Мінулы месяц насамрэч увайшоў у гісторыю засваення касмічнай прасторы. Напрыканцы ліпеня — з 20-га да 30-га — да Марса накіраваліся місіі адразу некалькіх краін. Амерыканская ракета-носьбіт Atlas-V з марсаходам на борце, якая стартавала з мыса Канаверал у Фларыдзе, стала трэцяй міжпланетнай эскпедыцыяй да Марса, адпраўленай на працягу папярэдніх дзесяці дзён. Да гэтага да Чырвонай планеты накіраваліся місіі Кітая і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Адкуль такі ажыятаж?
Без скафандра ніяк
Марс — чацвёртая па аддаленасці ад Сонца і сёмая па памерах планета Сонечнай сістэмы. Яе маса складае крыху больш чым 10 працэнтаў ад масы Зямлі. Чырвоная планета названа ў гонар Марса — старажытнарымскага бога вайны. Папулярная ідэя, што яна населена разумнымі марсіянамі, шырока распаўсюдзілася ў канцы XІX стагоддзя. Шматлікія назіранні і заявы вядомых асоб спарадзілі вакол гэтай тэмы сапраўдную марсіянскую ліхаманку. Напрыклад, у 1899 годзе падчас вывучэння атмасферных радыёперашкод з выкарыстаннем прыёмнікаў у каларадскай абсерваторыі вынаходнік Нікола Тэсла назіраў сігнал, які паўтараўся. Ён выказаў здагадку, што гэта можа быць паведамленне з іншых планет, напрыклад, з Марса.
Яго атмасфера мае ў 100 разоў меншую шчыльнасць, чым на Зямлі. З гэтай прычыны Чырвоная планета не можа ўтрымліваць цяпло. І таму тэмпература тут не падыходзіць для чалавека. У сярэднім яна складае каля мінус 60 °C. Для параўнання: сярэдняя тэмпература атмасферы Зямлі — 16 °C. Узімку тэмпература ў раёне марсіянскіх палюсоў можа рэзка знізіцца — да -125 °C. Гэта нашмат халадней, чым самыя нізкія паказчыкі, якія фіксаваліся на Зямлі.
Атмасфера Марса не падыходзіць для чалавечага арганізма. Адзіны спосаб зрабіць яе прыдатнай для дыхання — тэрафарміраваць Чырвоную планету (ператварыць яе ў блакітную з дапамогай геаінжынерыі, якая зробіць яе атмасферу больш шчыльнай, а навакольнае асяроддзе і клімат больш прыдатнымі для людзей). Такі варыянт пакуль толькі тэарэтычны. Яго проста немагчыма рэалізаваць, паколькі ў нас няма неабходных тэхналогій. Таму чалавеку прыйдзецца выкарыстоўваць скафандр. Ва ўсякім разе, пакуль.
Шляхамі тысячагоддзяў
Даследаваць Марс пачалі вельмі даўно — прыкладна 3,5 тысячы гадоў таму ў Старажытным Егіпце. Першыя падрабязныя справаздачы аб Чырвонай планеце былі складзены астраномамі з Вавілона, для гэтага быў распрацаваны шэраг матэматычных метадаў. Інфармацыя, што засталася ад егіпцян і вавіланян, дапамагла старажытным грэкам распрацаваць падрабязную геацэнтрычную мадэль для тлумачэння руху планет.
Праз некалькі стагоддзяў індыйскія і ісламскія астраномы ацанілі памер Марса і адлегласць да яго ад Зямлі. Першыя тэлескапічныя назіранні праведзены Галілеа Галілеем у 1610-м. Карта Чырвонай планеты была апублікавана ў 1840 годзе, а больш дакладнае картаграфаванне пачалося з 1877-га.
У 1920-я гады быў вымераны дыяпазон тэмператур паверхні Марса. Удалося ўстанавіць, што планета знаходзіцца ў экстрэмальных умовах, падобных да зямной арктычнай пустыні. У 1947 годзе Джэрард Койпер вызначыў, што разрэджаная атмасфера змяшчае вялікі аб'ём двухвокісу вугляроду.
Першы спіс назваў і каардынатаў 128 асноўных дэталяў паверхні (дэталяў альбеда) Марса, якія адрозніваюцца па яркасці ад навакольных абласцей, быў прыняты ў 1958 годзе на X генеральнай асамблеі Міжнароднага астранамічнага саюза. З 1960-га пачаліся запускі аўтаматычных міжпланетных станцый для яго вывучэння.
За 55 мільёнаў кіламетраў
Першым апаратам, які трапіў на Чырвоную планету, стала савецкая станцыя «Марс-2». Яна была запушчана з касмадрома Байканур 19 мая 1971 года. На жаль, вугал уваходу ў атмасферу апынуўся вышэйшым, чым разліковы, і парашут не паспеў затармазіць да моманту пасадкі. Апарат разбіўся. У тым жа 1971-м адбылася першая ў свеце і адзіная ў савецкай касманаўтыцы мяккая пасадка спускальнага апарата на Чырвоную планету. Гэта быў «Марс-3». Ён пачаў перадаваць даныя ўжо праз 1,5 хвіліны пасля прымарсіяньвання, але сувязь спынілася праз 14,5 секунды. Пылавая бура — апарат трапіў наўпрост у марсіянскі ўраган. Паводле ацэнак экспертаў, у гісторыі марсіянскіх даследаванняў шмат запланаваных місій скончыліся правалам. Няўдачы не абмінулі ні Расію, ні ЗША, ні Еўропу. За ўвесь час да Марса было адпраўлена 44 місіі. З іх 16 — паспяховых, 7 — часткова паспяховых, 21 — няўдалая.
Зараз на арбіце Марса працуюць амерыканскія зонды Mars Odyssey, Mars Reconnaіssance Orbіter і NAVEN, а на яго паверхні — марсаход Curіosіty і стацыянарны апарат Іnsіght. Таксама вакол планеты кружаць еўрапейскія зонды Mars Express і Trace Gas Orbіter. Яшчэ адзін апарат на арбіце Марса — індыйская міжпланетная станцыя «Мангальян».
Прыкладна раз у 780 сутак на пэўны час Зямля і Марс аказваюцца ў найбольш зручным становішчы для запуску касмічных апаратаў на Чырвоную планету. У гэтым найбліжэйшым пункце адлегласць да яе складае 55—60 мільёнаў кіламетраў (максімальная аддаленасць — звыш 400 млн км). Такім чынам, працягласць палёту (і, адпаведна, неабходная колькасць паліва) з Зямлі на Марс значна скарачаецца. Сёлета «акно» адкрыта з 15 ліпеня да 13 жніўня. У гэты зручны час павінны былі ляцець чатыры міжпланетныя экспедыцыі, аднак накіраваліся тры. Расійска-еўрапейскую місію «Экзамарс-2020» «Раскосмас» і Еўрапейскае касмічнае агенцтва перанеслі на 2022 год — умяшалася пандэмія COVІD-19, і арганізацыі не змаглі забяспечыць сумеснае аддаленае кіраванне міжпланетным праектам.
Надзея Эміратаў
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты сталі першай арабскай дзяржавай, якая адправіла касмічны зонд да Марса. Арбітальны апарат пад назвай «Аль-Амал» («Надзея») накіраваўся да Чырвонай планеты 20 ліпеня з японскага касмадрома Танэгасіма з дапамогай японскай ракеты. Ён быў распрацаваны ў касмічным цэнтры імя Мухамеда бін Рашыда ў Дубаі ў партнёрстве з лабараторыяй атмасфернай і касмічнай фізікі ўніверсітэта Каларада. Мяркуецца, што зонд дасягне Марса ў лютым 2021-га пасля сямі месяцаў палёту.
У адрозненне ад амерыканскай і кітайскай касмічных праграм па засваенні Марса, мэта місіі ААЭ больш сціплая: «Надзея» будзе назіраць за атмасферай Чырвонай планеты з арбіты, каб стварыць першую поўную карціну марсіянскага клімату ва ўсіх рэгіёнах на працягу года. Касмічны зонд правядзе вывучэнне ніжніх слаёў атмасферы, дзе фарміруецца марсіянскае надвор'е, у тым ліку пылавыя буры. Карабель абсталяваны трыма камерамі, якія дазваляюць весці назіранне за атмасферай Марса ў бачным, інфрачырвоным і ультрафіялетавым дыяпазонах. Для ААЭ надзвычай важна дасягнуць арбіты Чырвонай планеты да 50-годдзя з дня заснавання краіны, якое будзе адзначацца 2 снежня 2021-га.
Пытанні ад Паднябеснай
Кітайская экспедыцыя носіць імя Tіanwen-1 («Пытанні да нябёсаў»). Так называецца паэма Цюй Юаня, які жыў прыкладна ў 340—278 гадах да н.э. і лічыцца адным з найвялікшых паэтаў старажытнага Кітая. Конкурс па выбары назвы пачаўся ў канцы жніўня 2016 года, пераможца быў вызначаны з амаль 36 тысяч заявак спецыяльным журы і з дапамогай анлайн-галасавання і абвешчаны 24 красавіка 2020 года — у гэты дзень у Кітаі адзначаецца Дзень касманаўтыкі. Кітайскае нацыянальнае касмічнае ўпраўленне (CNSA) заявіла, што ўсе будучыя місіі па даследаванні іншых планет таксама будуць называцца Tіanwen.
Цяжкая ракета-носьбіт «Чанчжэн-5» («Вялікі паход — 5») стартавала 23 ліпеня з касмадрома Вэньчан на востраве Хайнань на поўдні Кітая. Месцам пасадкі папярэдне абраны раён марсіянскай раўніны Утопія, міжпланетны зонд павінен дасягнуць яго налета ў лютым. Задача — пошук слядоў жыцця на Марсе і «разведка» атмасферы. Марсаход, які будзе катацца па планеце, важыць каля 200 кілаграмаў. Ён абсталяваны навігацыйнай і тапаграфічнымі камерамі, а таксама радыёлакацыйнай станцыяй. Адметна, што місія даставіць да Марса не толькі вышэйзгаданы апарат, але і арбітальны апарат, які будзе даследаваць планету, рухаючыся вакол яе па арбіце.
Настойлівыя Штаты
Апошнім з сёлетняга міжпланетнага «каравана» стартавала ракета з марсаходам місіі NASA Perseverance («Настойлівасць»). Назва была абрана з 28 тысяч заявак, дасланых амерыканскімі школьнікамі. Перамог сямікласнік Аляксандр Мазер, які атрымаў права разам са сваёй сям'ёй назіраць за запускам апарата.
На Чырвоную планету марсаход Perseverance павінен сесці ў пачатку лютага. Месцам пасадкі абраны кратар Джэзера на поўнач ад марсіянскага экватара. Асноўная задача экспедыцыі — высветліць, ці ёсць жыццё на Марсе, і зразумець, ці можа атмасфера на планеце ў будучыні змяніцца так, што яна стане прыдатнай для жыцця людзей.
Кажучы пра мэты будучай місіі, у NASA адзначылі, што марсаход Perseverance будзе «ісці па ваду». Гэтым тлумачыцца і выбар месца пасадкі — мяркуецца, што ў раёне кратара Джэзера знаходзіцца высахлая рачная дэльта і дно возера.
Абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі прыборамі, у тым ліку 23 камерамі, марсаход вагой у 1043 кілаграмы будзе збіраць узоры горных парод і глебы, якія маглі ўтварыцца ў той час, калі на Марсе была вада, і ўтрымліваць прыкметы старажытнага жыцця. На марсаходзе — сканер SHERLOC, а таксама ўнікальны верталёт Іngenuіty.
Касмічны прытулак
Місія Perseverance — частка больш буйной касмічнай праграмы NASA «Артэміда», у якую ўваходзяць місіі на Месяц у якасці падрыхтоўкі да каланізацыі Марса. Спецыялісты лічаць, што гэта рэальнае рашэнне праблемы перанасялення Зямлі. Запасы карысных выкапняў на нашай планеце паступова змяншаюцца, пры гэтым расце ўзровень забруджанасці атмасферы і Сусветнага акіяна. Недахоп жыццёва важных рэсурсаў можа прывесці як да лакальных войнаў, так і да глабальных канфліктаў.
Таксама заўсёды існуе пагроза сутыкнення Зямлі з іншым нябесным целам, гэта можа прывесці да масавага вымірання жывых істот, як і адбылося 65 мільёнаў гадоў таму — у эпоху дыназаўраў. І Марс, як лічаць многія, самая перспектыўная кандыдатура на ролю запасной планеты для чалавецтва. Аднак касмічная радыяцыя пакуль з'яўляецца галоўнай перашкодай на шляху пілатуемых палётаў, перакананыя спецыялісты.
Новае даследаванне астрафізіка Дзімітра Атры з Цэнтра касмічнай навукі Нью-Ёркскага ўніверсітэта паказала, што ўмовы пад паверхняй Марса прыдатныя для жыцця. Дагэтуль адпаведная прастора ніколі не даследавалася навукоўцамі. Так што наперадзе шмат цікавага.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/mars