На сесii Вiцебскага абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўвалi тэму гандлю. Для Вiцебшчыны яна актуальная яшчэ i таму, што ў рэгiёне налiчваецца каля 5,7 тысячы населеных пунктаў.
Зразумела, што гэтая галiна — адна з найважнейшых у эканомiцы. Акрамя забеспячэння таварамi i паслугамi грамадзян, гандаль — яшчэ i збыт айчыннай прадукцыi, «вектар канкурэнтаздольнасцi», занятасць насельнiцтва, падаткi.
Кiраўнiк аблсавета Уладзiмiр Цярэнцьеў расказаў, што падчас камандзiровак цiкавiцца ў мясцовых жыхароў iх задаволенасцю ўзроўнем гандлёвага i бытавога абслугоўвання. Ён даручыў старшыням гарадскiх, а асаблiва раённых i сельскiх Саветаў спрыяць таму, каб не ўзнiкала дэфiцыту.
Уладзiмiр Цярэнцьеў лiчыць: важна, каб цэны на тавары не бiлi па кiшэнi спажыўцоў. Трэба кантраляваць, каб не рэалiзоўвалiся тавары, тэрмiн ужывання якiх скончыўся. Здавалася б, як жа iнакш? Але прыкладаў такiх не адзiнкi. Пацвярджэнне — манiторынгi Камiтэта дзяржкантролю i iншых правяраючых.
Неабходна яшчэ раз упэўнiцца ў тым, цi ўсё магчымае зроблена дзеля забеспячэння надзейнай работы так званых крам на колах. Нават калi ў вёсцы жыве ўсяго некалькi грамадзян, iх трэба забяспечваць па графiку ўсiм неабходным.
Адсутнасць скаргаў у гэтым пытаннi i наогул ва ўсiм, што датычыцца гандлю, павiнна быць пацвярджэннем правiльнага падыходу. Пры гэтым не трэба забываць, што пры сацыяльнай нагрузцы неабходная фiнансавая стабiльнасць у дзейнасцi гандлёвых прадпрыемстваў.
Дэпутат аблсавета, член Савета Рэспублiкi, начальнiк галоўнага ўпраўлення гандлю i паслуг Вiцебскага аблвыканкама Iрына Ляўковiч канстатавала, што за апошнiя дзесяць гадоў колькасць гандлёвых аб'ектаў павялiчылася ў 1,5 раза, у развiццё галiны iнвеставана каля 700 мiльёнаў рублёў.
У цяперашнi час абслугоўванне насельнiцтва ажыццяўляюць больш за 13,5 тысячы гандлёвых аб'ектаў розных фарматаў, 76 гандлёвых цэнтраў, 55 рынкаў i 1735 пунктаў грамадскага харчавання.
Дынамiчна развiваецца iнтэрнэт-гандаль: зарэгiстравана 848 вiртуальных крам. Дарэчы, iх колькасць за апошнiя пяць гадоў узрасла больш чым у два разы.
Пераўтварэннi ў гандлi дазволiлi ўдвая павялiчыць рознiчны тавараабарот за апошнiя дзесяць гадоў.
Каб гандаль, грамадскае харчаванне i бытавое абслугоўванне развiвалiся ў глыбiнцы, быў прыняты Указ Прэзiдэнта № 345. Iм прадугледжаны беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы i прэферэнцыi — напрыклад, у пытаннях набыцця маёмасцi, выплаты падаткаў, адмены антыманапольнага абмежавання на пашырэнне гандлёвых плошчаў. Ёсць i iншыя «бонусы» на вёсцы. Адна з задач дэпутатаў — больш актыўна садзейнiчаць прыцягненню суб'ектаў прадпрымальнiцтва. Добра, што ўсё больш прыкладаў таго, як прадпрымальнiкi, буйныя гандлёвыя сеткi карыстаюцца магчымасцю зарабiць у правiнцыi.
Аляксандр ПУКШАНСКI
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandal
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc