Парламентарыi Беларусi i Аб'яднаных Арабскiх Эмiратаў акцэнтуюць увагу на актывiзацыi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва дзвюх краiн.
Пра гэта паведамiў старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ.
У рэжыме вiдэаканферэнцыi прайшла сустрэча рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусi з групай сяброўства з беларускiм парламентам, што створана ў Федэральным нацыянальным савеце ААЭ, падчас якой парламентарыi абмянялiся думкамi наконт развiцця мiжпарламенцкага супрацоўнiцтва.
— Будзем рабiць акцэнт на пошуках новых шляхоў актывiзацыi гандлёва-эканамiчнага, iнвестыцыйнага супрацоўнiцтва. Упэўнены, парламентарыi абедзвюх краiн знойдуць формы, якiя дазволяць яго iнтэнсіфiкаваць, — адзначыў перад сустрэчай у гутарцы з журналiстамi Сяргей Рачкоў, якi ўзначальвае групу сяброўства ў беларускiм парламенце.
Ён паведамiў, што ў Нацыянальным сходзе распрацавалi праект праграмы ўзаемадзеяння i накiравалi яго калегам з ААЭ. Яго мэта — актывiзаваць узаемадзеянне на мiжнародных, мiжпарламенцкiх пляцоўках, у прыватнасцi ў Мiжпарламенцкiм саюзе. Таксама падчас сустрэчы была звернута ўвага на рэалiзацыю дамоўленасцяў, якiя былi дасягнуты памiж краiнамi на вышэйшым i высокiм узроўнях. Нагадаем, летась адбыўся першы ў гiсторыi двухбаковых адносiн вiзiт у нашу краiну спадчыннага прынца Абу-Дабi, намеснiка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброеных Сiл ААЭ шэйха Мухамеда бен Заiда аль-Нахаяна. Такiя вiзiты плённыя для абодвух бакоў, бо накiраваны на развiццё не толькi палiтычнага, але i гандлёва-эканамiчнага, i iнвестыцыйнага супрацоўнiцтва. Так, узаемны тавараабарот па вынiках 2019 года вырас на 45 % i дасягнуў 105 мiльёнаў долараў. Большую частку гэтай сумы склаў беларускi экспарт — больш за 85 мiльёнаў, — ён павялiчыўся ў параўнаннi з 2018-м амаль на 50 %. Акрамя таго, летась ААЭ займалi чацвёртую прыступку па аб'ёмах iнвестыцый у беларускую эканомiку: лiчба ўкладанняў перавысiла 118 мiльёнаў долараў.
Трэба сказаць, што групы сяброўства у Нацыянальным сходзе Беларусi i Федэральным нацыянальным савеце ААЭ створаны параўнальна нядаўна. Кiраўнiк беларускай групы ўпэўнены, што дзейнасць парламентарыяў дазволiць iнтэнсiфiкаваць узаемадзеянне па ўсiх кiрунках: гандлёва-эканамiчным, iнвестыцыйным, палiтычным. Сяргей Рачкоў падкрэслiў, што працэс пошуку пунктаў судакранання будзе працягнуты ў тых сферах, дзе iнтарэсы абодвух бакоў супадаюць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/parlamentaryi-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/abyadnanyya-arabskiya-emiraty