Рыгор БЫСЮК, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»:
— Налета мы будзем адзначаць 50-годдзе мемарыяльнага комплексу, і справядліва будзе сказаць, што ўсе гады найстарэйшая беларуская газета была побач з намі. Пачынаючы з першых рэпартажаў аб адкрыцці велічнага помніка гераічнай абароне пачатку вайны і заканчваючы матэрыяламі пра цяперашнія рамонт, рэканструкцыю, развіццё мемарыяльнага комплексу.
Крэпасць — асаблівы аб'ект, раней для ўсёй вялікай краіны, цяпер — для Беларусі. Сюды прыязджаюць людзі з усяго свету, прыходзяць нашы самыя юныя грамадзяне, каб атрымаць першыя ўрокі мужнасці і патрыятызму. Мы многае робім па стварэнні новых сучасных музеяў, праводзім вялікую асветніцкую работу і, вядома, маем патрэбу ў інфармацыйнай падтрымцы. Таму заўсёды з удзячнасцю ўспрымаем публікацыі пра мерапрыемствы і падзеі мемарыяльнага комплексу, яго гісторыю. Дарэчы, запрашаю ўсіх адзначыць нашы юбілейныя даты ў наступным годзе. 50 гадоў — мемарыялу і 80 гадоў — гераічнай абароне крэпасці.
Як чытачу мне многае імпануе ў вашым выданні. І перш за ўсё, родная мова. Несумненна, сустракаюцца цікавыя матэрыялы на гістарычныя тэмы, артыкулы на тэму адраджэння нашай культурнай спадчыны. Як сенатар мінулага склікання з задавальненнем адзначаю прысутнасць на старонках цяперашніх членаў Савета Рэспублікі, мне цікавыя іх работа, іх меркаванні, грамадзянская пазіцыя.
Запісала Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/rygor-bysyuk