Канал «Культура» Беларускага радыё запрашае прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча выступіць у эфіры з любімымі творамі, напісанымі пісьменнікам. З ліпеня творчая група радыёстанцыі абвяшчае інтэрактыўны конкурс чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду».
Праект прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры і 95-годдзю Беларускага радыё. Тым, хто жадае прадставіць уласнае чытанне сваіх любімых вершаў пісьменніка, неабходна да 30 верасня даслаць на электронную пошту kultura_konkurs@tvr.by аўдыя- ці відэафайл з выбраным творам. Фіналістаў адбору вызначыць прафесійнае журы ў кастрычніку. Акрамя гэтага, галасаванне за найлепшага чытальніка вершаў Уладзіміра Караткевіча пройдзе ў інтэрнэце.
— Творчасць Уладзіміра Сямёнавіча прыцягвае ўвагу чытачоў самых розных узростаў. Таму мы не абмяжоўваем удзельнікаў: гэта могуць быць і школьнікі малодшых класаў, і прафесійныя акцёры, і аматары. Усе ўмовы правядзення творчага спаборніцтва можна знайсці на нашым сайце www.radіokultura.by, — адзначае дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок.
Выступленні найлепшых чытальнікаў конкурса «Быў. Ёсць. Буду» прагучаць у эфіры канала «Культура» ў дзень нараджэння пісьменніка — 26 лістапада. Таксама пераможцы атрымаюць дыпломы і памятныя прызы ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
«Дзякуючы конкурсу нашы слухачы змогуць яшчэ раз акунуцца ў прыгожы і рамантычны свет вершаў цудоўнага паэта, адчуць усё хараство нашай роднай мовы і вялікі патрыятычны напал, уласцівы кожнаму радку, напісанаму рукой Уладзіміра Караткевіча», — дадае намеснік дырэктара радыёстанцыі пісьменнік Навум Гальпяровіч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura