Свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага. Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ падчас правядзення секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці», якая прайшла ў рамках VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Другім мадэратарам — з расійскага боку — выступіла яго калега з Савета Федэрацыі Лілія ГУМЕРАВА.
Моладзь у адказе
Новы відэафармат правядзення мерапрыемстваў форуму не паўплываў на скарачэнне заяўленай раней праграмы: дыстанцыйна паўдзельнічалі ў абмеркаванні актуальнай тэмы расійскія калегі ў маскоўскай студыі, беларускі ж бок выходзіў на сувязь з Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны. Што, дарэчы, было дастаткова сімвалічна: менавіта яе будынак выстаяў у Вялікую Айчынную вайну, адноўлены і працягвае функцыянаваць.
— Несумненна, што ў год 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы не можам пакінуць без увагі пытанні захавання гістарычнай памяці аб нашай агульнай Перамозе, — звярнуў увагу ўдзельнікаў секцыі і прысутных Віктар Лісковіч.
Ён падкрэсліў кроўную сувязь з братэрскімі народамі, разам з якімі папярэднія пакаленні спынілі катастрофу ХХ стагоддзя.
— Але свет ігнаруе трагічныя ўрокі мінулага, — перакананы парламентарый. — І чым далей мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым больш агрэсіўныя і небяспечныя яны становяцца.
Таму, на яго думку, сёння ўсё больш надзённай робіцца неабходнасць не проста захаваць, але і абараніць Перамогу нашых народаў. Цяжар адказнасці за гэта, у першую чаргу, ляжыць на моладзі. Менавіта маладому пакаленню беларусаў і расіян неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб зберагчы мір і спакой у нашых краінах, памятаючы пра тое, праз што давялося прайсці нашым народам.
Дарэчы, як адзначалі выступоўцы, у гэтым кірунку ў Беларусі і Расіі рэалізаваны цэлы комплекс мер на дзяржаўным узроўні, у Саюзнай дзяржаве штогод рэалізуюцца шматлікія праекты, звязаныя са згаданай важнай тэмай. Адным з такіх з'яўляецца будаўніцтва і ўрачыстае адкрыццё сёлета Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату. За кошт сродкаў саюзнага бюджэту ідзе рэканструкцыя аб'ектаў Брэсцкай крэпасці. Так, вялікая работа вядзецца па ўвекавечанні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях, патрыятычным выхаванні ў дзвюх краінах, а ці дастатковая?
Абараніць гістарычную праўду
Нягледзячы на вялікую колькасць кніг і навуковых прац па гэтай тэматыцы, з'яўляюцца і іншыя, асноўны матыў якіх — нежаданне паглыбіць веды аб тым гераічным і трагічным перыядзе, а імкненне да агульнага ачарнення, пошуку пралікаў і памылак савецкага камандавання. На гэту тэндэнцыю звярнуў увагу старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ. Ён нагадаў, што ў шэрагу еўрапейскіх краін і некаторых былых савецкіх рэспубліках сёння руйнуюцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям.
— Так дзякуе сёння «цывілізаваная Еўропа» савецкім воінам, якія выратавалі яе ад карычневай чумы! — падкрэсліў акадэмік.
Ён адзначыў, што калі раней савецкія даследчыкі казалі аб асобных фальсіфікатарах, то сёння гучаць не проста заклікі неанацыстаў, а ўжо прымаюцца рэзалюцыі на ўзроўні міжпарламенцкіх асамблей.
— 3 ліпеня 2009 года Парламенцкая асамблея АБСЕ прагаласавала за прыняцце рэзалюцыі «Аб уз'яднанні падзеленай Еўропы: заахвочванне правоў чалавека і грамадскіх свабод у рэгіёне АБСЕ ў ХХІ стагоддзі», — прывёў ён у прыклад дакумент, які прадпісаў зрабіць 23 жніўня (дзень падпісання пакта Молатава—Рыбентропа) днём памяці ахвяр нацызму і сталінізму. — Ужо праз дзесяць гадоў, 19 верасня 2019 года, Еўрапейскі парламент прымае рэзалюцыю, у якой назваў савецка-германскую дамову аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 года прычынай пачатку Другой сусветнай вайны.
Тым самым фальсіфікацыя гісторыі на Захадзе, упэўнены акадэмік, выведзена на прынцыпова новы ўзровень.
— Калі раней фэйкі агучваліся публіцыстамі ці асобнымі палітыкамі, то цяпер хлусню пачынаюць адкрыта легалізаваць на міждзяржаўным узроўні, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Ён з жалем канстатаваў, што гэтыя і іншыя акцыі парламентарыяў аб'яднаных еўрапейцаў не знайшлі калектыўнага асуджэння з боку ААН. Яны не атрымалі належнай ацэнкі з боку парламентарыяў Саюзнай дзяржавы і краін СНД, адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Ён звярнуў увагу, што сёння часта гучаць негатыўныя ацэнкі падпісання германа-савецкай дамовы аб ненападзенні, аднак трэба памятаць, што да падпісання гэтай дамовы з СССР Германія заключыла такія ж з 12 краінамі. І гэтая — была апошняй у шэрагу іншых.
— Нягледзячы на прымаемыя меры па ўмацаванні абараназдольнасці мяжы, савецкае кіраўніцтва імкнулася «не даць праціўніку нагоды для агрэсіі», не даць ні адзінага шанцу абвінаваціць СССР у правакацыі, паколькі разумела недастатковую гатоўнасць краіны да вайны, — тлумачыць Уладзімір Гусакоў. — Менавіта гэтым збольшага могуць быць растлумачаны вялізныя страты першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны.
У гэтай сувязі нялішне будзе згадаць страты нашай краіны ад гэтай навалы: каля трох мільёнаў чалавек, германскія захопнікі зруйнавалі 209 з 270 беларускіх гарадоў і райцэнтраў, знішчылі дзевяць тысяч вёсак, з іх 5295 спалілі разам з усімі жыхарамі ці часткай насельніцтва, 628 вёсак цалкам раздзялілі лёс Хатыні, з іх 186 так і не адрадзіліся пасля... І на фоне гэтага спробы перапісаць гісторыю выглядаюць асабліва жахліва. Тым больш што жывых сведак ваенных падзей становіцца ўсё менш і менш.
Каб захаваць гэтую памяць і данесці яе да наступных пакаленняў, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ініцыявала ўсебеларускую акцыю «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!».
— Мы звярнуліся да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб'яднанняў, да ўсіх зацікаўленых грамадзян, каб разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і дакументаў, якія захаваліся, удзельнікаў барацьбы з нацысцкімі агрэсарамі ў гады вайны, — праінфармаваў удзельнікаў секцыі Уладзімір Гусакоў. — Сама ідэя атрымала жывы водгук, ужо выдадзена першая кніга народнага летапісу і рыхтуюцца да выдання наступныя тамы.
Ад мінулага да сучаснасці
Якія наступствы ад фальсіфікацыі гісторыі ў сродках масавай інфармацыі? Сваім меркаваннем падзяліўся старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ. Ён перакананы, што кампанія па фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў медыя-асяродку Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы, на жаль, з'яўляецца адным з інструментаў маніпуляцый. У кароткай перспектыве, звяртае ўвагу эксперт, ажыццяўляецца хуткі зрух шырокай грамадскай дыскусіі з разумнай, маральнай і дапушчальнай галіны меркаванняў у вобласць радыкальных, эксцэнтрычных і неймаверных раней ацэнак і сцвярджэнняў.
— Яркім прыкладам такога зруху для Беларусі з'яўляецца так званая новая нармальнасць у дыскусіі аб дзяржаўных і так званых нацыянальных (па факце нацыяналістычных) сімвалаў Беларусі, — кажа Андрэй Крывашэеў. — Відэарад пратэсных дзей пад «бел-чырвона-белымі» сцягамі каля сцен Дзяржаўнага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца відавочным таму сведчаннем. Сцяг, які выкарыстоўвалі калабарацыяністы ў перыяд акупацыі, пад якім праводзіліся карныя аперацыі, масавыя расправы і генацыд быў унесены ў пратэсную свядомасць як сімвал «новай Беларусі». Палітычны крызіс і медыя-агрэсія з боку замежных інфармацыйных агентаў сталі каталізатарам зруху «акна Авертона» ў бок гістарычнага дылентантызму.
На яго думку, адказам на гэта павінна стаць пашырэнне экспазіцыі, прысвечанай трагічнаму перыяду акупацыі беларускай зямлі ў тым самым музеі ВАВ, і ў многіх іншых музеях і архівах краіны.
— Наша журналісцкая адказнасць — паказаць гэтыя гістарычныя факты на мове класічных і новых медыя, праз блогі і дакументалістыку, расследаванні і рэпартажы, — перакананы ён. — Проста замоўчваннем няёмкай гісторыі мы ўжо нічога не даможамся.
Адным з інструментаў у медыя-сферы з'яўляецца рэгулярны Фестываль дакументальнага кіно «Еўразія. DOC», адной з нязменных тэм якога з'яўляецца дакладная рэфлексія аб гісторыі ВАВ. Адкрытыя паказы ў найлепшых кінатэатрах Мінска і Смаленска, панэльныя дыскусіі, сустрэчы з гледачамі аўтараў, рэжысёраў, гісторыкаў і крытыкаў даюць рэальную зваротную сувязь з грамадствам па ваеннай гістарычнай тэматыцы, перакананы выступоўца, ён жа — выканаўчы дырэктар V Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC».
Дарэчы, сімвалічна, што пяты юбілейны фестываль распачаў сваю работу ў Смаленску 28 верасня — у дзень правядзення тэматычнай секцыі Форуму рэгіёнаў у беларускай сталіцы. Цэнтральная тэма фэсту — перамога савецкага народа над нацыянал-сацыялізмам. З 28 фільмаў 20 прысвечаны гэтай тэме. Андрэй Крывашэеў, між іншым, прапанаваў арганізаваць публічныя паказы найлепшых стужак фестывалю ў рэгіёнах Беларусі і Расіі. Суправаджаць такія паказы адкрытым дыялогам і вострай дыскусіяй аб падзеях і людзях, якія рабілі агульную гісторыю Перамогі.
Мадэратары — Віктар Лісковіч і Лілія Гумерава — неаднойчы падчас работы секцыі падкрэслівалі неабходнасць стымулявання даследчай работы сярод моладзі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, папулярызацыі яе вынікаў у сеціве і прасоўвання гістарычна-турыстычнага кірунку, калі магчыма ўвачавідкі пераканацца, якія могуць быць трагічныя наступствы ад гістарычнай непамятлівасці... І сёння галоўная задача — выратаваць гістарычную праўду аб Перамозе ад нападак, якія імкнуцца перавярнуць кола гісторыі.
Падчас работы тэматычнай секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадскай адказнасці» ў дворыку і ў памяшканні НАН Беларусі разгарнулася інтэрактыўная выстаўка.
Яе наведвальнікі маглі дзякуючы архіўным дакументам, фатаграфіям, кнігам і гістарычным артэфактам убачыць гераічны і перамаганосны шлях народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На вуліцы разгарнулася экспазіцыя ваеннай тэхнікі таго перыяду, можна было зазірнуць у партызанскі штаб і камсамольскі лагер, пачаставацца смачнай салдацкай кашай.
У фае дзейнічалі выстаўкі, якія прэзентавалі розныя тэматычныя праекты. Напрыклад, электронны партал «Партызаны Беларусі», дзе ўжо сабраны імёны амаль ста тысяч герояў, якія набліжалі Перамогу не ў шэрагах дзеючай арміі.
Цікавы аказаўся і праект «Зорка на карце», дзякуючы якому створана інтэрактыўная карта з адлюстраваннем воінскіх пахаванняў і помнікаў, прысвечаных вызваленню нашай краіны. А выстаўка арыгінальных сцягоў Перамогі, якую зладзіў Дзяржаўны музей гісторыі Узброеных Сіл Беларусі, прыцягнула асаблівую ўвагу наведвальнікаў — не кожны дзень можна ўбачыць унікальныя палотнішчы, некаторыя з якіх былі ўзнятыя над рэйхстагам…
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-liskovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/liliya-gumerava
[8] https://zviazda.by/be/tags/vii-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii