Не так даўно быў сведкам двух выпадкаў у фірменнай краме мазырскага саўгаса-камбіната «Зара». Яна знаходзіцца на вуліцы Сялянскай у Гомелі, і заўсёды, калі завозіцца новы тавар, там не прапхнуцца. Па зразумелай прычыне: мясныя разрубы, сальцісоны, каўбасы і г. д. намнога таннейшыя, чым у іншых гандлёвых пунктах горада.
Звяртаю ўвагу на пажылога мужчыну, што, абапіраючыся на сваю кавеньку, спрабуе прабіцца наперад, да прадаўшчыцы, але гэта яму яўна не ўдаецца. Нарэшце нейкая жанчына прыстроіла яго каля сябе, і такім чынам ён аказаўся сёмым у той чарзе з больш чым двух дзясяткаў чалавек. Маладзіца напомніла яму, што ён як інвалід мае законнае права пазачарговага гандлёвага абслугоўвання, на што той адказаў: ведаю, ды, па-першае, вы самі бачылі, як спрабаваў я прайсці наперад пры такой таўхатні, а па-другое, не хачу апячыся другі раз.
— Якім чынам? — перапытала жанчына.
— Летам, калі на вуліцах плавіўся асфальт, — уздыхнуў мужчына, — вырашыў купіць марожанага ў гэтай жа самай краме. Без чаргі, вядома. А ў гэты дзень — прывоз тавару якраз. Ахвотных набыць яго — нібы селядцоў у бочцы. І калі стаў прасоўвацца да касы, з натоўпу загулі: куды лезеш, маўляў. Марожанае я ўсё ж набыў без чаргі, але душы ад таго гулу, паверце, стала мулка. Спытаў прадаўшчыцу, чаму ў краме няма аб'явы, хто можа карыстацца пазачарговым абслугоўваннем, дык канкрэтнага адказу так і не атрымаў.
А вось другі выпадак, кастрычніцкі ўжо. У тым жа самым гандлёвым пункце. Гэтым разам гадоў пад сорак жанчына на мыліцах смела накіроўвалася наперад, да прадаўшчыцы, як нейкая цётка, што стаяла пятая ў чарзе, забурчала: куды пхнешся? Жанчына вачыма паказала ёй на свае мыліцы: не бачыш ці што? А тая — з прыціскам у голасе:
— Усе мы інваліды тут. Аднолькавыя. Так што...
І тады тая жанчына, што не кыш-варона была, якая ўсяго баіцца, абвяла цётку з ног да галавы пільным позіркам і смальнула, як з гарматы:
— Яшчэ адно слова, і я ад душы пажадаю табе такіх «цацак», як у мяне...
Развязка была нечаканая для ўсіх: цётка, нібы ашпараная варам, кінулася прэч.
Між іншым, у той жа краме «Дары ад Зары» дагэтуль няма аб'явы пра тое, хто мае права абслугоўвацца ў ёй без чаргі. І не толькі ў ёй. Я абыйшоў некалькі гандлёвых пунктаў у цэнтры горада і ні ў адным з іх такіх аб'яў не знайшоў. А яны, памятаю па нядаўніх часах, паўсюдна былі і (не толькі на маю думку) лішнія не будуць і цяпер. Бо збавяць ільготнікаў ад прэтэнзій і кепікаў у іхні бок некаторых несвядомых грамадзян.
Узбадзёрыць сябе свежым паветрам нярэдка адпраўляюся ў парк над Сожам, дзе не чуваць гарадскога тлуму і адкуль адкрываюцца прыгожыя зарэчныя краявіды. А вандроўку гэту звычайна пачынаю ад шахматна-шашачнага клуба, які ўяўляе сабой лёгкую, відаць, металапластыкавую канструкцыю, што часткова адкрытая з двух бакоў і мае над сабой пакаты дах. Яна з'явілася тут некалькі гадоў таму і, акрамя аматараў паламаць свае галовы над хітрамудрымі хадамі ферзёў-коней, сабірае тут і карцёжнікаў. І калі шахматысты паводзяць сябе спакойна, дык тыя, хто рэжацца ў «кінга», «ачко» ды «тысячу», не-не ды агарошваюць у азарце наведвальнікаў парка такімі пакручастымі мацюкамі, што вавёркі, якія круцяцца каля людзей, стралой узлятаюць на дрэвы.
Не абыходзяць гэту будыніну і разявакі, і расказчыкі анекдотаў і цікавых прыгод, і проста мінакі, якія пасля доўгага хаджэння па сцежках-дарожках парку не знайшлі лепшага месца для адпачынку. Адным словам, кожнаму тут ёсць пра што паслухаць і на што паглядзець. Так было і тым разам, калі я праходзіў міма і пачуў выбух смеху. І нечае пытанне пасля яго: «Дык і што з тым клапом сталася?»
У адказ пераказалі нейкі дыялог: « — Папярэджваю, — сказаў ён у слухаўку, — калі паслязаўтра ў мяне на стале не будзе справаздачы — чакайце вымовы на бюро.
— Кусаць будзеш, кроў піць, — падумаўшы, што яго нехта разыгрывае, адказаў голас з другога канца провада. — Дык я цябе дустам пекану, дык адразу апруцянееш».
Тут мужыкі зноў рассыпаліся смехам, і, калі ён памалу згас, я, так нічога не зразумеўшы (бо пачатку аповеду не чуў), спытаў у аднаго з іх: а што гэта за клоп такі?
— Ды, можа, памятаеце, у Гомелі ў свой час з'явілася нейкая камсамольская шышка ў асобе хлопца па прозвішчы Клоп. І вось, як толькі ён узабраўся на гэту пасаду, пра што не ва ўсіх камсамольскіх арганізацыях яшчэ ведалі, дык, абзвоньваючы іх, прадстаўляўся так: вас турбуе Клоп. Там жа, на другім канцы провада, яго ўспрымалі як нейкага блазнюка і пасылалі да фенькінай мамы і яшчэ далей, або казалі: а вас слухае вош (блыха, гніда і г. д.). Ён вымушаны быў памяняць сваё прозвішча на жончына, і гэта дапамагло яму заняць мяккае крэсла ў адным міністэрстве, — дадаў другі.
Тут слова ўзяў, мяркуючы па ўсім, пенсіянер з вусамі Тараса Бульбы і адтапыранымі вушамі:
— А добры мой знаёмы сказаў — меў конскае прозвішча, і...
Закончыць фразу яму не даў той самы мужык, што растлумачыў мне пра Клапа:
— Ты ж лепш, чым Чэхаў, пра гэта не раскажаш. Так што лепш і не пачынай.
Але тут на яго накінулася кампанія, і «Тарас Бульба», пагладзіўшы вусы, ударыўся ва ўспаміны:
— Я вучыўся з ім у політэхнічным інстытуце, жыў у адным інтэрнатаўскім пакоі. Хлопец — адзіны вясковец у нашай групе. Астатнія — гараджане. Добры па характары, «хвастоў» на экзаменах не меў. І вельмі саромеўся, перажываў за сваё прозвішча. Уявіце: у наш цывілізаваны век — Хамут. А ў дадатак яшчэ і імя «вясёленькае» — Ферапонт. Ферапонт Хамут. Гучыць? Каб не біць па нервах аднагрупніка, мы называлі яго Ігарам, і гэта яму падабалася.
— Некалькі разоў, — працягваў «Тарас Бульба», — ён дапытваўся ў бацькі, хто даў іх роду такое прозвішча. І пачуў: пан Шмігельскі, які валодаў некалькімі вёскамі і сотнямі прыгонных сялян. Яго маёмасцю яны былі. Што хацеў, тое і рабіў. Па яго загадзе за ўсякую правіннасць чалавека маглі пабіць да паўсмерці і не несці адказнасці. Ды «конскае» прозвішча яшчэ неблагое. А ўзяць іншыя, якія ён даваў прыгонным: Дундук, Гніляк, Смаркач, Кішкун, Свістун, Дрыстун і гэтак далей.
— Таму б пану ды скуляку з кулак на яго азадак, — абураўся Ферапонт. — Ну а імя хто прыдумаў такое?
— Хто? Поп. У нейкай царкоўнай кнізе знайшоў яго, калі панеслі хрысціць.
— І яму такую ж скуляку.
Пры знаёмствах з дзяўчатамі Ферапонт праўдзіва называў сваё імя і прозвішча. І гэта, прабачце, выклікала ў іх смех і непрыязнасць: «дзярэўня», маўляў. Ніхто не хацеў з ім сустракацца, каб стаць у замужжы, калі дойдзе да гэтага, Хамутом, а дзяцей зрабіць Ферапонтавічамі. Таму ён афіцыйна памяняў сваё імя і прозвішча, якія сталі гучаць так: Ігар Каліноўскі (як шляхціч). І вось ужо сам, знаёмячыся з дзяўчатамі, якія называлі сябе Марыямі, Ганнамі, Фросямі, Надзеямі, даваў ім ад варот паварот: не хацеў больш сустракацца. А ў жонкі ўзяў гараджанку Эсмеральду Серафімаўну, мяркуючы, што яна з такім імем на сто працэнтаў належыць да чыста шляхецкага роду. Маўляў, ведай нашых. І толькі ў загсе даведаўся, што яе прозвішча было... Жарабцова.
Зноў выбух смеху, ад якога не ўстрымаліся шахматысты-шашысты і, вядома ж, карцёжнікі.
Пагудкі пра гэту бабулю з нашай вёскі хадзілі самыя розныя. У адных насельнікаў яна — прадказальніца, у другіх — вядзьмарка, у трэціх — знахарка, лекар. Адным словам, жанчына-загадка. Што выклікала ў людзей адначасова як павагу, так і асцярогу. Бо мала ці што яна можа ўчыніць чалавеку, які не спадабаецца ёй па той ці іншай прычыне.
Што датычылася нашай сям'і, дык думка адносна Каваліхі была адна: збавіцельніца ад захворванняў. У чым упэўніваліся не адзін раз. Напрыклад, памятаю, як у мяне, сямігадовага, так запарушылася вока, што два дні яго нешта рэзала і цяклі слёзы. Каваліха расправілася з гэтай непрыемнасцю за нейкіх пяць хвілін, пашураваўшы пад маімі павекамі сваім языком. А другі раз, калі мяне так налякаў сабака, што на твар напалі нейкія торганні, яна доўга нешта шаптала нада мной, загадваючы выпіць пры ёй конаўку падфарбаванай пахучай вадкасці. І ведаеце што? Усё прайшло.
А аднойчы да Каваліхі прывялі перапалоханую дзяўчынку, якая паскардзілася, што ў яе жывоціку нешта як бы пераварочваецца, бушуе. Адбылося гэта во, хвілін колькі таму, калі, пасвячы на абалонні свінку і гусей, заснула на затравелым узгорачку. Каваліха, выслухаўшы яе і памацаўшы жывоцік, палажыла на падворку дзяўчынку тварам уніз, паставіла перад ёй сподачак з цёплым малаком, і неўзабаве з рота дзяўчынкі... выпаўз вужык.
Напэўна, многае ведала бабуля. У яе, казалі, была дарэвалюцыйнага часу кніга па медыцыне, куды яна часта заглядвала. А што пад паветкай прасушваліся розныя травы-зёлкі, дык гэта я і сам бачыў.
Карацей кажучы, да Каваліхі нярэдка пракладвалі дарожку тыя небаракі, якіх даймалі розныя непрыемнасці-захворванні: глухата, заіканні, запоры, траўмы, расстройствы страўніка і г. д. І ўсім яна старалася дапамагчы, не адмаўляла і грошай за гэта не патрабавала.
І вось аднойчы, калі восень ужо ішла на спад, да яе ў хату завітаў знаёмы мужык з суседняй вёскі. Павітаўся, прысеў на шырокі ўслон і адразу пачаў жаліцца на жонку-звягу, якая ўжо столькі наварыла з яго вады і ніяк не супакойваецца, усё балабоніць і балабоніць на яго: ты такі і гэтакі, нягоднік, усё робіш не так, на злосць мне. Дык дапамажы неяк, Сцяпанаўна.
Каваліха задумалася. Яна чула пра яго Лукер'ю. З нядаўняга часу — як пра «пілу», у якой рот не закрываўся не толькі на мужа, а і на суседзяў-мужыкоў, з якімі ўступала ў гарачыя спрэчкі. А пра Сямёнавіча водгукі былі самыя добрыя. Іншым разам, праўда, ён спрабаваў агрызнуцца, і гэта яму тут жа адрыгалася, бо з гарлянкі кабеты вырываліся такія праклёны, хоць вушы затыкай. Узважыўшы ўсе гэта, Каваліха параіла яму прыйсці да яе з жонкай.
— Скажы ёй: карты паказалі, што вашу сям'ю чакаюць вялікія непрыемнасці, і я параю, як іх пазбегнуць. Прыходзьце ў любы хмарны вечар, у 21 гадзіну.
І вось сустрэча з сужэнцамі. Сцяпанаўна раскінула карты, нешта растлумачыла ім. Потым доўга разглядвала на далоні жанчыны лінію жыцця і таямнічым голасам падсумавала:
— Калі што і дапаможа табе, галубка, дык толькі ашдвао.
Лукер'я тут жа натапырылася, бо ў яе двухкласнай адукацыі адсутнічала такое загадкавае і страшэннае слова, і адкрыла рот, каб высветліць, што гэта за «звер» такі, але Каваліха толькі махнула рукой і працягвала:
— Ашдвао павінна быць толькі з Азерцаў, што за кіламетр ад нашай вёскі. Там ёсць бруістая крынічка. На золку, паўтараю, на золку, у наступную суботу пойдзеш туды адна, без мужа, набярэш у трохлітровы слоік вадзіцы. Дадому ідзі так, каб ніхто цябе не бачыў. Сталовую лыжку вадзіцы, калі ў душы адчуеш раздражненне, трымаць у роце пяць хвілін. Не меней! А табе, Сямёнавіч, для прафілактыкі, такая норма — чайная лыжка. Калі аслухаецеся, прабачце, жыцця вам добрага не будзе.
Бабулька перахрысціла абодвух, прачытала малітву і адправіла ў сваю вёску. І ведаеце што? У сужэнцаў быў доўгі век. Без папрокаў, без крыку, а ў міры і згодзе. Вось, аказваецца, якая цудадзейная сіла ў той формуле Н2О, якую пачула Каваліха ад унука-дзевяцікласніка, што штудзіраваў хімію. І якая так спадабалася Сцяпанаўне!
Уладзімір ПЕРНІКАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-pernikau
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyovinki