Спецыялісты КНР папярэджваюць насельніцтва аб распаўсюдзе ў некалькіх рэгіёнах краіны даволі небяспечнага віруса, які называецца SFTS і можа прывесці да смяротнага выніку, паведамляе [1] БЕЛТА. Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на кітайскае выданне Global Times.
«Медыкі лічаць, што дадзены вірус перадаецца галоўным чынам праз укусы насякомых, — прыводзіць газета меркаванне мясцовых лекараў. — За першую палову гэтага года ў Кітаі было выяўлена больш за 60 інфіцыраваных, сем з іх памерлі».
Як лічыць кітайскі вірусолаг Шэн Цзифан, якая працуе ў бальніцы пры Чжэцзянскім універсітэце, нельга выключаць магчымасць перадачы гэтага віруса ад чалавека да чалавека.
Паводле статыстыкі, больш за 60 % выпадкаў заражэння SFTS зарэгістравана ў правінцыі Цзянсу на ўсходзе КНР, астатнія — у Аньхой і Чжэцзян, якія прылягаюць да гэтага рэгіёну з захаду і з поўдня адпаведна. У інфіцыраваных назіраліся такія сімптомы, як падвышаная тэмпература, кашаль, а таксама зніжэнне ўзроўню лейкацытаў у крыві і ўтварэнне трамбацытаў.
Мясцовыя вірусолагі патлумачылі, што ўзбуджальнік гэтага захворвання быў знойдзены яшчэ ў 2011 годзе і адносіцца да сямейства буньявірусаў, якія паражаюць пазваночных, членістаногіх, а таксама расліны. Кітайскія медыкі адзначаюць, што SFTS яшчэ мала вывучаны. У той жа час яны мяркуюць, што яго існаванне не павіннае выклікаць паніку. Самыя правільныя паводзіны — быць пільным і прытрымлівацца гігіены.
Прэв’ю: ТАСС
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/world/view/mediki-predupredili-o-rasprostranenii-v-kitae-esche-odnogo-opasnogo-virusa-401976-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[3] https://zviazda.by/be/tags/virus