Сын:
— Тата, расказаць прыкол?
— Раскажы.
— У нас дзяўчынка на днях згубіла тэлефон. Мы «прабілі» па інтэрнэце, дзе тэлефон апошні раз залагініўся, і прыкінь: GРS паказаў, што тэлефон знаходзіцца ў ламбардзе!
— І што?
— Ну, мы пасля ўрокаў пабеглі ў той ламбард — вырашылі, што тэлефон хтосьці скраў і здаў яго туды.
— А прыкол у чым?
— Пачакай, я не дарасказаў. Калі мы падбеглі да ламбарда, дзяўчынка сказала: «Вой, а гэта ж мой дом...» Аказваецца, яна тэлефон дома забылася, а ў доме быў ламбард. Прыкінь, такое супадзенне.
— Так, дзіўна!
А па адрасе дзяўчынка, можна падумаць, не зразумела, што гэта яе дом... Ну, мне дык ужо, дзякуй Богу, не шаснаццаць гадоў, каб верыць у падобныя «супадзенні», але такі вытанчаны спосаб пераканаць хлопчыкаў праводзіць цябе да дому ацаніў нават я.
Р. S. І самае крыўднае, што мужчыны ў такіх выпадках абсалютна бездапаможныя. Прычым ад узросту гэта ніяк не залежыць. Упэўнены, нават калі б яны першапачаткова ведалі, што і ламбард, і тэлефон знаходзяцца ў яе доме, яны ўсё роўна б туды паперліся.
Прыехалі наведаць сына ў летнік. Сын дзеліцца ўражаннямі:
— Уяўляеш, гэтай ноччу ў нас пажарная сігналізацыя спрацавала — усіх разбудзіла, і толькі я адзін спаў як забіты. Мае сябры мне раніцай расказалі, вельмі смяяліся.
(Ну, гэта якраз нядзіўна: калі ў чалавека чатыры малодшыя сястры, то яго нават гарматным стрэлам не разбудзіш, не тое што нейкай сігналізацыяй.)
Пытаю:
— Дык я не зразумеў: у вас што, пажар быў?
— Не, яна выпадкова спрацавала.
— А потым сама адключылася?
— Ну як сама... важатыя пажарны апавяшчальнік падушкай заткнулі.
P. S. Галоўнае ва ўсёй гэтай гісторыі тое, што пажару не было. А чым затыкаць пажарны апавяшчальнік, кожны вырашае сам.
Жонка заказала на дзень нараджэння робат-пыласос. А я, цемната, нават і не ведаў, што такія бываюць.
Пытаю ў яе:
— І ў чым адрозненне гэтага робата-пыласоса ад звычайнага пыласоса?
— У тым, што ён сам, без тваёй дапамогі, пыласосіць і мые ўсю кватэру.
Вось, аказваецца, да чаго дайшла навука!
Кажу жонцы:
— А тое, што ў нас па ўсёй кватэры цацкі раскіданыя, не страшна?
— Страшна. Падлога павінна быць ідэальна прыбраная, каб робат мог пыласосіць.
Я не разумею: а які тады сэнс у гэтым «робаце», калі спачатку трэба самім прыбрацца? Лепш бы гэты робат цацкі з падлогі збіраў і раскладваў па паліцах, а прапыласосіць я і без робата магу.
P. S. Усё ж навука развіваецца не такімі тэмпамі, як хочацца. Здавалася б, ХХІ стагоддзе на дварэ, а цацкі з падлогі прыбраць няма каму.
У нашай сям'і ёсць такое павер'е (нават не ведаю, адкуль яно ўзялося, але я тут сапраўды ні пры чым): калі ў дзіцяці выпадае малочны зуб, уначы да яго прыходзіць зубная фея і кладзе пад падушку грошы. Прычым калі яна раптам забудзе гэта зрабіць, то ў наступную ноч павінна будзе пакласці ў два разы больш (таму ў феі, як правіла, з памяццю ўсё добра).
І вось сёння ў Полі выпаў чарговы зуб (неяк зашмат у іх зубоў: усё выпадаюць і выпадаюць і ніяк не выпадуць). Поля прыносіць зуб, што выпаў, і кажа: «Зубная фея павінна мне сёння прынесці пяць рублёў!»
Вы спытаеце: чаму пяць? А я адкуль ведаю. Мабыць, такая сёння такса. (Не зусім толькі зразумела, чаму яна гэта кажа мне — я быццам на фею не падобны).
Праз нейкі час гляджу, Поля пальцамі хістае іншы зуб. Пытаюся ў яе:
— Ты навошта гэта зуб хістаеш?
— Проста так.
Вера:
— Проста нам трэба заўтра дзесяць рублёў, а ў Полі яшчэ адзін зуб хістаецца.
Які, аднак, жорсткі спосаб зарабляння грошай! Па-мойму, прасцей падняць таксу за адзін зуб.
P. S. І як гэта мы ў дзяцінстве не дадумаліся да такога, як казаў Астап Бэндэр, «адносна сумленнага спосабу адабрання грошай»? Нават неяк няёмка перад вялікім камбінатарам.
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natatki-shmatdzetnaga-tatki