Падрыхтоўка да школы — справа клопатная i далёка не танная. На чым можна сэканомiць грошы, час i сiлы, пры гэтым нi на што не забыўшыся i не накупляўшы лiшняга? Пра гэта мы спыталi ў розных спецыялiстаў i ў мам школьнiкаў рознага ўзросту.
Канцылярскiя тавары
Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба. Самi па сабе канцылярскiя тавары каштуюць капейкi, але за ўсё разам набягае вялiкая сума. У першым класе спiс канцтавараў выдае настаўнiк на бацькоўскiм сходзе ў канцы жнiўня. Калi яго ў вас няма, купiце «канцылярку» па мiнiмуме — некалькi тонкiх сшыткаў у клетку i ў лiнейку, адну-дзве ручкi, простыя алоўкi, гумку. Падлiковы матэрыял для першакласнiкаў (у асноўным, гэта палачкi) выпускаецца ў незлiчонай колькасцi варыянтаў i памераў. Якi патрэбны менавiта ў вашым класе, удакладнiце ў настаўнiка. Тое ж самае датычыцца i лiнейкi — у некаторых школах першакласнiкаў просяць прыносiць на ўрокi драўляныя лiнейкi, а не пластмасавыя. Пенал, дзе для кожнага алоўка або ручкi прадугледжаны трымальнiкi — не лепшы варыянт для першакласнiка. Танней i разумней набыць пенал на «маланцы», у якi можна проста ссыпаць ручкi i алоўкi.
Галiна Грынчук, настаўнiк гiмназii-каледжа:
— Не трэба купляць першакласнiку шмат сшыткаў. Яны карыстаюцца пропiсамі i спецыяльнымі рабочымі сшыткамі, якiя часцей за ўсё закупляюцца на клас цэнтралiзавана.
Не купляйце малодшым школьнiкам, i асаблiва першакласнiкам, дарагiя алоўкi i ручкi. Усё гэта будзе губляцца. Дарэчы, гелевымi ручкамi ў малодшай школе пiсаць не дазваляецца, толькi шарыкавымi. I не варта загадзя купляць вокладкi на падручнiкi — можна прамахнуцца з памерамi. Атрымаеце падручнiкi — купiце вокладкi.
Вольга Прылюбка, дырэктар прадзюсарскага цэнтра, мама траiх дзяцей:
— Мая галоўная парада: састаўце падрабязны спiс. Рабiце пакупкi толькi па гэтым спiсе, i стаўце галачку насупраць кожнага пункта. Да 1 верасня ў крамах i гандлёвых цэнтрах столькi ўсякай прыгажосцi, што на эмоцыях можна накупляць многа непатрэбнага.
Кацярына Алёхiна, практычны псiхолаг, мама пяцiкласнiка:
— Я нiколi не купляю канцтавары да 1 верасня, калi ўсюды чэргi i натоўп народу каля вiтрын. Мой лайфхак — мець на першы тыдзень наступнага школьнага года невялiкi запас «канцыляркi» з мiнулага года. А закупляцца сшыткамi, ручкамi i ўсiм iншым дзесьцi з 5 да 10 верасня. Знiжкi яшчэ дзейнiчаюць, а чэргаў ужо няма.
Танiта Кам, дызайнер упрыгожванняў, мама трэцякласнiцы:
— Маё правiла ў дачыненнi да канцтавараў для школы: спадабаўся дызайн — купiце некалькi. Гэта ж не дорага, а праз паўгода-год вы падзякуеце сабе за прадбачлiвасць. Ручкi-алоўкi аптымальна купляць оптам. Нядаўна купiла цэлую ўпакоўку сiнiх шарыкавых ручак — 100 штук. Па-першае, оптам атрымлiваецца танней. Па-другое, пытанне з ручкамi цяпер вырашана надоўга. Асобна хачу сказаць пра тых дзяцей, хто iдзе першы раз у першы клас. Вось для iх канцтавары сапраўды трэба выбiраць, лепш за ўсё — разам з дзiцем. Каб усё гэта было прыгожым, мiлым, падабалася першакласнiку. Гэта патрабуе ад мамы сiл, часу i некаторых матэрыяльных выдаткаў, але гэта архiважна! Першага верасня для першакласнiка — вельмi сур'ёзная падзея. I калi вы хочаце, каб ваша дзiця палюбiла школу, гэту падзею трэба абставiць з усёй урачыстасцю.
Адзенне
Калi ў вашай школе прадугледжана пэўная школьная форма, тады зразумела, што купляць. Але патрабаваннi большасцi сучасных школ дастаткова абстрактныя: дзелавы стыль.
Пачнiце з рэвiзii леташняга школьнага гардэробу дзiцяцi — можа быць, сын цi дачка яшчэ не з усяго выраслi. Вадалазкi, кашулi, спаднiцы можна насiць i два гады. Пасля рэвiзii складаем спiс неабходных пакупак.
Галiна Грынчук, настаўнiк:
— Калi вы — мама першакласнiка, перад тым, як iсцi па школьную форму ў краму, адкрыйце сайт вашай школы. Там пазначаны патрабаваннi да формы адзення вучняў. У некаторых школах могуць быць канкрэтныя патрабаваннi па колеры або фасоне. Тое ж самае датычыцца i фiзкультурнай формы: у некаторых школах прадугледжваецца пэўны яе колер па класах. Першакласнiкi звычайна доўга зашпiльваюць гузiкi, а часам зусiм не ўмеюць гэта рабiць. Няхай разам з сарочкамi для ўрачыстых мерапрыемстваў у гардэробе вашага школьнiка будуць трыкатажныя вырабы без гузiкаў.
Лiлiя Кацер, валеолаг:
— Аптымальны варыянт, калi тканiна, з якой шыецца форма, напалову складаецца з натуральных матэрыялаў. Дзякуючы натуральным валокнам адзенне будзе гiграскапiчным, будзе прапускаць паветра, а штучныя валокны не дазволяць ёй камячыцца, забяспечаць устойлiвасць афарбоўкi i захаванне вонкавага выгляду вырабу пасля шматразовага
мыцця.
Вольга Жураўская, fashion-стылiст:
— Купляючы школьную вопратку дзiцяцi, трэба набываць яе не «для школы», а для жыцця. Арыентуйцеся на тое, цi зможа дзiця насiць тое, што вы купiлi, толькi ў школу, цi захоча надзець нейкiя «школьныя» рэчы ў iншых спалучэннях у вольны час. Калi захоча — значыць, вы набылi правiльную рэч. Я раiла б купляць школьнае адзенне дзiцяцi па прынцыпе фармiравання капсульнага гардэробу. «Капсула» — гэта базавы камплект рэчаў для канкрэтных сiтуацый (напрыклад, дзелавая «капсула»), вытрыманы ў адным стылi i каляровай гаме, якi прадугледжвае вялiкую колькасць камбiнацый.
Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:
— Я не раiла б мамам хлопчыкаў купляць дзеля 1 верасня касцюм з пiнжаком. Пiнжак хлопчык надзене ад сiлы тры-чатыры разы за год. Ды i штаны са стрэлкамi даставяць нямала клопату: вы гатовыя прасаваць iх кожны дзень? У нас нават белая кашуля адна — яна дасталася ад старэйшага брата. Школьнiк у нас у сям'i — толькi сярэднi сын, старэйшы ўжо скончыў школу, малодшая дачка яшчэ маленькая. I наш варыянт школьнай формы — цёмныя штаны ў стылi сasual без усялякiх стрэлак (калi забыўся фiзкультурную форму, яны лёгка ператвараюцца ў элегантныя «трэнiкi») i тонкiя трыкатажныя свiтары спакойнай светлай расфарбоўкi.
Марына Федаровiч, рэдактар, мама шасцiкласнiцы:
— Калi вы — занятая мама, якая шмат працуе, дапамажыце сабе: купiце не дзве, а пяць блузак, не адну, а дзве школьныя спаднiцы, плюс штаны, сарафан i дзве камiзэлькi цi, напрыклад, жакет i камiзэльку. Так вам не прыйдзецца некалькi разоў на тыдзень займацца мыццём, чысткай i прасаваннем школьнага адзення.
Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:
— Калi выбiраць адзенне для пачатковай школы, мне падабаецца айчынная «Калiнка». У фiрменных крамах «Калiнкi» заўсёды вялiкi выбар мадэляў i нядрэнны дызайн рэчаў. А калi казаць пра больш дарослых дзяцей, то сёлета цiкавыя мадэлi я знайшла ў iнтэрнэце на Wildberries. I, дарэчы, не ў сезон у крамах дзiцячага i падлеткавага адзення бываюць знiжкi да 70 %.
Абутак
У школу патрабуецца «зменка». Лепш выбiраць натуральную скуру цi якасныя тканiны. Галоўнае правiла для зменнага абутку — не слiзкая падэшва.
Кацярына Алёхiна, мама пяцiкласнiка:
— Са шнуркамi малодшыя школьнiкi звычайна доўга важдаюцца, а некаторыя дзецi класа да пятага не могуць асвоiць гэтую мудрагелiстасць. Лепш выбраць абутак без шнуркоў — напрыклад, на лiпучках. Або замест шнуркоў уцягнуць тонкую каляровую гумку, каб надзяваць i здымаць абутак можна было, не расшнуроўваючы.
Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:
— Каб захаваць «вулiчны» абутак у добрым стане, насiце ў школе «зменку», пачынаючы з верасня. Калi казаць пра зменны абутак для хлопчыка, мне падабаюцца слiпоны. Гэта красоўкi з тканiны. Яны без шнуркоў i добра цягнуцца. Акуратна, нядорага, камфортна, да таго ж яны мыюцца ў пральнай машыне. Дарэчы, пад пэўны стыль адзення такi абутак падыдзе i дзяўчынкам.
Рукзак
Галоўныя патрабаваннi да рукзака для першакласнiка — матэрыял, якi не надта лёгка забруджваецца i без праблем адмываецца, цвёрдая спiнка, шырокiя шлейкi i нескладаныя зашпiлькi. Па рукзак лепш адправiцца ў краму разам з першакласнiкам: прапануйце яму паспрабаваць расшпiлiць i зашпiлiць усе зашпiлькi на сумцы. Атрымалася — купляйце.
Галiна Грынчук, настаўнiк:
— Як мiнiмум у першым класе (а ў некаторых школах i ў другiм класе) школьны партфель цi рукзак дзiцяцi не патрэбны. Падручнiкi, зменны абутак, спартыўная форма малодшых школьнiкаў застаюцца ў класе. Дадому дзецi носяць толькi сшыткi — для iх купiце лёгкую папку з ручкамi для пераноскi.
Лiлiя Кацер, валеолаг:
— Слова «ранец» сёння ўспрымаецца як састарэлае, але дзецям малодшага i сярэдняга школьнага ўзросту медыкi рэкамендуюць насiць менавiта ранец — сумку на шлейках з цвёрдым каркасным корпусам i шчыльнай спiнкай. Рукзак жа — гэта сумка на шлейках без цвёрдага каркаса. Ранец раўнамерна размяркоўвае вагу школьных падручнiкаў па пазваночнiку дзiцяцi. Дзякуючы цвёрдаму корпусу змесцiва ранца будзе надзейна абаронена ад падзенняў, удараў, ападкаў — гэта зручна для малодшых школьнiкаў, якiя яшчэ не ўмеюць сачыць за сваiмi рэчамi. Вага школьнай сумкi павiнна быць: для навучэнцаў пачатковых класаў — не больш за 600—700 г, для навучэнцаў сярэднiх i старэйшых класаў — не больш за 1000 г. Важна, каб на школьнай сумцы былi святлоадбiвальныя элементы — на пярэднiх, бакавых паверхнях i верхнiм клапане.
Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:
— Апошнiм часам у моду ўвайшлi так званыя артапедычныя рукзакi. Прыгожыя, карысныя для спiны, дарагiя. I жудасна цяжкiя! Мы ледзь не купiлi такi. Але ён жа пусты важыць, як мех бульбы! А ў яго яшчэ прыйдзецца пакласцi мiнiмум тры-чатыры кнiжкi. На мой погляд, вельмi важна, каб школьны рукзак сам па сабе быў лёгкi.
Алiна Кот, IT-спецыялiст, мама дваiх дзяцей:
— У мяне дзецi ўжо дарослыя: сын у восьмым класе, дачка — у дзявятым. Класа з восьмага пытанне з набыццём школьнай сумкi ўжо не актуальнае для бацькоў. Падлеткi i так усюды ходзяць з рукзакамi. Адзiнае правiла для школьнага рукзака: без яркiх надпiсаў i уставак, больш класiчнага выгляду.
Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:
— Я аддаю перавагу недарагiм мадэлям рукзакоў для школы. Калi парвецца — не так шкада. Акрамя таго, дзецям надакучвае адно i тое ж адзенне, а новы рукзак дазваляе трохi змянiць стыль. Я купляю сыну рукзак два разы за школьны год.
Гаджэты
Класiчны набор сучаснага школьнiка — тэлефон i планшэт. Часам у гэты спiс дадаецца ноўтбук.
Лiлiя Кацер, валеолаг:
— Па сутнасцi, тэлефон патрэбны дзiцяцi па дарозе ў школу i дадому, каб сказаць, што з iм усё добра, а ў выпадку экстраннай сiтуацыi звязацца з бацькамi. Працяглае «сядзенне ў гаджэтах» пагаршае памяць, сон i зрок.
Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:
— Можна адкласцi набыццё мабiльнага тэлефона да пятага класа. Мы пакуль абыходзiмся «разумным гадзiннiкам». Ён паказвае час, з яго можна патэлефанаваць маме, прадугледжана кнопка SOS, GPS-адсочванне, датчыкi зняцця з рукi i выхаду з пазначанай зоны. А мабiльныя тэлефоны дзецi здаюць настаўнiку перад урокамi i атрымлiваюць толькi пасля заканчэння заняткаў. Так што сэнсу ў гэтым гаджэце я не бачу, пакуль дзiця не падрасце. Праўда, калi ва ўсiх дзяцей у вашым класе ўжо ёсць «мабiльнiкi», а ў вашага дзiцяцi няма, гэта можа быць для яго псiхалагiчна цяжка.
Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:
— Я ўпэўнена: малодшаму школьнiку гаджэты не патрэбны. Хоць у нас яны былi з першага класа — i мабiльны тэлефон, i планшэт. Але карыстацца падручнiкамi i чытаць кнiгi ў электронным выглядзе я сваё дзiця не прывучаю. Хацелася б, каб сын палюбiў менавiта папяровыя кнiгi — iх пах, паход у бiблiятэку. Уменне «загуглiць» кароткi змест дзецi набываюць хутка.
I яшчэ некалькi парад
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/pershaklasnik