Пяць гадоў таму сем раёнаў Магілёўшчыны — Крычаўскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Касцюковіцкі і Хоцімскі — атрымалі магчымасць карыстацца прэферэнцыямі і льготамі па Указе № 235. Сёлета падчас наведвання Касцюковіцкага раёна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне падоўжыць тэрмін дзеяння гэтай праграмы яшчэ на пяць гадоў. Адпаведна быў прыняты Указ № 177 «Аб мерах па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», які прадугледжвае стварэнне дадатковых умоў для развіцця эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. У Магілёўскім аблвыканкаме ўжо распрацавана праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна з улікам новага ўказа. На днях Магілёўскі аблсавет дэпутатаў яе зацвердзіў.
— Ва ўказе закладзены прэферэнцыі, якія дадаліся да ўжо існуючых, — удакладняе старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў. — У папярэднім дакуменце для інвестара стваралася інфраструктура за кошт бюджэту, што было прынцыпова і важна. Гэта ўсё захавана, плюс дадалася льгота па кампенсацыі часткі выдаткаў за карыстанне крэдытамі Банка развіцця па тых праектах, якія рэалізуюцца на згаданай тэрыторыі. Гэта павінна прывабіць інвестара. Новым указам прадугледжаны льготы па арэндным жыллі, ёсць права яго выкупу па цане ў памеры 10 % ад ацэначнага кошту пры ўмове пражывання і ажыццяўлення працоўнай дзейнасці на гэтай тэрыторыі не менш чым 10 гадоў. Прадугледжана таксама закупка сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі — тое, што вельмі актуальна для прадпрыемстваў гэтага рэгіёна. У развіццё гэтага ўказа намі прынятая праграма, дзе ўсё распісана па ўсіх кірунках дзейнасці. Там агаворваецца, на якія параметры трэба выйсці раёнам, і пералічаны асноўныя мерапрыемствы ў рэальным сектары эканомікі і ў сацыяльнай сферы. На рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы будзе накіравана з розных крыніц каля паўмільярда рублёў.
За перыяд дзеяння папярэдняй праграмы зроблена шмат. Пабудаваны дрэваапрацоўчыя цэхі ў Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, сушыльныя комплексы ў Краснапольскім і Чэрыкаўскім раёнах. Лясгасам закуплена неабходная тэхніка. У выніку аб'ём апрацоўкі драўніны павялічыўся ў 1,6 раза за кошт пасадкі новых саджанцаў павялічыліся плошчы лясоў. Адкрылася некалькі сучасных вытворчасцяў. У Касцюковіцкім раёне запрацаваў ліцейны беларуска-расійскі завод і наладжана вытворчасць паліўных брыкетаў «Дрэвапіл». У Крычаўскім адкрыўся новы завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт і арганізавана вытворчасць па вырабе кукурузных палачак.
З ліку найбольш значных праектаў, якія сёння рэалізуюцца на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна, — стварэнне вытворчасці драўнянага вугалю кампаніяй «Вуглеград» у Клімавіцкім раёне. Інавацыйнае прадпрыемства будуюць у вёсцы Барсукі на месцы былога ваеннага аэрадрома.
— Праект «Вуглеград» вельмі перспектыўны, яго фінансуе прыватнае магілёўскае прадпрыемства «Тэхналіт» пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук Аляксандра Бадзякі, — паведамляе начальнік аддзела эканомікі Клімавіцкага райвыканкама Галіна Зубарава. — Створана ўжо 15 рабочых месцаў. Прадпрыемства стане вырабляць па новых тэхналогіях экалагічны вугаль, 90 працэнтаў якога будзе экспартавацца. Ужо набыты тэхніка, абсталяванне і імпартныя печы, якія ў будучым заснавальнік плануе вырабляць сам.
— Прадстаўнікоў прыватнага бізнесу прыцягвае тое, што дзяржава часткова бярэ на сябе затраты пры рэалізацыі інвестпраекта, — кажа Галіна Анатолеўна. — У прыватнасці, прэферэнцыямі 235-га ўказа па падаходным падатку і адлічэннях у Фонд сацыяльнай абароны ў нас скарысталіся два прыватныя прадпрыемствы.
У рамках рэалізацыі праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна выдзяляюцца сродкі на сацыяльную сферу. У 2021—2025 гадах у сямі раёнах плануецца абнавіць парк школьных аўтобусаў, рэканструяваць і правесці капітальны рамонт устаноў адукацыі і аховы здароўя.
У тых жа Клімавічах будзе абноўлена раённая бальніца. Прадугледжана развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва дадатковых станцый абезжалезвання. За кошт сродкаў Банка развіцця будзе зманціравана лінія па грануляванні на Клімавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў, з'явяцца дадатковыя аб'екты гандлю ў мясцовага райспажыўтаварыства. Летась дзякуючы сродкам Банка развіцця ім пабудавана сучасная крама плошчай звыш 50 квадратных метраў у вёсцы Барсукі. Налета райспажыўтаварыства плануе пабудаваць яшчэ дзве — у густанаселеным раёне па вуліцы Леніна і па вуліцы Чыгуначнай, дзе зусім стары гандлёвы аб'ект.
— Прапаноў шмат, — канстатуе Галіна Зубарава. — Мы накіравалі іх у вобласць для ўзгаднення, каб потым уключыць у план развіцця Клімавіцкага раёна на 2021—2025 гады. У нас, напрыклад, ёсць свінакомплекс, які ўжо даўно функцыянуе. Ён вычарпаў свой рэсурс, і мы сфармулявалі па пунктах, што трэба для павышэння эфектыўнасці яго работы. Зараз гэта таксама на разглядзе ў аблвыканкаме.
Некалькі буйных праектаў пачалі рэалізоўвацца на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна яшчэ ў рамках дзеяння 235-га ўказа. Магілёўскі мясакамбінат пабудаваў свінакомплекс у вёсцы Перагон праектнай магутнасцю 24 тысячы галоў у год. Хутка распачне дзейнасць прадпрыемства «Чырвоны харчавік — Слаўгарад».
— Гэтыя прадпрыемствы даюць нам перш за ўсё магчымасць развіваць сваю эканоміку і ствараць новыя рабочыя месцы, — звяртае ўвагу старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — На прадпрыемстве «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» будзе ўстаноўлена новая высокатэхналагічная нямецкая лінія па вытворчасці мармеладу, што дазволіць работнікам атрымліваць высокую заработную плату.
Маленькія гарады вобласці пакутуюць з-за недахопу рабочых месцаў. Такія прадпрыемствы, як «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» і свінакомплекс у вёсцы Перагон забяспечваюць занятасць насельніцтва, а значыць, папярэджваюць яго адток з раёна.
— Толькі на двух гэтых прадпрыемствах плануецца стварыць каля 200 рабочых месцаў, — кажа намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама, які курыруе пытанні эканомікі, Руслан Іларыёнаў. — У планах «Чырвонага харчавіка» пасадзіць сад непадалёк, каб не было праблем з сыравінай. На прадпрыемстве таксама будзе запушчана лінія па расфасоўцы мёду. Дынамічна развіваецца малы бізнес. Сярод прыватных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на перапрацоўцы драўніны для паставак на ўнутраны і знешні рынкі, — ТАА «Кронатэкс-Бел», «СлаўЛесІнвест», «Слаўгарадскае лесанарыхтоўчае прадпрыемства», «ЭкаСветГандаль», «СлаўЛёнЭкспарт». У рабоце вельмі перспектыўны праект «Наватэль», які рэалізуюць расіяне. У будынку былога Дома быту яны ствараюць цэлы комплекс сферы паслуг — рэстаран, гасцініцу, цырульню і гэтак далей. Развіваецца і «сацыялка», у новым мікрараёне Маладзёжны будуецца дзіцячы садок на 75 месцаў. Летась райспажыўтаварыства за кошт крэдытных сродкаў Банка развіцця пабудавала краму на вуліцы Маладзёжнай.
Да ведама, з пачатку дзеяння Указа № 235 у Слаўгарадскім раёне зарэгістраваны 34 суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 103 індывідуальныя прадпрымальнікі. На 1 студзеня гэтага года іх было ўжо 53 і 142 адпаведна. Удзельная вага плацяжоў у бюджэт, выплачаных імі ў агульных паступленнях, склала 26,1 %.
У Чэрыкаўскім раёне праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна дала магчымасць адчувальна палепшыць вынікі ў аграрным комплексе.
— Гэта каласальная падтрымка для сельскай гаспадаркі, — упэўнены старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Міхеенка. — Сёлета дзякуючы падтрымцы, якую аказала дзяржава, мы выйшлі на дастаткова сур'ёзныя параметры. Вытворчасць малака склала да ўзроўню мінулага года 130 %, каля 170 % да леташняга ўзроўню будзе намалочана збожжа. Мы нарыхтавалі пад поўную патрэбу травяністыя кармы. Усё гэта наглядна паказвае, якія вялікія сродкі ўкладаюцца ў развіццё раёна. І гэта менавіта дзякуючы праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Нас падтрымалі з набыццём угнаенняў, тэхнікай. Практычна на 70 % абнавілі свой парк. Раёну перадалі сем новых камбайнаў. І мы імкнёмся, каб нашы паказчыкі былі не ніжэй за сярэднеабласны ўзровень. З такой падтрымкай гэта магчыма. Зараз, калі з'явіліся новыя прэферэнцыі, стане яшчэ лепш. Прадугледжана сур'ёзная падтрымка інвестпраектаў. На жаль, палітычныя перыпетыі, якія зараз адбываюцца, не даюць як след рэалізавацца гэтаму ўказу. Калі няма стабільнасці, інвестар не спяшаецца ўкладваць у краіну свае грошы. Спадзяёмся, што хутка ўсё стабілізуецца, і мы пачнём працаваць у звыклым рэжыме.
Толькі лічбы
Па даных камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама, за перыяд дзеяння 235-га ўказа з 1 ліпеня 2015 года ў эканоміку і сацыяльную сферу паўднёва-ўсходняга рэгіёна накіравана каля 945 мільёнаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Прыцягнута больш чым 36,7 мільёна долараў прамых замежных інвестыцый. Створана 215 новых камерцыйных арганізацый, суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, працаўладкавана 2310 чалавек. Узровень датацыйнасці знізіўся з 58,6 % у 2004 годзе да 55,9 % у 2019-м. Пабудавана 125,8 тысячы квадратных метраў жылля, у тым ліку 57,7 тысячы з дзяржпадтрымкай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара, з архіва Слаўгарадскага райвыканкама і адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ilgoty
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukaz
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/razvicce
[8] https://zviazda.by/be/tags/dobrauparadkavanne