У Сафійскім саборы ў Полацку 11 ліпеня пройдуць бясплатныя экскурсіі і канцэрт з нагоды 25-годдзя «Белтэлекама», паведамілі БЕЛТА [1] ў Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.
Гасцей чакаюць з 10:00 да 17:00 на экскурсіі па Сафійскім саборы, помніку архітэктуры сярэдзіны XI–XVIII стагоддзяў, дзе сёння размяшчаецца музей, канцэртная зала камернай і арганнай музыкі.
Экспазіцыя распавядае пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай каменнай пабудовы ў Беларусі, якая стала сімвалам незалежнасці і моцы першай дзяржавы — Полацкага княства.
«Наведвальнікі ўбачаць фрагменты мура ХІ стагоддзя, падмурак старажытнага храма, на якім і сёння стаіць сабор, фрэскавыя роспісы канца ХІ стагоддзя, унікальныя археалагічныя знаходкі. Госці пазнаёмяцца з гісторыяй рамонтаў, перабудоў і рэстаўрацый храма», — адзначылі ў музеі.
У 13:00 будзе магчымасць ацаніць выдатную акустыку канцэртнай залы і ўнікальнае гучанне полацкага аргана на канцэрце заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай. У гэтым месяцы ў яе выкананні арганныя канцэрты таксама пройдуць 12, 19 і 26 ліпеня.
Прэв’ю: Pinterest.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/besplatnye-ekskursii-i-kontsert-provedut-11-ijulja-v-sofijskom-sobore-398008-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/polack