Музей мёду і пчалярства адкрылі днямі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. А раней у мясцовым заапарку з'явіліся новыя гадаванцы.
У аддзеле турызму, экалагічнай асветы і інфармацыйнага забеспячэння гэтай дзяржаўнай прыродаахоўнай установы паведамілі, што, бадай, адзін з самых цікавых экспанатаў музея — празрысты вулей з пчоламі. Назіраць за жыццём гэтых істот можна гадзінамі, не адрываючы вачэй.
У музеі цікава будзе даведацца пра тое, як людзі пачалі займацца пчалярствам, пра нюансы догляду, збору мядовага ўраджаю. Прыемным сюрпрызам стане магчымасць пакаштаваць мёд ад пчол, якія жывуць у дамках у запаведніку.
Летам у заалагічным парку запаведніка пасялілі плямістага аленя і еўрапейскую лань. Іх прывезлі з Бягомльскага лясгаса.
Традыцыйна Лепельскі раён, дзе знаходзіцца «царства чыстага паветра і жывёл», штогод наведваюць тысячы людзей з розных краін свету. Адмена віз для іншаземцаў паспрыяла павелічэнню колькасці турыстаў, якія прыязджаюць у краіну ў цэлым і ў запаведнік — у прыватнасці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[5] https://zviazda.by/be/tags/byarezinski-biyasferny-zapavednik-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/pchalyarstva
[7] https://zviazda.by/be/tags/pchalyarskaya-sprava