Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, канфіскавана больш за 20 адзінак такой тэхнікі.
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС г. Мінска з доказамі злачынства затрымалі 42-гадовага мінчаніна. Паводле інфармацыі аператыўнікаў, падазраваны афіцыйна быў працаўладкаваны праграмістам на адным з прадпрыемстваў сталіцы. У вольны час мужчына хадзіў па пад’ездах жылых дамоў, дзе прыглядаў пакінутыя без нагляду веласіпеды. Як правіла, устаноўленыя на іх замкі не спынялі выкрадальніка ад здзяйснення крадзяжу: з дапамогай спецыяльнага абсталявання мінчанін перакусваў іх, а пасля заганяў веласіпед да сябе ў падвал.
Таксама ўстаноўлена, што меркаваную «ахвяру» мужчына высочваў загадзя: назіраў за тым, дзе пакідаюць свой двухколавы транспарт жыхары сталіцы, фатаграфаваў яго і размяшчаў здымак на адным з інтэрнэт-парталаў з прапановай аб продажы. Калі знаходзіліся патэнцыйныя пакупнікі, мужчына вяртаўся на месца і звыклым для яго спосабам выкрадаў веласіпед.
Мінчаніна затрымалі з доказамі злачынства ў момант здзяйснення чарговага крадзяжу. Падчас агляду падвальнага памяшкання дома, у якім пражываў мужчына, праваахоўнікі выявілі 24 веласіпеды, 10 з якіх былі разабраны на запчасткі, і больш за 100 перакусаных веласіпедных замкаў.
Са слоў падазраванага, такім чынам ён планаваў крыху падзарабіць. Сума шкоды ўстанаўліваецца. Вядома, што раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за маёмасныя злачынствы. У праваахоўнікаў ёсць падставы меркаваць, што затрыманы можа быць датычны і да іншых эпізодаў крадзяжу велатранспарту, здзейсненым на тэрыторыі сталіцы.
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота з сайта МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/velasipedy
[3] https://zviazda.by/be/tags/pragramist