Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў верасні ў параўнанні са жніўнем склаў 100,9 %, паведамляюць спецыялісты Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
А вось змяненне сённяшніх цэн да цэн верасня мінулага года (гадавая інфляцыя) роўнае 6,1 %. Калі гадавая інфляцыя па харчовых таварах у 5 % якраз адпавядае запланаваным паказчыкам Нацбанка (5 % — цэны снежня гэтага года да снежня мінулага), то нехарчовыя тавары за год падраслі ўжо на 6,8 %, а паслугі — на 6,9 %.
Нягледзячы на тое, што ў нас цяпер у разгары сезон сельскагаспадарчых кірмашоў, у цэлым па статыстыцы гародніна падаражэла на 3,3 %. І гэта пры тым, што «асноўная» гародніна, якую мы запасаем на зіму, у верасні крыху патаннела. Знізіліся цэны на свежую белакачанную капусту, буракі, моркву і салодкі перац. Падзенне цэн на бульбу было самае максімальнае —11,8 %. Але выніковую статыстыку «падпсавалі» новыя цэны на свежыя агуркі і памідоры (плюс 31,5 % і плюс 24 % адпаведна).
Акрамя бульбы, сезонна патаннелі прасяныя крупы (мінус 2,9 %) і грэчка (мінус 1,7 %), а таксама нязначна — ячныя крупы (мінус 1,4 %), рыбныя паўфабрыкаты, кава (мінус 0,7 %), кефір (мінус 0,3 %) і ёгурт (мінус 0,2 %).
За мінулы месяц з мяса прыкметна падаражэла свініна, у сярэднім яна стала даражэйшая на 3,1 %. Таксама больш сталі каштаваць такія прадукты, як алей (плюс 2,6 %), морапрадукты, аўсяныя шматкі (плюс 2,2 %), шліфаваны рыс (плюс 2,1 %), курыныя яйкі (плюс 2 %), куры і макароны (адпаведна — плюс 1,2 % і плюс 1 %). Рыба і рыбныя прадукты ў цэлым падаражэлі на 2,2 %.
Сярод непрадуктовых тавараў у верасні сталі даражэйшыя электрасокавыціскалкі і бытавыя электрычныя радыятары (плюс 6,1 %), а таксама абутак (плюс 5,3 %) і гаспадарчае мыла (плюс 4,5 %). Мэбля ў цэлым падаражэла на 3,5 %. Затое патаннелі абрусы (мінус 1,1 %), мыйныя сродкі (мінус 0,5 %) і пакрывалы (мінус 0,4 %).
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: voksvet.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/bulba
[4] https://zviazda.by/be/tags/koshty