«Беларуснафта» да канца года павялічыць колькасць электразаправачных станцый Malanka да больш чым 400, паведамілі БЕЛТА [1] ў прэс-службе прадпрыемства.
Плануецца, што да сённяшніх 270 станцый у краіне ў 2020 годзе дададуцца яшчэ больш за 150. Тады агульная колькасць ЭЗС перавысіць 400 адзінак. «Наша галоўная задача — забяспечваць камфорт кіроўцам электрамабіляў зручным размяшчэннем заправак. Каля гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, на паркоўках супермаркетаў, крамаў мы ўсталёўваем хуткія станцыі. Уладальнік электрамабіля, калі прыязджае ў гандлёвы цэнтр, можа падключыць аўто да зараднай станцыі і ісці па сваіх справах. Калі ён вяртаецца, электрамабіль ўжо зараджаны. Гэта зручна і камфортна», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ВА «Беларуснафта» Андрэй Коцік.
Больш за ўсё электразаправачных станцый у Мінску — 171. У 2020 годзе ў сталіцы запланавана ўстаноўка яшчэ 110 хуткіх станцый. Большасць з іх будуць размешчаны ў цэнтры горада, паблізу гандлёвых, забаўляльных і культурна-спартыўных аб’ектаў. Аднак у спальных раёнах сталіцы вадзіцелі электракараў таксама маюць магчымасць зарадкі.
Паводле ацэнак «Беларуснафты», з пачатку лета колькасць электрамабіляў у Беларусі вырасла ў два разы. Калі ў пачатку вясны гаварылася пра тое, у Беларусі крыху больш за 400 электрамабіляў, то ў пачатку жніўня іх стала больш за 800.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/elektrakar
[3] https://zviazda.by/be/tags/malanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarusnafta