Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду аб актуальных пытаннях развіцця дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Гэта тэма знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы. Напачатку гэтага года ён наведваў [4] «Завод газетнай паперы» пад Шкловам, дзе рэалізуецца буйны інвестыцыйны праект, а таксама падпісаў указ [5], які датычыцца вытворчасці кардону для ўпакоўкі ў Добрушы.
«Як мы з вамі і дамаўляліся, пасля выбараў мы вярнуліся да тэмы дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Я хацеў бы ў плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў пачуць сёння адказы на шэраг пытанняў», — абазначыў тэму нарады Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што прадмет размовы — найважнейшая стратэгічная галіна нашай эканомікі, «іншай такой няма».
«Маючы значныя запасы аднаўляльных лясных рэсурсаў, мы абавязаныя забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне з максімальным эфектам», — запатрабаваў ён.
Прэзідэнт нагадаў пра прынятыя рашэнні аб тым, што беларускія прадпрыемствы самі павінны атрымліваць увесь дабаўлены кошт, і для гэтага шмат ужо зроблена: мадэрнізаваная асноўная база, рэалізуюцца праекты ў цэлюлозна-папяровай галіне.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што накіраваныя ў гэтую сферу немалыя фінансавыя рэсурсы сябе апраўдваюць.
«Захаваныя працоўныя калектывы на прадпрыемствах, якія без мадэрнізацыі сёння ўжо не існавалі б, — сказаў ён. — Створаныя тысячы новых працоўных месцаў, у некалькі разоў павялічаныя аб’ёмы перапрацоўкі драўніны і экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю».
Аляксандр Лукашэнка пахваліў кіраўніцтва канцэрна за паказчыкі экспарту.
«Галіна ў цэлым упэўнена развіваецца і паказвае станоўчыя вынікі. Тым больш, што дзяржава надае і будзе надаваць гэтаму пытанню самую пільную ўвагу», — запэўніў Прэзідэнт.
У снежні мінулага года на нарадзе [6] быў разгледжаны ход рэалізацыі найбольш праблемных інвестыцыйных праектаў, па выніках былі прынятыя рашэнні, вызначаныя тэрміны, і цяпер кіраўнік дзяржавы хацеў бы даведацца, як гэтыя праекты рэалізуюцца. Пры гэтым ён папярэдзіў, што ніякія агаворкі па ссоўванні тэрмінаў не прыме.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў тры блокі пытанняў, адказы на якія жадае ведаць.
«Па-першае, як у цэлым ідуць справы ў дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіне? Па-другое, як паўплывала эпідэмія каранавіруса на рэалізацыю найважнейшых інвестыцыйных праектаў у Светлагорску, Добрушы і Шклове? Па-трэцяе, якія перспектывы будаўніцтва папяровых і ўпаковачных вытворчасцяў бачыць кіраўніцтва канцэрна?».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што шмат увагі надаваў апошняй тэме падчас выбараў, калі заходзіла гутарка пра неабходнасць рэформаў
«Вось рэформы. Трэба развіваць і паглыбляць (галоўнае — паглыбляць!) вытворчасць, якая заснаваная на лясных рэсурсах. Калі мы навучыліся рабіць паперу, цэлюлозу і іншае, гэта ў пэўнай ступені паўфабрыкат. Дык давайце глыбей пойдзем і зробім той жа кардон, — патлумачыў ён. — Не будзем завозіць яго з Польшчы і Германіі, дзе яго вырабляюць з нашай цэлюлозы. І гэта трэба рабіць неадкладна».
«У нас няма залежнасці сёння ад аднаго нейкага канкрэтнага рынку», — заявіў кіраўнік канцэрна.
Па яго словах, прадпрыемствы прадаюць за мяжу па сусветных цэнах 75 працэнтаў вырабленай прадукцыі, сярэдняя рэнтабельнасць па галіне вышэй за сем працэнтаў, заробак забяспечаны прадукцыйнасцю.
Старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіл Касько паведаміў, што галіна, за якую ён адказвае, працуе стабільна, выконваюцца ўсе, акрамя аднаго (экспарт), паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Што тычыцца экспарту, разам з тым дасягнутая дыверсіфікацыя рынкаў, да якой імкнуцца ўсе беларускія вытворцы — «30-30-30».
«У нас няма залежнасці сёння ад аднаго нейкага канкрэтнага рынку», — заявіў кіраўнік канцэрна.
Па яго словах, прадпрыемствы прадаюць за мяжу па сусветных цэнах 75 працэнтаў вырабленай прадукцыі, сярэдняя рэнтабельнасць па галіне вышэй за сем працэнтаў, заробак забяспечаны прадукцыйнасцю.
Да ведама:
Згодна інфармацыі, падрыхтаванай «Белляспаперапрамам» да нарады, за студзень — жнівень тэмп росту індэкса прамысловай вытворчасці па арганізацыях канцэрна склаў 102,5 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года, тэмп росту экспарту забяспечаны на ўзроўні 100,2 працэнта. На знешнія рынкі пастаўлена прадукцыі амаль на 378 мільёнаў долараў. З агульнага аб’ёма экспарту больш за палову прадукцыі пастаўляецца ў краіны далёкага замежжа.
Зараз арганізацыямі канцэрна рэалізуецца тры значныя праекты ў цэлюлозна-папяровай галіне: стварэнне вытворчасці паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў у Шклове [4] , вытворчасць мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы [7] і выкананне мерапрыемстваў у рамках другой чаргі праекта па будаўніцтве цэлюлознага завода ў Светлагорску.
На шклоўскім Заводзе газетнай паперы «Аснова» пастаўка, мантаж і наладка абсталявання для новай вытворчасці адбываецца згодна з графікам. На заводзе з 2016 года ўжо выпускаецца афсетная папера, з 2017-га — папера-аснова для падлогавых пакрыццяў (гегенцуг) і крафт-папера, засвоены выпуск некалькіх колераў паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Увод аб’екта ў эксплуатацыю плануецца забяспечыць да канца гэтага года з наступным паэтапным засваеннем праектных магутнасцяў.
Сёлета, пасля прыняцця адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы [8], адноўленыя работы па будаўніцтве завода ў Добрушы. На тэрміны работ па гэтым інвестыцыйным праекце негатыўна паўплывала эпідэміялагічная сітуацыя ў Еўропе: спецыялісты аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая адказвае за запуск асноўнай тэхналагічнай лініі, змаглі прыбыць на аб’ект са спазненнем на два месяцы. Пры гэтым беларускі бок прыняў усе магчымыя меры, каб паскорыць работы: спачатку ўзаемадзеянне з аўстрыйскімі партнёрамі адбывалася ў фармаце відэаканферэнцый, потым за імі быў адпраўлены адмысловы самалёт, нарэшце сама работа аўстрыйцаў цягам двух тыдняў была арганізаваная ноччу, каб выключыць іх кантакты з прадстаўнікамі беларускіх падрадных арганізацый і спецыялістамі фабрыкі.
У Светлагорску новая вытворчасць ужо працуе. За 9 месяцаў сёлета выраблена 183 тысячы тон таварнай беленай цэлюлозы (65–70 % ад праектнай магутнасці).
На «Светлагорскім ЦКК» вядуцца работы па запуску другога комплексу — па вытворчасці віскознай цэлюлозы. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы рэалізуецца праект па вытворчасці мяшочнай паперы.
Гэта новы інвестыцыйны праект, патлумачыў журналістам пасля даклада кіраўніку дзяржавы старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіл Касько.
На прадпрыемстве ў Светлагорску плануецца ўсталяваць папераробчую машыну па вытворчасці крафт-мяшочнай мікракрапіраванай паперы прадукцыйнасцю 150–160 тыс. тон у год.
«Машына будзе выпускаць паперу, з якой малы і сярэдні бізнес зможа вырабляць тару і ўпакоўку, — сказаў Міхаіл Касько. — Напрыклад, для ўпакоўкі сухога малака, сухіх будаўнічых сумесяў, цэменту. Гэты рынак расце. Нядобра нам адпраўляць за мяжу, па сутнасці, паўфабрыкаты ў выглядзе цэлюлозы (хоць гэта таксама рэнтабельна). Нам лепш перапрацоўваць яе ва ўпаковачныя віды паперы і пакідаць у сябе ў краіне яшчэ большы дабаўлены кошт. Калі цэлюлоза прадаецца на рынку прыкладна па $400–420 за тону, то пакавальную паперу беларускае прадпрыемства разлічвае прадаваць па $650. То бок, гэта дадатковая выручка $250 на тоне, якую атрымае Светлагорскі ЦКК для таго, каб у тым ліку паскорыць вяртанне раней узятых інвестыцыйных крэдытаў».
Арыенціровачны кошт папяровай машыны можа скласці каля 56 млн еўра (такая сума, напрыклад, паказаная ў сказе фінскай кампаніі Valmet). Кошт рэалізацыі ўсяго праекта «пад ключ» ацэньваецца прыкладна ў 126 млн еўра, якія плануецца ўзяць у крэдыт у ААТ «АСБ Беларусбанк».
Што тычыцца папярэдняга інвестпраекта на Светлагорскім ЦКК, то яго рэалізацыя ў цэлым завершана. Другую яго чаргу — па вытворчасці віскознай цэлюлозы плануецца запусціць у канцы кастрычніка — пачатку лістапада.
Міхаіл Касько лічыць, што мадэрнізацыя цэлюлозна-папяровай прамысловасці можа стаць новым драйверам росту для эканомікі галіны, як гэта ў свой час здарылася з мадэрнізацыяй плітачных заводаў. «Яны сталі драйверам росту мэблевай прамысловасці. За апошнія пяць гадоў у Беларусі колькасць вытворцаў мэблі вырасла ўдвая. Сёння такім жа драйверам росту можа стаць цэлюлозна-папяровая прамысловасць, калі кардон і папера, якую мы будзем у сябе рабіць, будзе ператварацца ў паліграфічную і пакавальную прадукцыю», — падкрэсліў кіраўнік канцэрна.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://www.zviazda.by/be/news/20200124/1579857192-prezident-zdzyaysnyae-pracounuyu-paezdku-u-shklouski-rayon
[5] http://www.zviazda.by/be/news/20200211/1581402010-prezident-padpisau-ukaz-ab-realizacyi-investpraekta-na-dobrushskay.
[6] http://www.zviazda.by/be/news/20191217/1576571877-prezident-patrabue-maksimalnuyu-addachu-ad-kozhnaga-ukladzenaga-u-ekanomiku
[7] http://www.zviazda.by/be/news/20200204/1580799396-alyaksandr-lukashenka-navedvae-dobrushskuyu-papyarovuyu-fabryku-geroy-pracy
[8] http://http://www.zviazda.by/be/news/20200211/1581402010-prezident-padpisau-ukaz-ab-realizacyi-investpraekta-na-dobrushskay
[9] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[10] https://zviazda.by/be/tags/drevaapracouchaya-pramyslovasc