Нагадаем, альманах выходзіць штоквартал у Брэсце. Яго заснавальнікі — Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама, Брэсцкае аддзяленне СПБ, Брэсцкая раённая бібліятэчная сетка. Рэдактар і ўкладальнік — Аляксандр Валковіч.
Другі ў 2020 годзе (і 30-ы з часу заснавання) нумар «Астрамечаўскага рукапісу» ў значнай ступені прысвечаны тэме Вялікай Перамогі. Зразумела, невыпадковай з’яўляецца рубрыка «Беларусь памятае». Тэма Вялікай Айчыннай, ушанавання памяці пра землякоў, якія загінулі, — у артыкулах, карэспандэнцыях Васіля Басацкага, Яўгена Бабенкова, Марыны Самасевіч, Аляксандра Колесава, Наталлі Талкачовай, Зоі Федчанкавай.
Матэрыялы досыць грунтоўныя, ілюстраваныя. У гэтым — таксама адметнасць краязнаўчага альманаха. Пройдзе час і, магчыма, адзінай публіцыстычнай, візуальнай і ілюстрацыйнай крыніцай да той ці іншай рэгіянальнай тэмы будуць якраз старонкі «Астрамечаўскага рукапісу».
Іншыя раздзелы, рубрыкі альманаха — «Святкаванне 75-годдзя Перамогі», «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні», «Народныя святы і паданні», «Літаратурная сядзіба», «Вернісаж», «Калаўрот культурнага жыцця», «Старонкі гісторыі». У публікацыях — гісторыя і сучаснасць. Відавочна, што ў значнай ступені пазіцыя рэдактара выдання, заснавальнікаў якраз і заключаецца ў тым, каб адлюстраваць сучаснае жыццё рэгіёна.
Функцыянальна гэта, несумненна, апраўдана. Хаця хацелася б бачыць болей насычаным такі, напрыклад, раздзел, як «Старонкі гісторыі». У апошнім нумары змешчаны публікацыі «Гісторыя брэсцкай вёскі Аркадзія з XVII стагоддзя» Наталлі Шляжко і «Камень з вёскі Кабёлка Брэсцкага раёна, які крычыць» Віктара Гайдучыка. Дарэчы, пошук аўтара другога артыкула быў справакаваны ранейшай публікацыяй у «Астрамечаўскім рукапісе» — запісанага ў 2012 годзе студэнткай філфака Брэсцкага дзяржуніверсітэта падання ад жыхаркі вёскі Кабёлка. Так што, выснова наступная: чытайце ўважліва фальклорныя запісы, якія сістэмна друкуюцца ў альманаху.
Вось і ў гэтым нумары выдання доктар філалагічных навук Іна Швед змясціла артыкул «Русальны тыдзень на Берасцейшчыне», грунтоўна апісаўшы народную традыцыю. «Адным з вельмі шанаваных у народным календары жыхароў Берасцейшчыны тыдняў з’яўляецца Русальніца, якая пачыналася ў панядзелак пасля Сёмухі. У гэты час забаранялася прасці і ткаць, садзіць гародніну, гарадзіць платы і падобнае. Асабліва сцерагліся працаваць у “Градовую” (“Сухую”) сераду (як і пасля Пасхі), каб не наклікаць градабой, навальніцу ці засуху», — пачынае расповед глыбокі знаўца берасцейскага і ўвогуле беларускага фальклору Іна Швед.
Далей ідуць запісы песень-вяснянак, звязаных з рытуалам гукання вясны. Адрас запісаў — вёска Ляплёўка Брэсцкага раёна. Фальклорныя матэрыялы, якія змяшчаюцца ў «Астрамечаўскім рукапісе», як правіла, з адпаведнымі каментарыямі, — добры ўзор выкарыстання фальклору ў вывучэнні пэўнай мясцовасці. І выдатна, што ў рэдактара выдання ёсць такі памагаты, як кіраўнік лабараторыі «Фальклор і краязнаўства» Іна Швед.
Складзеныя разам, яе публікацыі ўяўляюць цэласную фальклорную рэгіёназнаўчую кнігу. І яе трэба было б выдаць асобна. Як прыватная, магчыма, у нейкай ступені суб’ектыўная парада для фарміравання зместу альманаха.
Варта было б надрукаваць у «Астрамечаўскім рукапісе» інструкцыю па арганізацыі фальклорных запісаў. Некалі такія практыкі былі ў краязнаўчых выданняў 1920-х гадоў. Можна нават перадрукаваць адну з публікацый славутага беларускага часопіса «Наш край». Альбо такую рэкамендацыйную інструкцыю з улікам сучаснага досведу выкладзе Іна Швед. Навошта гэта трэба? Каб прыцягнуць да запісаў новых патэнцыйных аўтараў — бібліятэкараў, супрацоўнікаў клубных устаноў.
«Астрамечаўскі рукапіс», які, безумоўна, з’яўляецца на свет і дзякуючы энтузіязму, публіцыстычным і краязнаўчым зацікаўленням Аляксандра Валковіча, — унікальны ўзор выдання краязнаўчай перыёдыкі ў нашай краіне. Прыйдзе час — і яго нумары складуць адметную краязнаўчую энцыклапедыю па вывучэнні жыцця Брэсцкага раёна.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura