Сёння ў Віцебску пасля рэканструкцыі адкрыўся пуцеправод «Полацкі». У цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ён перарэзаў чырвоную стужку, урачыста адкрыўшы абноўлены пуцеправод у Віцебску. Па новым мосце Прэзідэнт праехаў у трамваі. Па рэйках, пакладзеных па еўрапейскай тэхналогіі, трамвай ідзе мякка.
«Самыя цяжкія часы блуканняў па пакутах у Віцебску скончыліся. Я ўяўляю, якая была бяда ў Віцебску, калі гэтага пуцеправоду не было, а быў стары. Якая была праблема і бяда, калі гэты стары пуцеправод закрылі на паўтара гады і пачалі будаўніцтва гэтай развязкі. Пагадзіцеся, што без гэтага цуда-збудавання Віцебск існаваць не мог. І далей было б горш і горш», — звярнуўся да мастабудаўнікоў і гараджан Аляксандр Лукашэнка.
Гэты тыдзень у Прэзідэнта ўвогуле стаў амаль віцебскім. Заўтра ён прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця «Славянскага базара». Але сённяшнюю падзею кіраўнік лічыць больш важнай.
«Вы пабудавалі раней нават, чым мы планавалі гэты пуцеправод. Дзякуючы вам абнаўленне Полацкага пуцеправода завершана на некалькі месяцаў хутчэй, і вельмі важна, што мы гэты аб’ект здаём да нашага «Славянскага базара», прыедуць госці з замежжа, з Беларусі і ўбачаць сучасны, прыгожы горад. Вельмі сучасная, вельмі прыгожая, вельмі зручная атрымалася развязка, пуцеправод. Гэта помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду. Гэта найважнейшая дарога, і мы яе зрабілі. А значыць, для жыхароў Беларусі, для нашых гасцей наш Віцебск стаў яшчэ больш прывабным», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка задаволены тым, што і побач з новым аб’ектам тэрыторыя добраўпарадкаваная.
«Мы нічым не ўтрымаем нашых людзей тут, у Беларусі, калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату»
Некалькі дзён таму, адкрываючы мост праз раку Сож у Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэта важнейшы кірунак на наступную пяцігодку. У краіне маюць быць пабудаваныя 18 буйных мастоў і каля сарака — невялікіх. Так што праца ў маставікоў і будаўнікоў у Беларусі будзе — галоўнае, паставіў задачу забяспечыць годную зарплату.
«Мы нічым не ўтрымаем нашых людзей тут, у Беларусі, калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату. Будаўнікі — малайчыны, яны ж працуюць ва ўмовах замаразкаў, дажджоў. Добра, што мы захавалі нашы калектывы мостабудаўнікоў, — далёка не кожная краіна можа пабудаваць мост. Мы гэта ўмеем рабіць. Калі за паўтара гады ствараюць такія помнікі — гэта дорага каштуе», — падзякаваў Прэзідэнт.
«Гэты іспыт маставікі вытрымалі»
Прэзідэнт падтрымаў рашэнне будаўніцтва кальцавой дарогі вакол Віцебска — па яго словах, нельга пускаць транспарт праз горад транзітам. Вакол усіх буйных гародаў дарожныя «колы» ёсць.
Работніца ААТ «Мастабуд» падзякавала кіраўніку дзяржавы за ўвагу і клопат, з якімі ў Беларусі ставяцца да развіцця дарожнай інфраструктуры. Стварэнне буйных аб’ектаў дазваляе будаўнікам працаваць дома. Асобна віцябляне ўдзячныя за падтрымку старэння паўночна-заходняга абходу Віцебскай кальцавой аўтадарогі.
«Такія маладыя людзі непакояцца аб паўночна-заходнім абходзе, пуцеправодах і гэтак далей — значыць, у нас, у нашай нацыі ёсць будучыня», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў: пад праект грошы знойдуцца — і паабяцаў завяршыць рэалізацыю праекта ў бліжэйшую пяцігодку.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў нагадаў, якую рэзалюцыю паставіў на лісце з просьбай паўтара года таму Прэзідэнт: «Думайце пра людзей». Дзякуючы гэтаму фінансаванне ішло без перапынку, добра спрацавалі праектанты, будаўнікі не падвялі.
«Любыя прэзідэнцкія выбары — гэта іспыт. Не толькі я буду здаваць экзамен — я таксама, але больш за ўсё вы (актыў Віцебшчыны — «Зв.»). Гэты іспыт маставікі вытрымалі, і губернатар таксама», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў звярнуў увагу Прэзідэнта на ўчастак вуліцы Гагарына, на мадэрнізацыю якога амаль хопіць сэканомленых пры стварэнні пуцеправода грошай.
У падарунак Прэзідэнту віцябляне падрыхтавалі карціну.
Пуцеправод «Полацкі» пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, апошні раз рэканструяваны ў 1958 годзе і ўяўляе асаблівую важнасць для вулічна-дарожнай сеткі горада Віцебска, з’яўляецца адной з найважнейшых транспартных артэрый горада, размешчанай у месцы зліцця вуліц Касманаўтаў, Цітова і Ленінградскай, якія з’яўляюцца ў сваю чаргу працягам рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Р20 і Р115.
Пасля правядзення чарговага тэхнічнага абследавання пуцеправода ў лістападзе 2018 года было выяўлена, што мост знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе неадкладнага правядзення работ для рэканструкцыі, каб пазбегнуць узнікнення надзвычайных сітуацый, бо пад уздзеяннем руху транспарта, агрэсіўных сцёкаў з маставога палатна і перападаў тэмпературы адбываюцца інтэнсіўныя каразійныя працэсы апорных канструкцый збудавання. Было прынята рашэнне аб неабходнасці працягу будаўніча-мантажных работ на аб’екце, якое было пачата ў чэрвені 2011 года. У сувязі з адсутнасцю фінансавання з 2015 года работы былі спыненыя.
Рух транспарту і пешаходаў па пуцеправодзе спыніўся 15 лістапада 2018 года. Улічваючы нязручнасці, звязаныя з закрыццём руху на пуцеправодзе (да рэканструкцыі па ім праходзілі 4 трамвайныя і 15 аўтобусных маршрутаў, штодня курсіравала 110 маршрутак), на аб’екце была арганізавана дзвюхзменная праца, а таксама праца ў выхадныя дні. Колькасць працоўных на аб’екце перавышала 400 чалавек і 70 адзінак тэхнікі. Дзякуючы зладжаным мерапрыемствам, мабілізацыі будаўнічых арганізацый з розных рэгіёнаў рэспублікі аб’ект рэалізаваны ў максімальна кароткія тэрміны (першапачаткова на ўзвядзенне моста адводзілася 49 месяцаў, фактычна ўклаліся ў 20 месяцаў).
Усяго па аб’екце з пачатку выканання будаўнічых работ на 01.07.2020 асвоена 82,38 мільёна рублёў, у тым ліку крэдытных рэсурсаў 68,01 мільёна рублёў.
Збудаваны новы пуцеправод ўяўляе сабой маставое збудаванне шырынёй 45 метраў, вышынёй 7,6 метра (падмоставы габарыт), працягласцю 412 метраў, з развязкамі працягласцю з’ездаў 160 метраў.
Спецыфіку пуцеправоду надае падыход да прылады трамвайных шляхоў, якія выкананы з ужываннем бясшпальнай канструкцыі па тэхналогіі ўклейвання рэек у металічных карабах у зборна-маналітныя ўчасткі жалезабетоннай канструкцыі трамвайнага палатна.
Пры гэтым рэйкі выкладзеныя на гумовыя пракладкі тэмпературна неразразнымі бізунамі, што памяншае колькасць стыкаў і забяспечвае зніжэнне шуму і вібрацыі ад руху рухомага саставу. Вялікая ўвага нададзена дэкаратыўнаму афармленню пуцеправода: устаноўлена архітэктурнае падсвятленне, парэнчныя агароджы з беларускім арнаментам, па краях — тумбы з гербам Віцебска.
Складанасці ўзнікалі і пры пракладцы інжынерных сетак, у сувязі з перасячэннем мноства інжынерных камунікацый, размешчаных у месцы пракладкі інжынерных сетак. Пракладзены сеткі газазабеспячэння агульнай працягласцю 925 метраў, сеткі вонкавага водазабеспячэння — 1535 метраў, сеткі гаспадарчай каналізацыі — 755 метраў, сеткі дажджавой каналізацыі — 4605 пагонных метраў, сеткі электразабеспячэння 10кВ — 7500 пагонных метраў, сеткі электразабеспячэння 0,4 кВ — 1400 метраў, сеткі вонкавага асвятлення (ілюмінацыя) — 11 000 метраў, пабудавана кабельная каналізацыя для пераключэння кабеляў сувязі — 2400 метраў, пракладзена оптавалакно.
Для аўтатранспарту выкананы паркоўкі, пешаходны пераход, тратуары плошчай 16338 м2, плошча азелянення склала 2,3 га. Для фізічна аслабленых прадугледжаны пад’ёмнік.
Будзе дапоўнена
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka