Міністр унутраных спраў Юрый Караеў адправіўся 1 верасня ў спецыялізаваны ліцэй МУС. Там ён павіншаваў навучэнцаў з Днём ведаў.
Ліцэй, які размясціўся ў самым сэрцы Трактаразаводскага пасёлка, праз чатыры гады рэканструкцыі нарэшце пачаў працаваць у абноўленым будынку. Стары корпус — равеснік пасёлка, ён быў узведзены ў першыя пасляваенныя гады. Чаго тут толькі не было — інтэрнат, сярэдняя школа, кадэцкае вучылішча... Цяпер ён уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У ліцэі могуць кругласутачна знаходзіцца да 250 выхаванцаў.
На абноўленым пляцы адбылася ўрачыстая лінейка і празвінеў першы званок. Пасля яго ліцэісты адправіліся на першы ўрок пад назвай «Я вырас тут, і край мне гэты дарагі».
— Мы хочам выхаваць тут рознабаковых юнакоў і дзяўчат, заахвоціць іх да здаровага спосабу жыцця, — адзначыў Юрый Караеў. — Яны будуць вучыцца пад кіраўніцтвам мудрых выкладчыкаў. Кажуць, што ў дзяцей, якія вучацца ў спецыялізаваных установах, няма дзяцінства. Гэта не так. Трэба проста разумець, што дзяцінства — гэта не ўсёдазволенасць. Проста ў гэты час трэба набываць добрыя якасці і веды. І затрачаны ў такім узросце час абавязкова адаб'ецца ў будучыні.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-karaeu-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/licey-ministerstva-unutranyh-sprau