Андрэй Кулеш — навуковы супрацоўнiк Слуцкага краязнаўчага музея. У рэспублiканскiм друку ў якасцi празаiка выступае не так даўно i пакуль не вельмi актыўна, затое на сваiм рахунку мае ўжо некалькi перамог у лiтаратурных конкурсах, бадай, самы гучны з якiх — конкурс маладых лiтаратараў Саюзнай дзяржавы «Мост дружбы» (2018). Ну а самай нядаўняй яго творчай перамогай можна назваць выхад у фiнал конкурсу «Слаўная кампанiя: рэANIMAцыя», што праводзiць часопiс «Маладосць».
Думаю, чытаючы апавяданне «Дзiрка», многiя адразу звернуць увагу на мову маладога празаiка: бясспрэчна, праз яе мы чуем голас новага пакалення лiтаратараў, голас новай эпохi. I якой быць ёй, у многiм залежыць ад маладых.
Алесь Бадак.
Канец семестра — гэта нервова. Асаблiва калi справа датычыцца iнжынернай графiкi. На здачу работ у канцы снежня чарга расцягваецца на дзясяткi метраў. Па меры ўсмоктвання даўжнiкоў у семестравую яму ў мiкраклiмат будняў тутэйшых карпусоў уваходзяць пахмурны адчай i раздражненне. Часам справа пахне бойкай.
Стаiш пануры ад дэдлайнаў, стомлены, i нiчога цябе не цешыць.
— Зноў сцены падпiраеце! — крычыць прыбiральшчыца.
— Не-а, не тыя сiлы, каб падпiраць. Прыляпiўся.
Дадому хачу, сур'ёзна. Вясна, цёпла i размашыстыя краны ў рачным порце. Сесцi на востраве каля рыбакоў i глядзець, як сталёвыя жырафы грузяць баржу пяском. Палiчыць свечкi вокнаў у цеплаходзе, калi яшчэ недастаткова цёмна для зорак. А потым замiгцiць свiтанак — i дойдзем кожны да свайго «iнтэрната», i праспiм першыя пары.
Так цi iнакш, работы трэба здаць. Як — справа апошняя, галоўнае — запаветныя роспiсы.
Гэта разумеў i Генадзь Веньямiнавiч, той чалавек, дзякуючы якому ўсе сёння сабралiся.
Гумарыст ён i вельмi душэўны чалавек, але надта ж патрабавальны. Чаго вартае адно яго фiрмовае: «Такая назва мудрагелiстая, пiшыце яе на слых, бо я гарнiтурчык не хачу пэцкаць».
— Ууу, колькi гультаёў сабралася! — сеў ён за стол i пачаў шнарыць па кiшэнях у пошуках акуляраў. — Хочаце сёння здаць i паехаць дадому пернiкi есцi? Ну дык вось што, людцы! Бачыце, у мяне за спiнай ля дошкi цвiчок убiты?! — i ўказаў, не паварочваючыся, далонню на цвiк. — Хто павесiць свае ўжо гатовыя чарцяжы на ентат сiмпатычны i блiшчасты без усялякiх файлаў i тэчак, той малайчына! Калi пытанняў няма, я пайду, завару сабе гарбаты i хуценька вярнуся.
Ён устаў i iмгненна рэцiраваўся ў сваю, як ён сам казаў, каморку.
Там вы не сустрэнеце знарочыстага кабiнетна-лабараторнага глянцу. Гэта сапраўдная працоўная каморка, як у чаляднiка. Са сваiмi асаблiвасцямi, зразумела.
Аднойчы ў кастрычнiку мы з прыяцелем аднеслi туды натурныя ўзоры. На падлозе, проста на стыку двух палос лiнолеуму, ляжалi нажнiцы.
— Я падыму, — сказаў Паша.
Але Генадзь Веньямiнавiч замахаў рукамi:
— Эээ, пакiньце там, дзе ўзялi.
— Добра.
Гаспадар глыбока зацягнуўся цыгарэтай i, зграбаючы левай рукой мадэлi фiгур, сказаў:
— Не проста ж так ляжаць яны тут... А ведаеце, навошта?
— Не, а навошта?
— Эээ, тут у мяне ўсё не проста так. А нажнiцы ляжаць пасярод кабiнета для таго, каб я не забыўся пра свой тэлефон на зарадцы! Бо калi буду сыходзiць, абавязкова спатыкнуся аб iх i ўспомню. Стары ўжо! Iдзiце, я хачу спакойна дакурыць!
Ды куры ты ўжо, здавалася б, я ж не ханжа.
Пайду ў сталоўку — заесцi катлетай крыўду. Баршчу ў сталоўцы можа i не быць, але пах капусты там прапiсаны навечна. Стаў ворагам у чарзе, калi захацеў «першага» без смятаны: абураныя погляды i мiны з вiдавочным «фi» — пацешна.
— Аэрадром вольны? — так гарэзны Веньямiнавiч удакладняў, цi можна падсесцi.
— Так-так, вядома. Прыемнага вам.
— Мм, дзякуй-дзякуй.
Мабыць, ён ужо ўзяўся за справу. Я ж у тэлефон утаропiўся — не люблю, калi ў гэтым працэсе на цябе глядзяць, у сваю чаргу, спрабую i сам не бянтэжыць. Шорхнуўшы па абрусе падносам, ён нечакана неяк звярнуўся, напэўна, гэта i называецца акадэмiчнай роўнасцю:
— А я бачу, вам спадабаўся гэты «сметнiк» старога Плюшкiна.
— Што? Лабаранцкая?
— Каморка!
— Вядома. Столькi ўсяго ўсякага. Макеты, фiгуры, iнструмент, партрэт легендарнага нашага галоўнага iнжынера.
— Ммм, а некаторыя думаюць, што гэта Чэхаў. Цiкавiцеся Ш.? — роўнае з панiжэннем тэмбру пытанне было падобнае на пароль, на манер як у падпольшчыкаў.
— Так. Iнтэрнат насупраць узведзенага iм дома. Фатаграфii старыя бачыў.
— Да капiталкi?
— Менавiта. Калi быў ужо струхлелы, але затое ўсё на месцы.
Ш. — легендарны архiтэктар. Ён пачаў пры старых парадках, пазней працаваў пры новым рэжыме. Гiмназiя, дом культуры, пажарная часць з вышкай, мноства жылых дамоў i iншага. У гады ўваходжання новых пакаленняў у дарослае жыццё прынесены ў ахвяру на алтар «новага свету» — згнiў за калючкай на балотах. Новы свет надышоў, ды не той. I ўладары гэтага свету яго нiяк не прызнаюць.
— Хадзем. Хочаш убачыць нешта цiкавае?
Я не азваўся, ужо iшоў за iм, азiраючыся па баках i не верачы сваёй удачы. Ён адчынiў уваход на гарышча.
— Заходзь.
Лёгка, так, як дадому, упусцiў. Цёмнае, астылае, пакiнутае старое гарышча. Глыбокае, пыльнае, нават для галубоў няўтульнае. Iдэальнае месца, каб згубiць што-небудзь цi знiкнуць самому. Верагодна, ён так i рабiў — «згубiў» нешта ад злосных-зайздросных вачэй.
— Вы там, малады чалавек, прыгiнайцеся. Прыйшлi, аглядай.
Ёсць на што глянуць — столькi ўсяго. Шарэнгi ссунутых парт, iншыя з iх стаяць на фанерках i складзеных у шэсць столак сшыткавых лiстах — барацьба за роўную паверхню. На канструкцыi, якая нагадвае рымскую чарапаху, раскiнуўся макет горада, як наша планета на спiнах земнаводных, толькi сiвая легенда тут перайначана: зямная цвердзь ляжала на трох сланах, а тыя, у сваю чаргу, прытанцоўвалi тысячагоддзямi на горбе няшчаснай. Тут жа — проста чарапаха. Зрэшты, i такi варыянт легенды ёсць — без сланоў.
Як я зразумеў, гэта быў наш горад — гiстарычны цэнтр. Здаецца, маштаб 1:400 або 1:600 — недзе каля таго. Нешта ў iм не так, падвох нейкi ёсць. Цэнтральныя вулiцы на месцы, з трасiроўкай усё акей. Будынак, яшчэ будынак... Ну зразумела! У макет па стане на 2013 год уключаны
страчаныя архiтэктурныя помнiкi. Iдзём ад нашай шарагi i глядзiм. Узарваны сабор на скрыжаваннi вулiц. Гэтым выбухам «прабiлi» сквер, «вызваліўшы» месца пад каток. Россып мадэрновых цагляных двухпавярховiкаў. Чуў, што яны былi, але каб столькi! У васьмiдзясятыя перашкодзiлi новаму гаркаму. Самае брыдкае, што большая частка iх была не ў плошчы гэтага «саркафага». На iх месцы трава пучкамi ды кусты маркотнымi вожыкамi чахнуць. Гандлёвыя рады, дзiвосна выкладзеныя цэглай i фiлiгранна выразаныя з дрэва, загiнулi ў 1943 годзе. Касцёл пачалi расцягваць на матэрыялы з саракавога года, а люфтвафэ давяршыла ў 41-м. Ходзяць легенды, што фугасы з тых самалётаў заляцелi ў дамы тых, хто пабудаваўся на пыле касцёла. Не ведаю...
На сталах воддаль стаяць усе аб'екты, але ў маштабе 1:100, i шмат iншых страчаных.
— I як?
— Гэта цудоўна.
— Вельмi добра. Iншыя не ўбачылi б.
— Чаму гэта? — што, думаю, такiя дурнi тут вучацца, што не ведаюць?
— Ведаеш... Iм гэта тэма «не балiць». I таму, калi староннi сюды неяк трапiць, нiчога ён тут не ўбачыць.
— Пацешна.
— Ходзь сюды.
Iду. Стаў ля нечага, прыкрытага мешкавiнай.
— Сцягвай.
Опа! Вось гэта транклюкатар. Першая думка — як абазваць. На акуратна зваранай са зламаных крэслаў станiне — скрыня ад пажарнага крана, мабыць, усяго толькi корпус для «нутранкi». На iм збоку вушамi навiсалi дзве электрычныя скрынкi — серабрыстыя, круглявыя, на выгляд цяжкiя, з адтулiнамi для ключа — i рубiльнiк. З чэрава ПК выглядваў на вынасе лазерны нiвелiр Bosch. Парабала — вялiкая такая, некалькi баскетбалiстаў за ёй схаваецца. Паверхня яе ўсеяная, як поле рэпай, шпулькамi — строга разлiчанымi, на аднолькавай адлегласцi.
— Што гэта?
— Я гэта называю «швейнай машынкай гiсторыi» — дзiркi ў коўдры мiнулага зашываць. Хочаш ведаць, як гэта ўсё працуе?
— Ага, але толькi як-небудзь для смяротных, а не з формуламi, графiкамi i iншымi сiстэмамi каардынат.
— Глядзi. Гэты лазер скануе патрэбны макет, якi ставiцца на паднос. Потым лазер выстаўляецца на месца макета, дзе стаяў гэты аб'ект. А потым iмпульс... Усё трэба рабiць пасля навальнiцы. Дарэчы, для дакладнасцi сiгнал суправаджаецца антэнай з майго лецiшча ў Зябраўцы — яна вiсiць на каштане.
— I?
— Не ведаю дакладна. Павiнен з'явiцца будынак, — з упэўненасцю выдатнiка расказаў прынцып дзеяння i вынiк.
— Так. А з чаго яно, так бы мовiць, генеруе пабудову?
— З такiх кампанентаў, як пыл гiсторыi, попел падзей, вада стагоддзяў, калi i ад слёз радасцi i смутку, пiсьмовай гiсторыi i чалавечай памяцi, вось.
— Гэта ўсё ў нейкiм мультысусвеце спачывае цi што?
— Менавiта.
Цi магло гэта быць сур'ёзным? I так, i не: ведаючы свайго настаўнiка, можна было разлiчваць на любы варыянт. Але хочацца дайсцi да канца — да сутнасцi.
— Трафiмыч, — даверлiва так, — а давай бахнем чаго, а? Шлёпнем дом 1906 года на незаконную паркоўку!
— Бахнем, абавязкова. Але рана — тут разетка ўсяго на 220. Ды i вылiчыць могуць.
— Дакладна.
Смутак пабег па шыi да самых пят.
— Але ж я раз ужо бахаў. На гэта i 220 хапiла.
— Ды ну?!
— Памятаеш, гэтай вясной каля парку рабочыя наскочылi на пару старых падвалаў? А як сто трыццаць метраў брукаванкi выявiлi, якую лiчылi разабранай?
— Ого! — усё, што я змог. I на самай справе — хiтра. Падвалы можна сапхнуць на бамбёжкi, а брук на хуткасную кладку асфальту ў цэнтры. Нi камар носа, нi дэтэктыў алоўка не падточаць...
Пасля ўсяго, што адкрылася, я праспяваў вiдавочнае i галоўнае пытанне. Думаю, ён сам яго чакаў i марыў хоць каму прэзентаваць сваю пазiцыю.
— Навошта вам гэта?
— Трэба i ўсё... Нейкае вострае пачуццё, цi што, адказнасцi перад нашчадкамi, вiны перад продкамi i сораму за сучаснiкаў. Гэтыя ж вунь якiя панэлi пляскаюць ды ўсё ў асфальт катаюць — iм толькi «мамона», прыбытак — гешэфт.
Бязладдзе адчуванняў. Быццам табе паказалi выключную рэч цi нейкi ўнiкальны чужы талент. У цябе вочы гараць, табе хочацца, ты ўяўляеш, зайздросцiш — i шалееш, калi не атрымлiваеш. Але калi даведаешся, што за гэтым стаiць: праца, адказнасць, хватка, стойкасць, пот, слёзы — многае адразу пераацэньваеш. Пацешна, мабыць, уяўляць сябе бажком, якi можа многае павярнуць назад. Але нiхто не хоча, ды i не думае пра адказнасць, якая сцiскае хамутом усяго цябе. Цi зразумеюць яго твор? Якая будзе рэакцыя? Каму можа перашкодзiць або перайсцi дарогу? Цi трэба гэта каму?
А мы тым часам з настаўнiкам спускаемся на паверхi нiжэй — нагамi i ў сваiх марах.
...Частка студэнтаў, якiх было крыху больш за дзясятак, адразу ж сарвалася з месцаў. Пакiдаўшы тэчкi i файлы на падлогу, пачалi прабiваць свае чарцяжы цвiком. Складзеныя па ДАСТе былыя чарцяжы ператваралiся ў расхлябанае нiшто, якое весела пагойдвалася на цвiку — стос папяровай масы для прыбiральнi. З нервамi i мацюкамi ўсё было скончана на працягу некалькiх хвiлiн. Наваяўленыя «стаханаўцы» ўселiся з задаволеным выглядам блiжэй да цвiка i працоўнага месца выкладчыка.
У кабiнет важна ўвайшоў Венiямiнавiч з гарбатай. Сеў, паставiў кубак на аркуш i пасунуў крэсла блiжэй да стала. Убачыўшы задаволеныя твары тых, хто сядзiць побач, ён павярнуўся да цвiка са стосам чарцяжоў, хмыкнуў i, зноў павярнуўшыся, сказаў:
— Ну-с, давайце сюды свае... творы!
Знялi, паклалi.
— Ха! Ну я з вас, хлопцы, не магу! Ах, калi б вы былi на занятках, то ведалi б, што нiчога старонняга на чарцяжах не дапускаецца.
Ён устаў з месца, узяўшы верхнi чарцёж за край з вiдавочнай гiдлiвасцю:
— А тут во! Дзiрка, паны i паненкi! Дзiрка праз увесь чарцёж! Дзi-i-iрак быць не павiнна!
Ён расцягваў словы так, быццам уяўным алоўкам прачэрчваў гэтую iсцiну на паперы. На белай у свядомасцi кожнага, i асаблiва ў нашых «герояў».
— Вы не адужалi тэорыю, так што давядзецца перарабляць практыку. А калi яшчэ i чарцяжы пачытаць ды паглядзець, то там суцэльныя «мiстэйкi» будуць.
Яны знiклi практычна адразу, нiбы правалiлiся ад сораму скрозь мiжпавярховыя перакрыццi. Нiхто не ведаў, чаго чакаць далей. Але Венiямiнавiч усё разрадзiў:
— Гэта была задачка з зорачкай для абiбокаў усялякiх. Хоць са студэнтаў-абiбокаў часам атрымлiваюцца вялiкiя людзi... А для руплiвых хлопчыкаў i дзяўчынак у мяне аўтаматы! Давайце па чарзе з чарцяжамi i залiкоўкамi! I не натоўпам.
Менавiта. «Дзiрак» нiдзе быць не павiнна: нi ў дробязях матэрыяльных, нi ў высокай матэрыi i памяцi — нiдзе.
Прэв’ю: misanec.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau