Былы настаўнiк матэматыкi i фiзiкi, жыхар вёскi Стралкi Верхнядзвiнскага раёна Пётр Каськовiч амаль паўстагоддзя займаецца любiмай справай — пчалярствам. У свой час ён быў першапраходцам сярод вяскоўцаў, якiя распачыналi гэты клапатлiвы i захапляльны мядовы занятак. Для многiх вяскоўцаў-пчаляроў Пётр Пятровiч быў i застаецца першым настаўнiкам — перадае iм свае мядова-пчалярскiя навыкi i досвед.
— Цяпер у мяне засталося толькi шаснаццаць вулейчыкаў (раней было сорак), але i з гэтай колькасцю пчоласем'яў хапае турбот — як-нiяк, мне ўжо пад восемдзесят, — з лёгкiм сумам кажа Пётр Каськовiч. — Хачу, каб салодкiм рамяством авалодаў i мой унук Уладзiслаў — вядома, яго таксама навучу, як займацца пчоламi.
Наведаўшы вёску Стралкi i сустрэўшыся з Пятром Пятровiчам, я пазнаёмiўся i з яго ўнукам Уладзiславам Федуковiчам, якi жыве ў райцэнтры i працуе выконваючым абавязкi галоўнага iнжынера прадпрыемства электрасетак Верхнядзвiнскага раёна. А яшчэ даведаўся, што настаўнiк i пчаляр Каськовiч па-ранейшаму сябруе са «Звяздою» — ужо на працягу трыццацi гадоў.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya