Позна ўвечары ў аўторак прагрымеў выбух у Бабруйску. Здарэнне адбылося ў кватэры на першым паверсе дзевяціпавярхоўкі, што знаходзіцца на вуліцы Лынькова. У цяжкім стане ў бальніцу быў шпіталізаваны 55-гадовы мужчына. У яго дыягнаставаныя апёкі 60 % паверхні цела розных ступеняў — ад першай да трэцяй.
Выбух меў наступствы і для іншых жыхароў дома. Як паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, 23 чалавекі былі вымушаны адправіцца на начлег у гасцініцу. Яшчэ каля трыццаці звярнуліся пусціць да сваякоў. Справа ў тым, што газ, які выбухнуў, стварыў шмат праблем. У кватэры ён выбіў аконныя і дзвярныя блокі. Праз перакрыцце аднаго з пакояў прайшла расколіна. Выбуховая хваля выбіла шкло ў трох аўтамабілях, якія былі прыпаркаваныя ў двары. У суседніх кватэрах папсаваныя аконныя і дзвярныя блокі.
Што папярэднічала здарэнню? Сітуацыю патлумачылі ў Следчым камітэце.
— Увечары ў аўторак у міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што мужчына ўключыў газ і нікога да сябе не пускае. У дачыненні да названага мужчыны распачата крымінальная справа па ч. 2 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульна небяспечным спосабам) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdarenni
[3] https://zviazda.by/be/tags/babruysk
[4] https://zviazda.by/be/tags/vybuh