З 1 чэрвеня да адміністрацыйнай адказнасці за паркоўку на газоне ў Мінску прыцягнута 96 аўтаўладальнікаў, паведаміла [1] агенцтву «Мінск-Навіны» кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзеленбуд» Анжаліка Пузанкова.
Усяго ж на зялёных зонах горада выяўлена 1 166 такіх парушэнняў. Большая частка - 864 - у дварах жылых дамоў.
Правіламі дарожнага руху забараняюцца прыпынак і стаянка транспартных сродкаў на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі. За парушэнне гэтай забароны прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры 1 б. в. Пры паўторным парушэнні на працягу года штраф складзе 2 б. в.
У маі гарадскія ўлады папярэдзілі, што з 1 чэрвеня ў сталіцы стануць больш прынцыпова ставіцца да выпадкаў паркоўкі аўтамабіляў на траве. Пры выяўленні такіх фактаў службы, якія адказваюць за тэрыторыі, накіроўваюць у ДАІ інфармацыю і фота альбо відэа парушэнняў. Інспектары знаходзяць вінаватых і прыцягваюць іх да адказнасці за парушэнне ПДР, пасля чаго «Зелянбуд» або ЖКГ (гледзячы на чыёй тэрыторыі адбыўся інцыдэнт) могуць выставіць аштрафаваным яшчэ і кошт за сапсаванае добраўпарадкаванне.
Прэв’ю: minsknews.by
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/okolo-100-avtovladelczev-oshtrafovali-za-parkovku-na-minskih-gazonah-s-nachala-iyunya/
[2] https://zviazda.by/be/tags/parkouka
[3] https://zviazda.by/be/tags/gazon