізуем міні-рынкі, паставім прылаўкі каля вёсак ці ў людных месцах. А ў астатнім — нам проста не трэба перашкаджаць людзям жыць і працаваць. Тры гады таму ў рамках лібералізацыі бізнес-клімату мы пачалі займацца падобнай працай. Яна не павінна спыняцца. Гэта прамое даручэнне. Пастаянна трэба думаць, як працаваць з людзьмі. Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць», — запатрабаваў Прэзідэнт.
У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў нашумелую бальную сістэму, прапанаваную ДАІ. Яна, можа, і неблагая, прыжылася ў многіх краінах, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, але вывучанае грамадскае меркаванне паказала, што ў Беларусі такой сістэме пакуль няма даверу. Таму ў канчатковым выглядзе ў гэтым дакументах павінны быць у поўнай меры ўлічаны інтарэсы як дзяржавы, так і простых грамадзян, абазначыў лідар краіны. На яго погляд, асобныя шурпатасці можна скарэктаваць пры дапрацоўцы ў Палаце прадстаўнікоў. Аднак па асноўным канцэптуальным палажэнням праектаў удзельнікі нарады павінны вызначыцца ўжо сёння.
Сярод пытанняў, адказаў на якія чакаў Прэзідэнт ад удзельнікаў нарады, — прынцып прафілактычнай работы з насельніцтвам па лініі органаў унутраных спраў.
«Гэта вельмі важны складнік, па сутнасці, міліцыя заўсёды была і будзе бліжэй за ўсё да людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб дамоўленасці, што пасля прапрацоўкі кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці надыдзе чарга і іншых законаў, якія тычацца крымінальнага права і многіх іншых.
«Прайшло нямала часу, калі мы прымалі гэтыя кодэксы. Жыццё змянілася. І вядома, новыя законы і дзеючыя законы павінны адпавядаць рытму, ладу жыцця нашых грамадзян і функцыянавання нашай дзяржавы. Таму настаў час узяцца за гэту цяжкую, карпатлівую, часам нелюбімую і брыдкую працу (памятаю гэта з парламенцкай сваёй дзейнасці). Таму буду ўдзячны ўсім тым юрыстам, эканамістам, дзяржслужачым, усім, хто падключыцца і дапаможа нам асучасніць, прыблізіць да жыцця тое заканадаўства, якое сёння існуе ў Беларусі. Узяўшы яго, натуральна, за аснову», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.
Ён упэўнены: не трэба ў выніку рэформ «ламаць усё да аснавання і разлічваць потым нешта на абломках пабудаваць». «Трэба ісці тым жа шляхам, як пры падрыхтоўцы новых кодэксаў, — ад жыцця, улічваючы ўжо зробленае», — заўважыў Прэзідэнт.
Як далажыла кіраўніку дзяржавы Вольга Чупрыс, у аснову працы над кодэксамі пакладзена вырашэнне дзвюх узаемазвязаных задач: пашырэнне прафілактычнага ўздзеяння і зніжэнне карнага ўхілу.
«Усе правапарушэнні былі раздзелены на тры групы. Да першай аднесены такія віды правапарушэнняў, якія мы назвалі «праступкі». Іх каля 26%. Гэта, напрыклад, курэнне ў пад’ездзе, парушэнне тэрмінаў пастаноўкі на ўлік у падатковай інспекцыі. Большасць з гэтых правапарушэнняў з’яўляюцца нязначнымі», — паведаміла кіраўнік міжведамаснай экспертнай камісіі.
За праступак, здзейснены ўпершыню, будуць выкарыстоўвацца меры прафілактычнага ўздзеяння з абавязковай фіксацыяй. У выпадку паўторнага правапарушэння на працягу года асоба падвергнецца больш жорсткай меры адказнасці, напрыклад, штрафу, удакладніла Вольга Чупрыс.
Пашырана вілка штрафаў
Што да зніжэння карнага ўхілу, на практыцы з гэтым назіраюцца праблемы. Напрыклад, за шэраг правапарушэнняў устанаўліваецца вузкая вілка штрафаў.
«Правяраючы кажа: разумею, што сыходзячы з сітуацыі, можна накласці і меншы памер штрафу. Таму мы перагледзелі ўсе такія склады практычна ў ручным рэжыме, паглядзелі, дзе можна знізіць ніжнюю мяжу штрафаў, а дзе можна яе ўвогуле прыбраць, каб гэта вілка была пашырана», — растлумачыла журналістам Вольга Чупрыс.
Гэта было зроблена з улікам інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб і зыходзячы з іх пажаданняў. Дарэчы, каля дзве тысячы прапаноў паступіла ад грамадзян. Шэраг нормаў, якія спачатку выключылі, вярнулі пасля прапаноў і абгрунтаванняў простых беларусаў. Каля пяцісот прапаноў атрымала экспертная група і ад парламентарыяў — шмат з іх былі рэалізаваныя.
Як паведаміла Вольга Чупрыс, асобным раздзелам выдзелены правапарушэнні непаўналетніх. Асноўны прынцып — непаўналетніх трэба не караць, а ў першую чаргу выхоўваць.
З’явіўся і новы від спагнанняў — грамадскія работы. Гэта альтэрнатыўная да штрафаў і адміністрацыйнага арышту мера будзе рэалізоваўцца судамі за асобныя парушэнні.
«Там, дзе асоба, напрыклад, не можа заплаціць штраф і гэта ўстаноўлена, то з яе згоды ёй могуць быць прызначаны грамадскія работы. Адпаведна, яны не носяць прымусовага характару», — удакладніла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Праекты кодэксаў прайшлі грамадскае абмеркаванне, атрымалі падтрымку насельніцтва і ўхваленне ўсіх зацікаўленых органаў. Сёння Прэзідэнт даручыў не адкладаць рашэнні па гэтых пытаннях і ў самы кароткі час унесці праекты на разгляданне ў парламент, а паралельна ўдасканальваць галіновае заканадаўства.
Варвара МАРОЗАВА
Прэв'ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://www.zviazda.by/be/news/20191216/1576486862-prezident-patrabue-sfarmavac-aptymalnyya-umovy-dlya-vykanannya-pravil
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/administracyyny-kodeks