У сутыкненнях з міліцыяй пацярпелі каля паўсотні грамадзян і 30 праваахоўнікаў.
Пра гэта расказаў Прэзідэнт Беларусі ў размове з дзяржаўным сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым.
«Ноччу хадзілі, бадзяліся, спрабавалі хлапцоў з міліцыі атакаваць і ў асобных момантах атакавалі. Але хлопцы годна выстаялі і адказалі. Ёсць у нас людзі пацярпелыя. Канечне, гэта нязначныя (раненні — «Зв.») — стральбы не было. Але тым не менш адзін аднаму дасталося — і з боку міліцыі, і з боку грамадзянскага насельніцтва. Каля 40-50 чалавек грамадзянскага насельніцтва і каля 30 міліцыянераў пацярпелі. Я думаю, мы гэта перажывем», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Ён назваў фэйкамі паведамленні, што ў нейкім горадзе АМАПаўцы склалі шчыты. «Пачынаю ўдакладняць — абсалютная хлусня. Звычайныя, простыя хлопцы кажуць: «Мы краіну на шчыты не складваем. Мы будзем абараняць, наколькі гэта магчыма», — канстатаваў Прэзідэнт.
Па яго інфармацыі «абараняць прыйшлося спакой не толькі мінчан, але і іншых кандыдатаў. Па словах кіраўніка краіны, аб’яднаныя штабы і апазіцыйныя журналісты, усяго каля 60 чалавек, былі сабраны ў адным офісе.
«Мы атрымалі інфармацыю ад іх жа, хтосьці там з галавой сябруе. Яны ўбачылі, што вакол гэтага офіса натоўп сабраўся, вострая сітуацыя. І ад іх хтосьці папрасіў, каб улада іх абараніла. Я даручыў КДБ імгненна самых моцных вайскоўцаў накіраваць негалосна, узяць пад кантроль гэты офіс, каб не дай Бог, не забілі каго-небудзь. Была патрэбна сакральная ахвяра, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Мы іх абаранялі ўсю ноч, і зараз кантралюем сітуацыю».
Інфармацыю пра забойства польскага грамадзяніна таксама Прэзідэнт ахарактарызаваў выдумкай.
«Ім патрэбна ахвяра. Вы бачыце, што там школьнікі ёсць 16, 17, 18 гадоў, розныя — куды глядзяць бацькі? Іх жа проста кідаюць на штыкі лялькаводы, а самі хаваюцца за спіны», — дадаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што затрымалі па краіне каля 3000 арганізатараў беспарадкаў, амаль палову з іх у Мінску. «Яны хаваюцца і штурхаюць гэтых. Абкураных, п’яных шмат, з наркотыкамі — жах. Мы кантралюем, каб, не дай Бог, не дапусціць гэтага пажару», — дадаў лідар.
Прэзідэнт паведаміў, што самае небяспечнае, што ўчора 33 участкі ў Мінску блакіравалі натоўпы і яму прыйшлося прыцягнуць ваенных, каб эвакуіраваць камісіі. У тым ліку і з Дому ўрада Цэнтральную выбарчую камісію і Лідзію Ярмошыну.
«Я ўсіх папярэдзіў, і ўлада з гэтым справілася. Ды і тое вельмі мякка адносіліся. Не па законе, вельмі мякка падыходзілі. Яны нейкае УУС ці РУУС хацелі штурмам узяць і публічна сарвалі шлем з хлопца-АМАПаўца і хацелі яго чацвяртаваць. Добра, што паспелі хлопцы з АМАПа і нават, па-мойму, гумавыя кулі прымянілі ў гэты момант, разагналі натоўп. Сітуацыя была ноччу напружаная, але малайцы, міліцыя справілася. Армію і службу бяспекі мы прыцягнулі толькі, каб эвакуіраваць выбарчыя камісіі», — расказаў кіраўнік краіны.
Аляксандр Лукашэнка назваў выбары святам, «якое камусьці захацелася сапсаваць».
«Мы іх убачылі, яшчэ ярчэй яны засвяціліся гэтай ноччу. Мы адфіксавалі ўсе званкі з-за мяжы — з Польшчы, з Вялікабрытаніі, і з Чэхіі былі апошнія званкі, кіруючы нашымі, прабачце мяне, авечкамі. Яны не разумеюць, што робяць. Адна ж з’ехала кудысьці, ці ў Польшчу, ці то ў Расію. Дзве засталіся. Яны ж не разумеюць, што робяць. Імі пачынаюць ужо кіраваць», — сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт нагадаў, што ва ўездзе ў Беларусь адмоўлена амаль 180 чалавекам, якія мелі фальшывыя дакументы ці не ведалі, навошта едуць.
Па словах Прэзідэнта, з-за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасць насельніцтва. Спецыялісты разбіраюцца, адкуль ідзе блакіроўка. «Калі Інтэрнэт дрэнна працуе, гэта не наша ініцыятыва, а з-за мяжы. То бок дзейнічаюць мэтанакіравана, гібрыдна па ўсіх кірунках. Але мы вытрымаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2020