Што кажуць паданні пра ўзнікненне назвы Бялынічы — гарадскога пасёлка, які 6 верасня стане сталіцай Дня беларускага пісьменства‑2020
Дзень беларускага пісьменства сёлета пройдзе пад лічбай XXVІІ, свята спрыяе пашырэнню лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, нашай духоўнасці. Заснавана было ў маладой беларускай незалежнай дзяржаве ў 1994 годзе. З таго часу й адзначаецца штогод: у першую нядзелю верасня па ўсёй краіне. А сталіцамі свята штогод становяццца розныя гістарычныя й культурныя цэнтры Бацькаўшчыны, з якімі спалучана жыццё вядомых дзеячаў краіны.
Бялынічы цяпер — гэта горад на захадзе Магілёўшчыны. Упершыню згадваецца ў летапісах пад 1577 годам, але ж паданні даносяць весткі пра больш даўнюю гісторыю мястэчка. Як пісаў вядомы мовазнаўца, гісторык, палітычны дзеяч Янка Станкевіч (1891–1976), ужо сама назва Бялынічы сведчыць пра яе старажытнасць: бо назвы найстарэйшых беларускіх паселішчаў заканчваюцца на -ічы. Паводле ж падання ў 1240 годзе, калі хан Батый захапіў Кіеў, некалькі манахаў, ратуючы жыцці, узялі з сабой старадаўнюю візантыйскую ікону й спачатку па Дняпры, а потым па Друці прыплылі да высокае гары, парослай лесам. На тым узвышшы й заснавалі манастыр — з праваслаўнай царквой святога прарока Ільі. Ад іконы ж ноччу зыходзіла свячэнне, што дапамагала манахам умацавацца духам, мець надзею на лепшую будучыню. Тады, паводле падання, і насталі для святых айцоў на зямлі беларускай ясныя дні й светлыя (ці белыя) ночы. Дарэчы, па-ўкраінску белая ноч — гэта біла ніч. Адзін крок ад такога словазлучэння да Бялынічаў! Кажуць, праз пэўны час паблізу абраза пачалі здзяйсняцца цуды. І пакаціўся па зямлі погалас пра тое, а ў манастыр пайшло ўсё больш паломнікаў. Некаторыя з іх сяліліся паблізу. З часам паселішча й атрымала назву Белыя Ночы, ці Бялынічы.
Той цудатворны абраз, на жаль, знік у часе Вялікай Айчыннай вайны — разам з іншымі каштоўнымі музейнымі рарытэтамі, якія захоўваліся ў Магілёве. За савецкім часам не ацалеў і згаданы манастыр. Праўда, цяпер ёсць надзея на ягонае адраджэнне: ужо закладзены падмурак капліцы на Ільінскай гары, той самай, дзе калісьці стаяла царква. Мяркуецца, вернецца ў горад з Магілёва й захаваная там фрэска з разбуранага манастыра.
Галоўныя ўрачыстасці ў Бялынічах, як пісалі нашы калегі, пройдуць па вуліцы Савецкай, дзе размесцяцца пяць тэматычных зон. У 10‑тысячным горадзе вялікія работы па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства распачаліся ў леташнім верасні: калі старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка ў Слоніме з рук калегі атрымаў вымпел на права правядзення свята. Рэканструявана само гарадское асяроддзе, адноўлены Дом культуры, бібліятэка, іншыя сацыяльна значныя аб’екты, жылыя дамы Бялынічаў. У прыватнасці, мясцовы музей павялічыўся па плошчах практычна ў два разы, там адкрыюцца экспазіцыйныя залы, прысвечаныя творчасці знакамітага мастака Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі (ён, як вядома, родам з Бялыніччыны), гісторыі краю, ягоных людзей, духоўнай спадчыне. Там жа й размесцяць спіс цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці.
Яшчэ да 9 Мая цалкам была зроблена прыгожая Алея герояў у Ліпавым гаі — Цэнтральным парку горада. Рэканструявалі там і мемарыял воінам Вялікай Айчыннай вайны, прывялі ў парадак вадаём, зрабілі веладарожку. Зрэшты, як будуць выглядаць Бялынічы ў святочную пару — пабачым у тэле- й фотарэпартажах са свята. У каго ж ёсць магчымасць пабываць у святочных Бялынічах, той атрымае шмат станоўчых эмоцый ды ўспамінаў — на многія гады.
Дарэчы. Пасёлак гарадскога тыпу Бялынічы атрымаў статус горада раённага падпарадкавання напрыканцы 2016 года — разам з паселішчам Круглае, што таксама ў Магілёўскай вобласці. Такое рашэнне было прынята 19 снежня на сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.
Іван Іванаў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy