Шумна і весела было на пляцоўцы каля мясцовага аддзела культуры і вольнага часу, куды з усіх бакоў падыходзілі сельскія жыхары. Цэнтральнай падзеяй кулінарнага свята стаў кірмаш дамашняй малочнай прадукцыі і рэцэптаў па вырабе сыру. Кожны ахвотны змог не толькі пакаштаваць сыр, масла, але і прыкупіць упадабаны прадукт з рэцэптам, каб потым пачаставаць сваіх родных і расказаць пра спосаб яго вырабу.
Як паведамілі ў Ашмянскім навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці, розныя віды сыроў прывезлі на кірмаш сыравары. А побач з апетытным гандлёвым радам размясцілася выстаўка сырных страў. Пакуль дарослыя знаёміліся з імі, дзятва атакавала прылаўкі з папкорнам, малочнымі кактэйлямі, прысмакамі, дзіцячымі цацкамі і велізарную надзіманую горку. Насычаную забаўляльную праграму прапанавалі гледачам работнікі культуры і фізкультурна-спартыўны клуб горада Ашмяны. У спартыўна-гульнявой праграме «Давай наперад за сырам» з задавальненнем удзельнічалі і дзеці, і дарослыя.
Незвычайным элементам свята стаў флэшмоб «Жывы сыр», а асаблівай цікавінкай — «Сырнае казіно», адкуль усе ўдзельнікі сыходзілі не з пустымі рукамі, а з сырнымі і малочнымі прызамі. Выдатны настрой на працягу свята дарылі гасцям ансамбль народнай песні «Жытніца» аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка, удзельнікі народнага тэатра песні і танца «Імпульс», пад завадныя кампазіцыі якіх актыўныя жупранцы з задавальненнем пускаліся ў скокі. Майстры-сыравары, якія не толькі прадставілі сваю прадукцыю, але і падзяліліся сакрэтамі сыраварства, атрымалі імянныя падзякі і памятныя падарункі. Смачным завяршэннем свята стала агульная дэгустацыя піцы-волата «Вясковы сыравар».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/ashmyanski-rayon