Стартаваў прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборачным туры дзiцячага конкурсу песнi «Еўрабачанне-2020». Сёлета ў палажэннi аб парадку яго арганiзацыi i правядзення з'явiлiся iстотныя змены, якiя варта ўлiчваць патэнцыйным канкурсантам.
Так, у сувязi з санiтарна-эпiдэмiялагiчнай сiтуацыяй у свеце, рэкамендацыямi ЕВС i асаблiвасцямi правядзення дзiцячага конкурсу песнi «Еўрабачанне-2020» у Польшчы зладзiць яго плануюць у тэлевiзiйнай студыi. Канчатковае рашэнне наконт удзелу Беларусi ў iм i фармату выбару прадстаўнiка адкладваецца на максiмальна магчымы тэрмiн, але будзе агучана не пазней чым 7 верасня. Тым не менш распачаўся прыём заявак на адбор. Iх неабходна адправiць у электронным выглядзе да 15 жнiўня (з суправаджальнымi дакументамi i вiдэазапiсам жывога выканання конкурснай кампазiцыi). Фокус-група да 24 жнiўня падвядзе вынiкi i вызначыцца з 15 канкурсантамi, якiя пакажуць сябе ў фiнале адбору.
Фiнал нацыянальнага адбору можа быць праведзены як у фармаце праслухоўвання без тэлевiзiйнай i iнтэрнэт-трансляцыi (не пазней за 15 верасня), так i ў фармаце гала-канцэрта (да 16 кастрычнiка). Калi гэта будзе праслухоўванне, то прафесiйнае журы большасцю галасоў вызначыць пераможцу — афiцыйнага прадстаўнiка краiны на конкурсе. Калi ж адбор правядуць у фармаце гала-канцэрта, то да 1 кастрычнiка Белтэлерадыёкампанiя апублiкуе правiлы выбару пераможцы.
Пры ўзнiкненнi форс-мажорных абставiн i спрэчных пытанняў адносна арганiзацыi мiжнароднага конкурсу ў Польшчы рашэнне аб удзеле цi фармаце ўдзелу ў iм прадстаўнiка Беларусi будзе прымацца Белтэлерадыёкампанiяй сумесна з ЕВС. З палажэннем правядзення нацадбору Дзiцячага конкурсу песнi «Еўрабачанне-2020» можна азнаёмiцца на сайце медыяхолдынга ў раздзеле «Спецпраекты».
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: sokrovennik.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne-0