У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка Васілю Быкаву. Яе размясцілі на пілоне дома на вуліцы Максіма Танка, 10. Тут працяглы час (з 1978 па 2003 год) жыў і займаўся напісаннем твораў беларускі класік.
Мемарыяльная дошка выраблена з латуннага ліста, мае памеры 1,83 метра ў даўжыню і паўметра ў шырыню і змяшчае скульптурны партрэт пісьменніка, адліты ў бронзе, а вышэй можна ўбачыць аўтограф Васіля Быкава, «напісаны» паверх урыўка з яго аповесці «Атака». Як адзначыў стваральнік помніка скульптар Ігар Засімовіч, працуючы над стварэннем вобраза Васіля Быкава, ён абапіраўся на фотаздымкі і відэаматэрыялы, а таксама на ўражанні ад сустрэч з сынамі класіка. У выніку народнага пісьменніка можна ўбачыць такім, якім яго запомнілі і памятаюць многія — у тым ліку і з падручнікаў па літаратуры.
— Мастацкая рада збіралася тры разы з нагоды працы над гэтай мемарыяльнай дошкай. На першай радзе мы даведаліся, што праект ухвалілі. Потым мы ўдакладнялі і вызначаліся з месцам, дзе дошка будзе размешчана. Пазней ужо абмяркоўвалі эскіз і праект. Дошка была гатовая ў першай палове мая, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі яе ўстаноўка пераносілася на восень. Папярэдне дошку ўсталявалі, а вось афіцыйнае адкрыццё, магчыма, яшчэ наперадзе, — кажа Ігар Засімовіч.
— Але твор ужо займае сваё месца і людзі наведваюць яго. Калі казаць пра тое, што атрымалася, то мы бачым там машынапісную старонку з яго твора — з прысвячэннем, напісаным рукой самога пісьменніка. Паверх мастацкага тэксту аўтограф Васіля Быкава, які выглядае так, нібы гэты аркуш прапалены.
Навіны пра стварэнне мемарыяльнага знака з'яўляліся яшчэ ў 2018 годзе, аднак здзейсніць задуманае атрымалася толькі цяпер. Варта адзначыць, што ініцыятарамі ўвасаблення гэтай задумы выступілі дабрачынны фонд Марыі Магдалены Радзівіл і Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі пры падтрымцы МЗС, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама.
Алена ДРАПКО
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/vasil-bykau
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[8] https://zviazda.by/be/tags/memaryyalnaya-doshka