Доўгачаканыя дажджы, нарэшце, прыйшлi на гэтым тыднi. Але, на жаль, пакуль што яны не насыцiлi зямлю вадой так, як бы гэтага хацелася. Па звестках Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, зараз устаноўлены забароны i абмежаваннi на наведванне лясоў у 34 раёнах Беларусi. Пры гэтым у «чырвонай зоне» — уся Гомельская вобласць. Рэшта ж знаходзiцца ўздоўж межаў з краiнамi Балтыi.
Цi палепшыцца сiтуацыя ў iх? Падрабязней пра надвор'е на канец тыдня расказалi ў Рэспублiканскiм цэнтры па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды.
З суботы антыцыклон распаўсюдзiцца на ўсю тэрыторыю Беларусi. У суботу адыходзячае лета ласкава нас пагрэе. Удзень будзе +22—29! Праўда, уначы ўжо адаб'ецца блiзкасць верасня — чакаецца ўсяго ад сямi да чатырнаццацi са знакам «плюс». Абыдзецца без ападкаў. Вецер мяркуецца ўмераны, але няўстойлiвы.
23 жнiўня надвор'е зноў пачне пакрысе змяняцца. На тэрыторыю Беларусi пачне змяшчацца франтальны раздзел. Пачынаючы з паўночнага захаду, будзе павялiчвацца воблачнасць. Адтуль жа да нас прыйдуць кароткачасовыя дажджы. Але холадна не будзе — ад 21 да 27 цяпла, месцамi сонца паспее нагрэць паветра да 29 вышэй за нуль. Уначы ж тэмпература не зменiцца ў параўнаннi з суботай, за адным выключэннем — на захадзе яна можа дасягаць 15—18 цяпла. Абумоўлена гэта большай колькасцю аблокаў.
Па папярэднiх прагнозах, дажджы на большую частку тэрыторыi краiны вернуцца ў пачатку наступнага тыдня.
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dazhdzhy