Палескі драматычны тэатр 14 ліпеня адкрые свой 15-ы сезон паказам спектакля-рэквіема «Няхай спыніцца вайна», паведамілі [1] БЕЛТА ў тэатры.
«Традыцыйна новы сезон мы пачыналі ў жніўні і адкрывалі яго «Пінскай шляхтай». Але пандэмія ўнесла карэктывы. У красавіку і пачатку мая трупа працавала ў рэпетыцыйным рэжыме, потым пайшла ў водпуск. У чэрвені вярнулася да работы. Узнікла ідэя прымеркаваць адкрыццё юбілейнага сезона да дня вызвалення Пінска, які горад адзначае 14 ліпеня. Пакажам спектакль, заснаваны на рэальных падзеях, што адбыліся ў час Вялікай Айчыннай вайны», — расказалі ў адміністрацыі тэатра. Будуць выкананы меры засцярогі. Пры ўваходзе гледачам прапануюць апрацаваць рукі дэзынфіцыруючым сродкам. У зале людзі будуць рассаджаны на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго.
Сюжэт пастаноўкі «Няхай спыніцца вайна» пабудаваны на ўспамінах сведак, апублікаваных у кнігах «Памяць» Пінскага раёна, «Пінскае гета» і «Халакост на Піншчыне». Галоўныя героі пераносяцца з сучаснасці ў 1941 год. Тады ў горадзе былі тры гета, адно з іх — яўрэйскае. Менавіта ў ім развіваюцца падзеі ў спектаклі. Гледачам пакажуць моманты прыходу ворага ў горад і жыццё пінчан пад акупацыяй.
Паралельна трупа тэатра працуе над прэм’ерамі. Дзве з іх — дзіцячая казка і спектакль для дарослых — практычна ўжо гатовы. У працэсе яшчэ дзве пастаноўкі. Чакаецца, што да канца лета яны папоўняць рэпертуар тэатра.
Палескі драматычны тэатр адкрыўся ў Пінску ў сакавіку 2006 года. Яго можна назваць камерным, паколькі сцэна размяшчаецца вельмі блізка да залы і ў гледачоў ствараецца ўражанне, што яны непасрэдна задзейнічаны ў спектаклі.
Прэв’ю: traveling.by
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/paleski-dramteatr-pachne-jubilejny-sezon-u-dzen-vyzvalennja-pinska-89212-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[4] https://zviazda.by/be/tags/paleski-dramatychny-teatr