У гэтым годзе перадвыбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах нябачанага інфармацыйнага ціску. Пра гэта сёння ў час анлайн-канферэнцыі «Telegram-пагрозы: хто за імі стаіць і каму выгадная дэстабілізацыя ў грамадстве» на YouTube-канале МУС заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, паведамляе БЕЛТА [1].
«У гэтым годзе перадвыбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах нябачанага інфармацыйнага ціску, маніпулявання грамадскай думкай, дыскрэдытацыі органаў улады і кіравання. Для стварэння негатыўных інфармацыйных падстаў, для запалохвання людзей, якія падтрымліваюць дзяржаву, для пастаяннага ўкідвання фэйкавых навін, што распальваюць незадаволенасць грамадзян, шырока выкарыстоўваюць інтэрнэт- рэсурсы», - адзначыў Генадзь Казакевіч.
Інтэрнэт дазваляе звярнуцца да многіх людзей. «Плюс да гэтага — уяўная ананімнасць звароту», — падкрэсліў праваахоўнік.
«Падрыхтоўка чарговых незаконных акцый і вярбоўка новых прыхільнікаў ажыццяўляецца з дапамогай спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсаў, закрытых груп у інтэрнэт-месенджарах — перш за ўсё ў Viber, Telegram. Найбольш адыёзныя, радыкальна настроеныя асобы вядуць індывідуальныя відэаблогі і паблік-чаты ў такіх інтэрнэт-рэсурсах, як Youtube, Facebook, «Вконтакте», — сказаў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, тое, што адбываецца ў краіне з’яўляецца часткай паліттэхналогіі, накіраванай на расхістванне і дэстабілізацыю сітуацыі.
«Элементам такой тэхналогіі з’яўляецца негатыўнае ўздзеянне ў інфармацыйным полі з мэтай падрыву аўтарытэту органаў улады і кіравання, ачарнення канкрэтных службовых асобаў, грамадскіх дзеячаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Задачы простыя і зразумелыя. З аднаго боку — спарадзіць недавер і непрыязнасць, а ў канчатковым выніку нянавісць грамадзян да існуючага дзяржаўнага ладу, асабліва да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў. З іншага боку стаіць задача расхістаць свядомасць саміх супрацоўнікаў, каб у канчатковым выніку пасеяць у іх няўпэўненасць, спарадзіць страх, немагчымасць або нежаданне выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю», - канстатаваў Генадзь Казакевіч.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/mvd-predvybornaja-kampanija-prohodit-v-uslovijah-nevidannogo-informatsionnogo-davlenija-398360-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/internet
[3] https://zviazda.by/be/tags/mus