Прадстаўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры й Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” правялі флэшмоб “Віват Беларусь!” прама ў Генконсульстве Беларусі.
Напярэдадні Дня Незалежнасці, 2 чэрвеня 2020 года, супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) з актывістамі Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” правялі флэшмоб “Віват Беларусь!” у Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе. У такім нязвычным фармаце беларусы Даўгаўпілса павіншавалі прадстаўнікоў Генконсульства, сваю Бацькаўшчыну са святам. У яркіх народных строях, з паветранымі шарамі ў руках юных удзельнікаў дзіцячай студыі “Скарбніца”, супрацоўнікі ЦБК, чальцы праўлення “Уздыма” прайшліся па сонечных вуліцах горада.
На тэрыторыі Генконсульства іх гасцінна сустрэлі Яўгенія Барткевіч, якая выконвае абавязкі Генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе, консул Мікалай Раманкевіч, супрацоўнікі дыпустановы. Дырэктар ЦБК й старшыня праўлення “Уздыма” Жанна Раманоўская ў віншавальнай прамове пажадала Рэспубліцы Беларусь “заўсёды быць шчаслівай: мірнай, здаровай, багатай, моцнай і свабоднай”. Спадарыня Жанна ўручыла дыпламатам прыгожыя букеты. Дзеці ж пад апладысменты старэйшых натхнёна праспявалі песню “Беларусь чароўная”. А потым у мірнае блакітнае неба ўзляцелі чырвона-зялёна-белыя шары: у колерах беларускага Дзяржаўнага сцяга.
Потым была пазнавальная экскурсія па будынку Генконсульства, якую правяла Яўгенія Барткевіч. А далей і за кубкам гарбаты працягнулася цікавая гутарка з дыпламатамі.
Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс.
Фота: Ірына Апейнанэ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy