Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі. Ва ўстанове для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прывыклі ўсё па магчымасці рабіць самастойна. Таму і іконы для храма вырашылі ствараць сваімі рукамі. Сёння пры ўстанове дзейнічае цэлая майстэрня, дзе робяцца ўпрыгажэнні для маленькай царквы.
Каб любіць, трэба верыць
Выхаванцы дома-інтэрната наогул людзі творчыя. У сваіх майстэрнях яны ствараюць неверагодныя рэчы. Таму, калі размова зайшла пра напаўненне капліцы царкоўнымі атрыбутамі, нават сумненняў не было, што ўстанова справіцца сваімі сіламі.
— Нашы падапечныя яшчэ да таго, як мы пабудавалі дом для малітвы, вышывалі іконы, — кажа дырэктар Веснаўскага дома-інтэрната Вячаслаў Клімовіч. — Асабліва прыгожа атрымліваюцца яны ў Вячаслава Браўсава. Яго абразы раз'ехаліся ўжо па ўсім свеце. Іх з задавальненнем бяруць нават за мяжу.
Вячаслаў, дарэчы, займаецца гэтым болей дзесяці гадоў. Кажа, што калі ён вышывае іконы, у яго ўзнімаецца настрой. Першы абраз ён прысвяціў Мікалаю Цудатворцу, а потым вышываў і Ісуса, і Божую Маці... Схемы, ніткі, канву — усё купляе сабе сам або прымае ў падарунак ад знаёмых. Прызнаецца, што аднойчы папрасіў Госпада, каб ён дапамог яму сустрэцца з братам. І цуд адбыўся, брат прыехаў да яго.
— Вера вельмі дапамагае чалавеку ў жыцці — да гэтага асэнсавання кожны з нас аднойчы прыходзіць, — кажа Вячаслаў Клімовіч. — Калі над намі ўзялі шэфства ірландцы, мы шмат чаму ў іх навучыліся. Яны з вялікім хваляваннем адносяцца да веры, любяць бліжняга такім, які ён ёсць. Гэта вельмі складана, але неабходна. Мы яшчэ не ведаем, што нас саміх чакае ў гэтым жыцці.
Летась епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім блаславіў будаўніцтва храма на тэрыторыі Веснаўскага дома-інтэрната. Усё неабходнае стваралася ў тутэйшай сталярнай майстэрні. Пад кіраўніцтвам інструктара па працоўным навучанні Рамана Шпілеўскага выхаванцы рабілі драўляныя дэталі для капліцы, а непасрэдна будаўніцтвам займаўся рабочы па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Дзмітрый Шамятун.
У стылі старадаўняй тэхнікі
Валанцёры падарылі дому-інтэрнату наборы алмазнай мазаікі, і тут вельмі хутка асвоілі новы від майстэрства. Сёння гэты кірунак наогул адзін з папулярных сярод аматараў хэнд-мэйду. Тут не патрэбны ні іголкі, ні ніткі, ні пяльцы — пластыкавыя каменьчыкі прымацоўваюцца да схемы, надрукаванай на паперы. Сваім аграньваннем яны ствараюць зіхаценне, таму і тэхніка называецца алмазнай. Працэс стварэння такіх ікон нагадвае старажытную тэхніку мазаікі. Гатовы выраб можна лічыць сапраўдным творам мастацтва. Для здаровага чалавека нічога складанага ў гэтай тэхніцы няма, хутчэй наадварот. Але для людзей, якія тут жывуць, такая работа — своеасаблівы подзвіг.
Галоўным захапленнем Аляксандра Галдаева з'яўляецца маляванне, хоць ён ад нараджэння не мае ні далоняў, ні ступняў. Ён навучыўся маляваць, заціснуўшы пэндзаль у зубах, і робіць гэта віртуозна. А яшчэ ён шмат часу праводзіць у інтэрнэце і вельмі спрытна карыстацца стылусам. Аналагічным чынам ён збірае і алмазную мазаіку.
Складаней працаваць з ёй Насці Сіваковай, у якой ДЦП і сур'ёзныя праблемы з каардынацыяй рук. Да таго як асвоіла алмазны «жывапіс», яна збірала звычайную мазаіку, рабіла аплікацыі. Алмазная тэхніка патрабуе вялікай дакладнасці ў рухах, і Насця прыкладае шмат намаганняў, каб гэтыя дробныя дэталі траплялі ў патрэбнае месца. У яе гэта звычайна атрымліваецца з другой або трэцяй спробы. Але яна дзяўчына ўпартая.
— Магу сабраць ікону за тыдзень, а магу за два, — кажа Насця. — Усё залежыць ад складанасці работы і настрою. Ужо зрабіла дзве іконы і некалькі карцін.
— Насця наогул малайчына, — радуецца за сваю падапечную выхавальніца Ірына Грышына. — Ёй гэтыя карціны даюцца з вялікай цяжкасцю, таму і больш каштоўныя. Наогул для нашых выхаванцаў гэты занятак вельмі карысны.
У Вольгі Рагайн з маторыкай рук усё добра, яна працуе лёгка і з натхненнем. Любімаму занятку часта прысвячае і свой вольны час. На працатэрапію ў доме-інтэрнаце выдзяляецца максімум чатыры гадзіны, але тым, каму падабаецца гэтым займацца, дазваляюць браць работу на дом.
— На жаль, яны не зусім усведамляюць, хто такія святыя, але інтуітыўна адчуваюць гэтую энергетыку, — кажа выхавальніца. — Вельмі радуюцца, калі прыязджае свяшчэннік і хваліць іх работу.
— На нашых іконах Божанька і Божая Маці, — тлумачаць блізняткі Вольга і Віка Кунцэвіч. І згадваюць, што некалькі разоў былі ў храме і зараз чакаюць, калі адкрыецца іх каплічка.
Гэтага моманту наогул тут чакаюць усе — і выхаванцы, і выхавальнікі. Псіхолаг дома-інтэрната Ірына Саўчук расказвае, што калі ўстанаўлівалі купал і крыж, шмат хто прыйшоў паназіраць за гэтай падзеяй.
— Таму і іконы нашы выхаванцы робяць з вялікім натхненнем, радуюцца, калі бачаць вынік сваёй работы, — кажа псіхолаг. — Вельмі чакаюць таго моманту, калі нарэшце зробленыя імі абразы ўстановяць у капліцы. У нас своеасаблівая ўстанова, тут зусім іншае ўспрыманне рэчаіснасці. Захапленне алмазнай мазаікай дапамагае пазбавіцца ад надакучлівых думак, змагацца са стрэсам, развівае дробную маторыку, што ў сваю чаргу паляпшае работу мозга. Асаблівасць выкладвання абразоў у тым, што гэта ўзмацняе сувязь чалавека з Богам. Можна сказаць, што падчас работы адбываецца маральнае ачышчэнне, развіваюцца найлепшыя якасці асобы — працавітасць, упартасць.
— У нашых выхаванцаў залатыя рукі, яны ўкладваюць у свае вырабы ўсю душу, — дадае дырэктар. — І знаходзяць вялікія сілы, каб выпрацаваць у сабе ўседлівасць і цярпенне. А гэта складана не толькі для іх, але і для кожнага з нас.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Веснаўскага дома-інтэрната
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/religiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/internat
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci-z-asablivascyami-psihafizichnaga-razviccya