«Ковідныя» навіны зноў у «топе» сусветных інфармагенцтваў. Прычына — другая хваля глабальнага віруса, якая захліснула шэраг краін. Прычым ацэнкі і прагнозы ўплывовых сусветных экспертаў даволі змрочныя. Пандэмія каранавіруса «застаецца некантралюемай», заявіў [4] днямі генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён лічыць, што вакцына ад «ковіду» не з'яўляецца панацэяй і сама па сабе не можа вырашыць праблему, тым больш у найбліжэйшай будучыні. Генеральны сакратар ААН заявіў, што вакцына ад каранавіруса павінна разглядацца як «глабальная грамадская карысць», даступная для ўсіх. Аднак для забеспячэння яе даступнасці спатрэбіцца «квантавы скачок у фінансаванні», дадаў Гутэрыш. Раней Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што свет павінен рыхтавацца да новай пандэміі, паколькі каранавірус яшчэ не пераможаны. Чым адметная другая хваля «ковіду», да чаго рыхтавацца?
Захварэлі 30 мільёнаў
Напрыканцы мінулага тыдня споўнілася паўгода з таго дня, як СААЗ аб'явіла распаўсюджванне СОVІD-19 пандэміяй. Яна ахапіла ўвесь свет за выключэннем толькі некалькіх краін, па большай частцы — астраўных дзяржаў. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за красавік, выпадкаў захворвання на каранавірус не было выяўлена ў Лесота, Вануату, Кірыбаці, Тонга, Мікранезіі, Палау, Тувалу, Науру, на Каморскіх, Саламонавых і Маршалавых астравах і Самоа. Цяпер пандэмія ахапіла ўвесь свет і працягвае пашырацца. Паводле апошніх даных універсітэта Джонса Хопкінса, на СОVІD-19 захварэла больш чым 30 мільёнаў чалавек, колькасць памерлых набліжаецца да мільёна.
Сусветная служба Бі-бі-сі правяла даследаванне, каб ацаніць сітуацыю ў свеце за мінулыя паўгода пандэміі. У апытанні ўдзельнічалі 30 тысяч чалавек. Адна з высноў заключаецца ў тым, што пандэмія пагоршыла сацыяльную няроўнасць як у кожнай асобна ўзятай краіне, так і паміж краінамі. Таксама для бедных дзяржаў кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы СОVІD-19 нашмат больш сур'ёзныя. Аб істотным пагаршэнні асабістай фінансавай сітуацыі паведамілі 69 працэнтаў рэспандэнтаў з бедных краін (Лацінская Амерыка, Азія і Афрыка) у параўнанні з 45 працэнтамі апытаных у больш заможных краінах (Еўропа і Паўночная Амерыка).
Самы высокі працэнт насельніцтва, якое пацярпела ад пандэміі ў фінансавых адносінах, выяўлены ў Кеніі (91 %), Тайландзе (81 %), Нігерыі (80 %), Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (77 %), Інданезіі (76 %) і В'етнаме (74 %).
Чатыры сцэнарыі
Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вызначыў чатыры асноўныя сцэнарыі распаўсюджвання каранавіруса ў розных рэгіёнах свету. Паводле яго слоў, не ўсе пацярпелі ў аднолькавай ступені. Колькасць выпадкаў заражэння працягвае расці там, дзе правераныя меры процідзеяння альбо не ўжываліся, альбо не выконваліся.
Першы сцэнарый рэалізуецца ў краінах, якія былі папярэджаны пра ўспышку каранавіруса. Гэта некаторыя дзяржавы Паўднёва-Усходняй Азіі, Ціхаакіянскага рэгіёна, Карыбскага басейна і Афрыкі. Яны хутка і эфектыўна адрэагавалі на першыя выпадкі заражэння, і ім удалося пазбегнуць буйных успышак, узяўшы кантроль над сітуацыяй у свае рукі і наладзіўшы эфектыўную камунікацыю з насельніцтвам адносна мер, якія павінны быць прынятыя.
Па другім сцэнарыі развівалася сітуацыя ў краінах, дзе адбыліся маштабныя ўспышкі захворвання, але іх удалося кантраляваць дзякуючы моцнаму кіраўніцтву і насельніцтву, якое прытрымліваецца асноўных мер прафілактыкі (многія краіны Еўропы). Гэтыя дзяржавы даказалі, што пад кантроль могуць быць узятыя нават буйныя ўспышкі.
Краінам, дзе сітуацыя развівалася па трэцім сцэнарыі, удалося пераадолець першы пік каранавіруса, але паслабленне абмежаванняў прывяло да новага росту захворвання. Чацвёрты сцэнарый рэалізуецца ў краінах, дзе інфекцыя перадаецца найбольш інтэнсіўна, — у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Паўднёвай Азіі і некалькіх краінах Афрыкі. Хоць у двух першых рэгіёнах зарэгістравана больш за палову ўсіх выпадкаў, кіраўнік СААЗ падкрэсліў, што «ніколі не позна ўзяць вірус пад кантроль».
Страты — 35 трыльёнаў долараў
Аднаўленне сусветнай эканомікі запавольваецца, і да канца года дзяржавы па ўсім свеце могуць сутыкнуцца з новымі праблемамі, лічаць апытаныя Blооmbеrg эксперты. Агульная шкода да 2025 года можа дасягнуць 35 трыльёнаў долараў. У такую суму ацаніў страты ад пандэміі прафесар эканомікі Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта Уорвік Макібін. «Давядзецца вакцынаваць дастаткова шмат людзей, перш чым эканамічныя выдаткі пачнуць зніжацца», — адзначыў фінансавы аналітык. Як папярэджвае Макібін, на тое, каб зрабіць вакцыну шырока даступнай у свеце, спатрэбіцца яшчэ шмат часу.
Прычын для апасенняў з пункту гледжання эканомікі сёлета шмат, адзначае Blооmbеrg. Зіма ў паўночным паўшар'і можа справакаваць яшчэ адну хвалю віруса, пакуль вакцына не гатовая. Дзяржпадтрымка работнікаў і мараторыі банкаў на плацяжы па пазыках паступова праходзяць. Напружанне паміж ЗША і Кітаем можа ўзмацніцца да выбараў прэзідэнта ў лістападзе, што таксама негатыўна адаб'ецца на настроях бізнесу.
«Мы прайшлі пік аднаўлення. З гэтага моманту імпульс будзе скарачацца», — лічыць саветнік па сусветнай эканоміцы інвестыцыйнай кампаніі Расіfіс Іnvеstmеnt Mаnаgеmеnt Ёахім Фельс. Сярод шэрагу фактараў, якія выклікаюць непакой, Blооmbеrg вылучае, у прыватнасці, тое, што ў Кітаі спажыўцы па-ранейшаму не выдаткоўваюць грошы на ранейшым узроўні, а найбуйнейшыя банкі зрабілі справаздачу аб найгоршым падзенні прыбытку больш чым за 10 гадоў з-за росту «дрэнных» даўгоў. «Статыстыка паказвае хуткае аднаўленне ў другім квартале і больш павольнае ў трэцім: эканамічная актыўнасць па-ранейшаму значна ніжэйшая за давірусны ўзровень. Каб вярнуцца да нармальнасці, якая была да віруса, патрэбная вакцына», — лічыць вядучы эканаміст Blооmbеrg Том Орлік.
Пазітыўныя прыкметы сапраўды ёсць: урады накіравалі каля $20 трлн падатковай і грашовай падтрымкі. Паступовае аднаўленне кітайскай эканомікі «аптымісты называюць кіраўніцтвам, па якім рухаецца астатні свет», адзначае Blооmbеrg. З іншага боку, «антыкрызісная дзяржаўная падтрымка і фактычна адкладзеныя банкруцтвы могуць ператварыць кожную шостую кампанію ў «зомбі» ў краіне. Наступствы будуць сур'ёзныя», — папярэдзіў кіраўнік найбуйнейшага нямецкага банка Dеutsсhе Bаnk Крысціян Цэвінг на вераснёўскай банкаўскай канферэнцыі Hаndеlsblаtt. Банкіры асцерагаюцца, што як толькі «зомбі» пазбавяцца субсідый, яны масава перастануць плаціць па крэдытах.
Фінансавы рэгулятар BаFіn, які наглядае за нямецкімі банкамі, падзяляе іх апасенні. «З гэтай гісторыі мы так проста не выблытаемся, гэта дакладна, — заўважыў кіраўнік BаFіn Фелікс Хуфельд. — Горшае пакуль наперадзе». Адсутнасць аднастайнасці ў барацьбе з інфекцыяй на рубяжы лета і восені зразумелая. Яна адпавядае апасенням эканамістаў, якія перасцерагаюць ад глабальных забаронных мер, калі толькі ў іх не будзе тэрміновай эпідэміялагічнай неабходнасці. Напрыклад, ВУП краін ЕС, як чакаецца, скароціцца на 8 %, а гэта значыць, новы вялікі лакдаўн стаў бы для Еўропы вельмі сур'ёзным выпрабаваннем. На гэтым фоне прэм'еры дзвюх краін, якія больш за ўсіх закранула аднаўленне эпідэміі, — Францыі і Іспаніі — амаль адначасова абвясцілі, што новы вялікі каранцін у іх планы не ўваходзіць.
Вірус побач
Як адзначаюць эксперты, другой хваляй можна лічыць аднаўленне ўстойлівага росту колькасці хворых з кожным днём пасля спаду. Графічна вельмі падобна — колькасць заражаных расце, а потым зноў змяншаецца. Кожны такі цыкл можна назваць «хваляй» віруса. Адзінага яе навуковага азначэння не існуе, таму паняцце трактуюць адвольна, заявіў «Бі-бі-сі» спецыяліст па матэматычным мадэліраванні інфекцыйных захворванняў Уорыкскага ўніверсітэта ў Англіі Майк Тылдэслі. Паводле яго слоў, вучоныя не заўсёды лічаць узлёты і падзенні колькасці хворых хвалямі. Часам гэта проста няроўнасці адной успышкі — менавіта такая сітуацыя зараз у ЗША, кажа Тылдэслі.
Большая частка ўяўленняў аб «другой хвалі» пандэміі звязана з вопытам іспанскага грыпу 1918—1920 гадоў, адзначаюць спецыялісты Цэнтра доказнай медыцыны Оксфардскага ўніверсітэта Том Джэферсан і Карл Хенеган. «Іспанкай» па ўсім свеце заразілася каля 500 мільёнаў чалавек (прыкладна траціна насельніцтва планеты на той момант), загінула, па розных ацэнках, ад 20 да 50 млн чалавек.
Тады захворванне сапраўды выявілася ў трох розных фазах, прычым самай смертаноснай апынулася менавіта другая, адзначылі эксперты Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША — федэральнага агенцтва міністэрства аховы здароўя ЗША (Сеntеrs fоr Dіsеаsе Соntrоl аnd Рrеvеntіоn — СDС).
Ёсць спакуса меркаваць, што каранавірус будзе паводзіць сябе гэтак жа, як іспанка, але пакуль няма падстаў рабіць выснову, што ён таксама залежыць ад сезоннасці, як грып, адзначыў эксперт вірусалогіі Кентскага ўніверсітэта Джэрэмі Росман у калонцы для Сусветнага эканамічнага форуму. «Можна называць рост колькасці хворых як працягам першай хвалі, так і другой хваляй, якая накладваецца на першую», — заўважыла Rеutеrs эпідэміёлаг Школы аховы здароўя Калумбійскага ўніверсітэта Джэсіка Джастман. «Вірус нікуды не выходзіць і не вяртаецца. Ён па-ранейшаму тут. Ён падымаецца ў адных месцах і зніжаецца ў іншых», — растлумачыў агенцтву даследчык Цэнтра па ахове здароўя Джонса Хопкінса Эрык Тонар.
Пакуль расслабляцца заўчасна. Галоўны эпідэміёлаг ЗША Энтані Фаучы адзначыў, што «нельга недаацэньваць патэнцыял пандэміі. Не варта абнадзейвацца і глядзець праз ружовыя акуляры. Мы павінны паводзіць сябе абачліва і перажыць восень і зіму, гэта будзе нялёгка». Варта прыслухацца.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] http://zviazda.by/be/news/20200917/1600321416-generalny-sakratar-aan-zayaviu-ab-vyhadze-situacyi-z-karanavirusam-z-pad
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus