У мiжнароднай практыцы iснуе толькi два вiды права, якiя ў прынцыпе не могуць падпадаць пад нейкае абмежаванне з чыйго-небудзь боку, у тым лiку з пазiцыi дзяржавы. Гэта забарона катаванняў i рабства ў любой форме. Аднак насамрэч гэтыя правы iгнаруюцца i парушаюцца ледзьве не паўсюдна i на розных узроўнях. Пытаннi прававой рэгламентацыi абароны дзiцяцi на вэбiнары «Аказанне юрыдычнай дапамогi дзецям, якiя пацярпелi ад гвалту (у тым лiку гандлю людзьмi i звязанага з iм злачынства)» акрэслiў адвакат Мiнскай гарадской калегii адвакатаў Дзмiтрый ЛЕПРЭТАР. Прававыя анлайн-мерапрыемствы пры падтрымцы пасольства Вялiкабрытанii ладзiў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЭФ) у Беларусi сумесна з Беларускай рэспублiканскай калегiяй адвакатаў (БРКА).
Без згоды бацькоў
Насiлле над дзецьмi — шматгранная з'ява, якая ўключае ў сябе розныя аспекты псiхалагiчнага i фiзiчнага гвалту, што можа адбывацца ў школе, на вулiцы i нават дома.
— У артыкуле 32 Канстытуцыi сказана, што сям'я, шлюб, мацярынства i бацькоўства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Бацькi або асобы, якiя iх замяшчаюць, павiнны клапацiцца пра выхаванне малых, iх здароўе i навучанне. Дзiця не мусіць падвяргацца жорсткаму абыходжанню або зневажанню, прыцягвацца да работ, якiя могуць нашкодзiць яго фiзiчнаму, маральнаму цi разумоваму развiццю, — акрэслiў Дзмiтрый Лепрэтар. — Насiлле супраць дзяцей — досыць латэнтнае злачынства, якое складана выявiць i пасля прадставiць доказы, бо хатнi гвалт у асноўным здзяйсняюць сваякi i члены сям'i.
Канвенцыя аб правах дзiцяцi, прынятая ў 1985 годзе i ратыфiкаваная Беларуссю (у прыватнасцi, артыкулы 13, 16, 27, 34, 35, 36, 37), таксама заклiканая абараняць малых ад гвалту.
Як працяг Канвенцыi ў нас дзейнiчае закон аб правах дзiцяцi, дзе таксама гаворыцца пра забарону бесчалавечнага стаўлення. Акрэслена, як дзiця само можа абараняць свае правы: папрасiць зрабiць гэта сваiх бацькоў цi апекуноў або самастойна. Адвакат заўважае:
— Падлетак, якому споўнiлася 14 гадоў, мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогi (згодна з артыкулам 13 Закона аб правах дзiцяцi) ад спецыялiстаў для абароны сваiх законных правоў i iнтарэсаў без згоды бацькоў. Пры гэтым заканадаўча прадугледжана, што юрыдычная дапамога дзецям у iх iнтарэсах аказваецца бясплатна за кошт сродкаў БРКА.
Прадпiсанне супраць гвалту
Артыкул 17 Закона аб правах дзiцяцi ў кантэксце хатняга гвалту прадугледжвае, што бацькi цi апекуны нясуць адказнасць за неправамерныя спосабы выхавання, у прыватнасцi за выкарыстанне фiзiчнай сiлы. А ў артыкуле 137 у дачыненнi да дзяцей iснуе асаблiвая норма, якая забараняе прымусовае перамяшчэнне малых, у тым лiку праз мяжу.
— У Беларусi ёсць таксама профiльны закон, якi прымяняецца ў адносiнах да непаўналетнiх. Ён змяшчае такое паняцце, як абароннае прадпiсанне. Калi ў сям'i адбываецца хатнi гвалт у дачыненнi да iншых яе членаў, то ў выпадку неаднаразовага прыцягнення гвалтаўнiка да адмiнiстрацыйнай цi крымiнальнай адказнасцi органы ўнутраных спраў могуць вынесцi абароннае прадпiсанне, дзе ўкажуць абмежаваннi адносна здзяйснення тых цi iншых дзеянняў у дачыненнi да ахвяры насiлля.
Дакументам могуць абмяжоўвацца, напрыклад, спробы крыўдзiцеля знайсцi дзiця, якое з другiм з бацькоў знаходзiцца ў прытулку, а таксама наведванне гэтага месца, стасункi праз тэлефон i iнтэрнэт. З дапамогай абароннага прадпiсання можна абмежаваць i месца жыхарства самога агрэсара, вымусiць яго пакiнуць памяшканне, дзе ён жыў з сям'ёй, якую зневажаў, i забаранiць яму распараджацца агульнай уласнасцю. Праўда, тэрмiн дзеяння прадпiсання абмежаваны — ад 3 да 30 сутак. За гэта час органы апекi павiнны дапамагчы сям'i вырашыць сiтуацыю.
— Выдача абароннага прадпiсання магчымая толькi з пiсьмовай згоды паўналетняга члена сям'i, якi пацярпеў ад хатняга гвалту. Калi такую згоду немагчыма атрымаць, бо пацярпелая асоба знаходзiцца ў залежным ад агрэсара стане (напрыклад, гвалтаўнiк — адзiны здабытчык), то абароннае прадпiсанне з такiмi ўмовамi можа зацвердзiць пракурор, — звярнуў увагу Дзмiтрый Лепрэтар. — Звычайна гэты дакумент iнiцыюе кiраўнiцтва раённага ўпраўлення ўнутраных спраў.
Калi пацярпелы ад насiлля паўналетнi адмаўляецца ад прыцягнення вiнаватага да адказнасцi, то далей усё залежыць ад складу злачынства. Ёсць справы, якiя можна распачаць толькi па заяве пацярпелага. Але возьмем 153-i артыкул Крымiнальнага кодэкса адносна прычынення лёгкiх цялесных пашкоджанняў. Нават калi крымiнальная справа скончылася ў сувязi з прымiрэннем бакоў, то пры паўтарэннi падобнай сiтуацыi можна выпiсаць абароннае прадпiсанне.
— Перашкодай да звяртання са скаргай на хатнi гвалт з'яўляецца таксама страх, што дзiця трапiць у катэгорыю тых, хто знаходзiцца ў сацыяльна-небяспечным становiшчы. Праз гэта змяншаецца працэнт зваротаў рэальных ахвяр насiлля, — удакладнiў адвакат.
Гэта лiчыцца гандлем людзьмi
Беларусь ратыфiкавала некалькi профiльных мiжнародных канвенцый, у прыватнасцi Канвенцыю Савета Еўропы аб супрацьдзеяннi гандлю людзьмi. Для развiцця сваiх мiжнародных абавязкаў Беларусь прыводзiць нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з мiжнароднымi стандартамi.
— Злачынствы, якiя звязаны з гандлем людзьмi, падпадаюць пад набор артыкулаў Крымiнальнага кодэкса Беларусi, аднесеных да гэтай сферы. Прымус да заняткаў прастытуцыяй, стварэнне ўмоў для яе, выкарыстанне рабскай працы, выкраданне, незаконныя дзеяннi, скiраваныя на працаўладкаванне за мяжой, стварэнне i распаўсюджванне парнаграфiчнай прадукцыi з выявамi непаўналетнiх, — кажа Дзмiтрый Лепрэтар. — Гандаль людзьмi — гэта вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальнiцтва або атрыманне чалавека з мэтай яго эксплуатацыi, якое дасягнута шляхам падману, злоўжывання даверам цi здзейснена пад пагрозай насiлля.
Калi ж вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальнiцтва або ўтрыманне чалавека з мэтай эксплуатацыi датычацца непаўналетняга, то гэта лiчыцца гандлем людзьмi (крымiнальным злачынствам) нават у тым выпадку, калi асобу, што не дасягнула 18 гадоў, не падманвалi i не пагражалi ёй, падкрэслiў адвакат. Дарэчы, эксплуатацыя — гэта незаконны прымус чалавека да работы па аказаннi паслуг, у тым лiку сексуальных, сурагатнага мацярынства, забору органаў i тканак, калi ён не можа адмовiцца ад гэтага.
Калi чалавек можа даказаць, што з'яўляецца ахвярай гандлю людзьмi, ён мае права на рэабiлiтацыю i бясплатную юрыдычную дапамогу. Адвакат у гэтым выпадку атрымае грошы за сваю работу ад калегii.
Грумiнг i цкаванне ў рэжыме анлайн
У сучасным свеце насiлле можа мець таксама вiртуальныя формы праз стасункi дзiцяцi ў iнтэрнэце, якiя з часам могуць прыняць рэальныя абрысы. Сачыць за тым, чым займаецца дзiця ў сецiве, павiнны перш за ўсё бацькi, мяркуе адвакат:
— Што датычыцца булiнгу i цкавання ў iнтэрнэце, то, як правiла, яно з'яўляецца вынiкам пераследу дзiцяцi ў школе. Настаўнiку трэба сачыць, што адбываецца ў класе. Таксама неабходна працаваць з сем'ямі — дзiцяцi, якога цкуюць, i тых, хто цкуе.
Яшчэ адна праява сучаснасцi — грумiнг, калi дзiця вымушаюць выказаць пэўную сексуальную актыўнасць праз iнтэрнэт. Былi нават спробы замацаваць паняцце грумiнгу заканадаўча, аднак прыцягнуць да адказнасцi за гэтыя супрацьпраўныя дзеяннi вельмi праблематычна. Часта дзiця ўжо само расказвае пра гэта аднагодкам у школе, а тыя — бацькам, абазначыў Дзмiтрый Лепрэтар.
Дзецi часта высвятляюць адносiны памiж сабой, i здараюцца розныя праблемныя сiтуацыi, якiя перарастаюць у насiлле. Гэта можа быць i парваны заплечнiк, i плёткi ды абразы ў сацыяльных сетках. Бывае, што дзiця спачатку само праяўляла насiлле, а пасля пацярпела i стала ахвярай высвятлення адносiн. «Што можна параiць рабiць бацькам, калi яны даведваюцца, што ў дачыненнi да iх дзiцяцi ўжываецца псiхалагiчны i фiзiчны гвалт?» — пацiкавiўся ў адваката мадэратар мерапрыемства Дзмiтрый ШЫЛIН, старшы каардынатар па пытаннях аховы дзяцiнства Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЭФ) у Беларусi.
— Калi гэта адбываецца ў школе, трэба звязвацца з яе кiраўнiцтвам, прычым лепш зрабiць гэта пiсьмова i зарэгiстраваць зварот, каб ад падаўца скаргi не маглi адмахнуцца, — параiў адвакат. — Атрымаўшы афiцыйны адказ i не пагадзiўшыся з гэтым дакументам, ужо можна iсцi вырашаць праблему ў вышэйшыя iнстанцыi. Хоць звычайна кiраўнiцтва школы стараецца купiраваць праблему на сваiм узроўнi праз педсаветы, ушчуваннi, размовы i iншыя меры ўздзеяння, якiя не маюць юрыдычных наступстваў для агрэсара i яго сям'i. Калi гэта не дапамагае, надыходзiць чарод камiсii па справах непаўналетнiх. Крымiнальная адказнасць у Беларусi пачынаецца з 16 гадоў па агульных справах, а па асаблiва цяжкiх — з 14. Адмiнiстрацыйная адказнасць настае таксама з 16 гадоў. Пры гэтым варта памятаць, што за ўчынкi дзяцей адказваюць i iх бацькi. Гэта таксама можа быць рычагом вырашэння школьнай праблемы.
Калi хочаш дапамагчы...
Часта сведкамi насiлля могуць стаць суседзi, хоць заяў ад бацькоў няма, а дзiця запужалi. Аднак няма нейкiх унiверсальных парад, як зрабiць лепш, бо кожная сiтуацыя — асаблiвая i канкрэтная. Акрамя таго, iснуе яшчэ i элемент сузалежнасцi, i немагчыма прадказаць, што будзе пасля таго, як падаць скаргу, а пасля забраць заяву. Гэта, пэўна, ужо больш справа педагогаў i псiхолагаў. У любым выпадку, калi заўважаеш праявы цкавання i зневажання дзiцяцi, перш за ўсё трэба клапацiцца пра яго iнтарэсы, намагаючыся яму дапамагчы, а не дбаць пра рэпутацыю школы цi яшчэ нейкiя моманты, параiў напрыканцы адвакат i нагадаў, што далёка не кожнае дзiця пойдзе да адваката скардзiцца на сваякоў цi аднагодак.
Арганiзацыя ЮНIСЭФ удзяляе асаблiвую ўвагу пытанням прававой падтрымкi i юрыдычнай абароны iнтарэсаў непаўналетнiх, таму, акрамя юрыдычных вэбiнараў, у Беларусi арганiзавана анлайн-кансультаванне для дзяцей i бацькоў па праблемах шлюбна-сямейных адносiн праз чат-бот у «Тэлеграме» @kids_lawyer_bot.
Iрына СIДАРОК
Калi дзiця стала аб'ектам цкавання ў iнтэрнэце, ахвярай анлайн-насiлля, у тым лiку звязанага з гандлем людзьмi, можна звярнуцца да спецыялiстаў па кансультацыю на сайце kids.pomogut.by, а таксама ананiмна i бясплатна пазванiць на нумары 8 801 100 16 11 (кругласутачна) або 8 801 201 55 55 (з 8.00 да 20.00).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/nasille
[5] https://zviazda.by/be/tags/yurydychnaya-dapamoga