Кіраўніцтва літоўскага МЗС вылузваецца са скуры, каб больш за ўсіх выліць бруду на Беларусь. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у рамках запісу свайго выступу да агульнай дыскусіі 75-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, паведамляе БЕЛТА [1].
Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў нармальных адносінах са сваімі суседзямі. Разам з тым ён са шкадаваннем канстатаваў, што ў апошні час з іх боку няма ніякіх канструктыўных падыходаў. У першую чаргу гэта тычыцца Літвы і Польшчы.
«Асабліва я здзіўляюся некаторым заявам майго калегі (гаворка пра кіраўніка МЗС Літвы. — Заўвага БЕЛТА). У нас быў нябожчык намеснік міністра замежных спраў Пётр Бяляеў, які казаў: ”Яшчэ асноўныя гульцы на сцэну не выйшлі, а малец ужо чачотку б’е". Мой калега, хай даруе ён мяне, нагадвае мне хлапца, які вылузваецца цяпер з скуры, каб больш за ўсіх выліць бруду на Беларусь. Мы разумеем, чаму гэта адбываецца, хутка ў іх парламенцкія выбары. Таму там навыперадкі ўсе бягуць у плане таго, каб ўкусіць як мага больш балюча Беларусь. Перажывём і гэта», - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, літоўскае МЗС неадэкватна ацэньвае сітуацыю і робіць адпаведныя заявы. «Калі яны думаюць, што тым самым умацоўваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, то глыбока памыляюцца. Вядома ж, гісторыя расставіць усё па сваіх месцах. Ведаю, што гэта не спадабаецца, будзе крытыка з яго боку, але я кажу гэта абсалютна свядома, таму што мы шмат разоў гаварылі на гэтую тэму — і адзін на адзін, і ў пашыраных складах. Хацелася б, каб усё ж такі мае калегі спыніліся, задумаліся і паспрабавалі аб’ектыўна, разумна ацаніць сітуацыю і не даводзіць яе да той рысы, калі ўжо вярнуцца назад будзе немагчыма», - падсумаваў Уладзімір Макей.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/politics/view/makej-rukovodstvo-litovskogo-mid-lezet-iz-kozhi-von-chtoby-bolshe-vseh-vylit-grjazi-na-belarus-407382-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey
[3] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[4] https://zviazda.by/be/tags/litva