Гэтымi днямi надвор'е ў Беларусi яшчэ фармiруе цёплае паветра, але паўночна-заходнiя рэгiёны ўжо прыкрытыя аблокамi. Гэта адбiваецца ўплыў франтальнага падзелу, якi прыносiць змены ў характары надвор'я. Услед за атмасферным фронтам на тэрыторыю нашай краiны пачне распаўсюджвацца халаднаватае паветра са Скандынаўскага паўвострава, паведамляюць спецыялiсты Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.
Ужо сёння на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць дажджы. А тэмпература ўсталюецца кантрасная — ад плюс 16 градусаў да 23–28 цяпла ў паўднёва-ўсходнiх раёнах. У сераду надвор'е ў нашым рэгiёне пачнуць фармiраваць прахалодная паветраная маса i малаактыўныя атмасферныя франты. Будзе воблачна з праяс-неннямi. Уначы па ўсходзе, удзень месцамi па краiне пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах — навальнiцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 7 да 14 градусаў, ды i ўдзень будзе адносна халаднавата — 17–22 градусаў вышэй за нуль.
Подых марскога паветра мы адчуем у чацвер. У гэты дзень адаб'ецца ўплыў няўстойлiвай свежай паветранай масы, якая паступае з Балтыйскага мора. Будзе воблачна з праясненнямi. Уначы месцамi, а ўдзень на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць невялiкiя кароткачасовыя дажджы. Уначы i ранiцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца заходнi, умераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 7–12 цяпла, удзень — ад плюс 17 да плюс 22 градусаў.
Сонца зробiць перапынак па выдачы добрага лiпеньскага цяпла, але ненадоўга. У пятнiцу атмасферны цiск вырасце, i аблокаў стане менш. Дажджы ў многiх рэгiёнах спыняцца, толькi ўдзень па захадзе краiны магчымы кароткачасовыя дажджы з навальнiцамi. Уначы i ранiцай месцамi па Беларусi могуць утварацца непрацяглыя слабыя туманы. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 8 цяпла да плюс 14 градусаў. Удзень будзе 19–25 цяпла, у паўднёвых раёнах — да плюс 27 градусаў.
Паводле папярэднiх прагнозаў айчынных сiноптыкаў, у суботу пад уплывам франтальнага падзелу на большай частцы тэрыторыi краiны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамi з навальнiцамi. Вецер прагназуецца паўднёвы з пераходам на заходнi, умераны, пры навальнiцах парывiсты. Тэмпература паветра ў сярэдзiне дня складзе 20—27 цяпла, па паўднёвым усходзе краiны да плюс 30 градусаў. Лiпень, як нi круцi.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: 1ul.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore