Сёння на «Славянскiм базары» пройдуць мерапрыемствы Дня моладзi, гала-канцэрт майстроў мастацтва Украiны, адкрыты турнiр нацыянальных танцаў, конкурс майстроў традыцыйнага i сучаснага роспiсу «Фарбы нябёсаў», фестываль аўтагуку i яшчэ мноства яскравых i цiкавых iмпрэз. Але, напэўна, галоўнай падзеяй дня стане 18-ы Мiжнародны дзiцячы музычны конкурс «Вiцебск-2020», якi сёлета прымае прадстаўнiкоў 17 краiн свету: Арменii, Беларусi, Боснii i Герцагавiны, Iталii, Казахстана, Канады, Латвii, Лiтвы, Малдовы, Расii, Сербii, Турцыi, Украiны, Фiнляндыi, Францыi, Харватыi i Эстонii.
Юным артыстам, сярод якiх i 14-гадовая мiнчанка, стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Беларусi па падтрымцы таленавiтай моладзi Ангелiна Ламака, хвалявацца няма калi: абодва конкурсныя выхады — з песняй кампазiтара сваёй краiны i на роднай мове i з любой эстраднай кампазiцыяй на выбар — адбудуцца ў адзiн дзень з перапынкам усяго чатыры гадзiны. I хоць за ўсiх без выключэння выканаўцаў перажываюць i гледачы, i вядучыя Ксенiя Галецкая (пераможца леташняга конкурсу) i Дзмiтрый Карась, i прафесiйнае мiжнароднае журы пад старшынствам заслужанага артыста Беларусi Аляксандра Саладухi, уладальнiк Гран-пры можа быць толькi адзiн. А можа i не быць увогуле — гэта вырашыць якраз журы, ацанiўшы вакальны ўзровень, артыстызм i харызму ўдзельнiкаў. Як размеркавалiся прызы дзiцячага конкурсу, стане вядома заўтра на гала-канцэрце i цырымонii ўзнагароджання.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота @angelinalomako
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-0