На Гомельшчыне маладзёжны форум аб'яднаў у моцную творчую каманду больш за тры з паловай тысячы хлопцаў і дзяўчат з розных куткоў рэгіёна і гасцей вобласці.
Форум разгарнуўся на тэрыторыі абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і на базе Цэнтра інклюзіўнай культуры. Тут, дарэчы, удзельнікаў чакала адно з цэнтральных мерапрыемстваў — адкрыты дыялог «Беларусь — гэта МЫ!» Ён прайшоў у нестандартным фармаце бліц-меркаванняў. На пляцоўцы свае ідэі, прапановы, заўвагі маглі агучыць лідары маладзёжнага руху, прадстаўнікі вертыкалі ўлады, дэпутаты. Удзельнікі абменьваліся ідэямі і вялі перакрыжаванае апытанне.
Напрыклад, востра абмяркоўвалася тэма так званай інфармацыйнай вайны ў інтэрнэт-прасторы. Удзельнікі пляцоўкі гаварылі пра неабходнасць стварэння медыя-холдынга, які будзе адлюстроўваць сітуацыю па розных кірунках. Як прыклад удалага фармату быў названы Telegram-канал «Пул Першага».
Падчас адкрытага дыялогу згадалі і плённы вопыт работы маладзёжнай пляцоўкі «Рух НАПЕРАД». Яна акумулюе ініцыятывы і праекты актыўных прадстаўнікоў маладога пакалення. На цяперашні момант вылучана мноства прапаноў, якія актыўна адпрацоўваюцца, адзначыў старшыня маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ягор Макарэвіч.
— Некаторыя прапановы скіраваны на доўгатэрміновую перспектыву. Напрыклад, яны датычацца ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. Ёсць і больш лакальныя ініцыятывы: паляпшэнне гарадскіх інфраструктур ці змена адукацыйных праграм. Мы разглядаем іх усе, каб затым перадаць у профільныя ведамствы, заканадаўцам, магчыма, прапанаваць да разгляду на будучым Усебеларускім народным сходзе, — адзначыў лідар маладзёжнага парламента. Ён падкрэсліў, што моладзь гатовая не проста ўключацца ў дыялог, але і сачыць за рэалізацыяй сваіх ініцыятыў.
Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі ўпэўнены: у Беларусі заўсёды ўмелі слухаць і чуць галасы маладых.
— У нас выдатная, актыўная, крэатыўная моладзь. І менавіта ад яе павінен ісці пасыл і прапановы для органаў улады. Нам важна, якім маладыя бачаць развіццё краіны ў будучыні, — сказаў ён.
Між тым у кожным горадзе рэгіёна павінны існаваць цэнтры прыцягнення актыўнай мэтанакіраванай моладзі. Такую думку выказаў член Савета Рэспублікі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк.
— Як адзначае Прэзідэнт, у моладзі і грамадскіх арганізацый павінны быць не толькі прапановы, але і пэўныя справы. На форумах мы абмяркоўваем ініцыятывы, што паступаюць, і ў далейшым будзем думаць, як іх ажыццявіць, — падкрэсліў Дзмітрый Варанюк. — Адна з прапаноў — ствараць крэатыўныя прасторы для моладзі. Тут можна, напрыклад, арганізоўваць семінары, чытаць кнігі, гуляць у настольныя гульні. І такія цэнтры маладзёжнага прыцягнення павінны быць у кожным раёне, кожным невялікім горадзе, — падзяліўся Дзмітрый Варанюк.
У фармаце відэазвароту ўдзельнікаў форуму вітаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Губернатар звярнуў увагу на тое, што сёння важна захаваць незалежнасць і цэласнасць дзяржавы. Ён заклікаў не паддавацца на правакацыі, бо ўсе супярэчнасці можна вырашаць толькі ў канструктыўным дыялогу.
Насычаная праграма форуму прапанавала ўдзельнікам шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі і прэзентацыі. Госці змаглі акунуцца ў атмасферу працоўных будняў студатрадаў. Актывісты расказалі аб профілях студэнцкага руху.
Аматарам сучаснага мастацтва прапанавалі міні-курс па бодзі-арце і пляценні кос. Паралельна праходзіла выстаўка маладзёжных фотапраектаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-geta-my